Але ўсюды ціха, толькі шамаціць у страсе халодны вецер ды недзе на дарозе гудзе машына. Яна, відаць, набліжаецца, буксуе, пэўна ў калдобінах тых, ля пагорка. Знячэўку сіняватае дрыготкае святло яе фар слізгае па вокнах і кладзе ў куце пад столлю вузенькую бліскучую паску. Машына гудзе бліжэй, паска паволі сунецца па закураных, патрэсканых бярвеннях, шырэе; з’яўляюцца чорныя палосы рамы, і вось ужо на сцяне — бліскучы косы адбітак Тэклінага акна з адной чорнай заткнутаю шыбай. Акно ўсё хутчэй слізгае па сцяне ў другі кут і ўрэшце знікае, асвяціўшы на момант вялізны цвік і каўнер павешанага на ім кажушка. У хаце зноў робіцца цёмна, машына з цяжкім ляскатам і гулам мінае Тэклін падворак.
Тэкля нерухома слухае, думае сваё і раптам усхопліваецца ад новай надзеі. А можа, гэта ён, можа, ён са станцыі прыехаў, стаіць цяпер ля роднае хаты, вось — вось увойдзе. Тэкля ўзнімае голаў, слухае і сапраўды чуе няпэўныя крокі на ганку і ціхі кароткі стук. Ён! Старая ўзнімаецца на печы, спускаецца і, сцягнуўшы за сабою ватоўку, таропка бразгоча зашчапкай. Яна расчыняе дзверы сенцаў — у твар ёй б’е вільгаць і холад восеньскай ночы, наўкола цішыня і цемра. На ганку нікога, на панадворку змрок. З хвіліну яна ўзіраецца ў ноч, слухае, і сэрца яе зноў захлынаецца ад роспачы, не хоча ніяк пагадзіцца з крушэннем надзеі. Асцярожна мацаючы ботамі гразкі дол, яна заходзіць за рог, доўга ўглядаецца ў вуліцу — нідзе нікога.
Потым яна вяртаецца і зноў ляжыць на печы з расплюшчанымі вачыма і слухае, слухае ўсю ноч. Пад ранак жанчына ўсё ж засынае і нібы ў працягу сваіх думак бачыць дзівосны сон.
Бачыць яна: нібы настае новы, заўтрашні дзень — дзень нараджэння Васількі. Яна нешта завіхаецца на панадворку і ўсё пазірае на дарогу, чакае і пэўна ведае, што сёння павінен з’явіцца ён, яе надзея. Жанчына ўсё рыхтуецца да гэтай сустрэчы, але чамусьці няма радасці на яе сэрцы ад хуткага спаткання — нешта замінае ёй, гэтай радасці. Урэшце чаканне сустрэчы і зусім знікае. Жанчына паліць у печы, ёй памагае дачушка Марыська. Яны пякуць бліны і між справай ласуюцца святочным наедкам, зусім забыўшыся ўжо пра Васільку і яго хуткае вяртанне. І раптам суседская Ўльянка стукае і нешта крычыць у акно — Тэклі не чутна слоў, але яна здагадваецца, што гэта вяртаецца ён. Старая выбягае з хаты і бачыць, як на той жа дарозе, што і шаснаццаць год назад, ідзе яе сын, яе дарагі Васілька. Але ён ідзе вельмі марудна, часта спыняецца, становіцца на калені — з ім штосьці здарылася, яму, відаць, вельмі цяжка. Маці, ахопленая нястрымным роспачным хваляваннем, наўпрасткі, праз бульбянішча і гразь, у адной кофце, без хусткі бяжыць насустрач сыну. Яна ўжо ведае, што нешта страшнае, непапраўнае здарылася з яе Васількам. Жанчына, галосячы, падбягае да сына — ён, прыўзняўшыся на руках, ляжыць на дарозе, і яго малады, такі ж, як і шаснаццаць год назад, без ніводнай маршчынкі, твар спагадліва ўсміхаецца. Але што гэта? Чаму ў сына няма ні рук, ні ног, замест іх адны толькі кароткія кульцяпкі? І чаму кроў на яго пілотцы з маленькай зялёнай зорачкай. Маці, млеючы ад жаху, хапаецца за сына, прабуючы ўзняць, і галосіць, а ён спакойна так кажа: «Нічога, мама, усё благое скончылася. Цяпер жыць будзем…»
А потым яна бачыць яго ў роднай хаце, быццам ён сядзіць на покуце і ўжо не ў чырвонаармейскай форме, а ў шэрым пінжачку, які справіў перад вайной, і сур’ёзна кажа маці: «Ну і нічога, хоць я і загінуў, але зноў жывы».
Ад нясцерпных жахаў яна прачынаецца на досвітку і, знясіленая ад перажытага за ноч, нерухома ляжыць, не ведаючы, што і падумаць. Яна прыпамінае сон, удумваецца ў яго адметныя драбніцы, зноў пакутуе ад такога выразнага свежага ў пачуццях відовішча, і чым далей, тым болей у старой мацнее ўпэўненасць, што ён вернецца. Гэтая ўпэўненасць і жаданне, каб усё здзейснілася, ужо не даюць старой чакаць у бяздзейнасці, яна ўзнімаецца, хуценька накідвае на плечы сваю світку. У хаце сцюдзёна, ужо даўно і зусім астыла печ, у вокнах сінее свежы ранак, і Тэкля кідаецца да таго, з разбітай шыбай, каб убачыць дарогу. Але дарогі яшчэ не відно, ледзь-ледзь цямнее пад нізкім хмарным небам пусты пагорак — і ўсё. Старая сноўдае па хаце, не ведаючы, што рабіць, за што ўзяцца, а думкі яе — на той дарозе, і сэрца ўсё больш ахоплівае нецярплівасць. Яна ўжо верыць, што ён недзе вяртаецца, і ўвесь час то падбягае да акна, то выходзіць на панадворак і да болю ў вачах узіраецца ў шэрую далячынь.