Читаем Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 полностью

Не ведаю, аб чым там яны ўдвух гутарылі, дый не да таго было. Я хутка забыўся і на газетчыка, і на Паўлюка таксама. Але вось неўзабаве даходзяць да мяне людскія размовы пра нейкі артыкул. Я — за падшыўку. Гляджу — праўда: «Не зніжаць тэмпаў уборкі», чытаю — пра наш калгас. Усё добра, але ў канцы, быццам цвік у сцяне — нібыта я, старшыня, мала патрабую ад механізатараў, якія часам робяць брак. I подпіс: Павел Апенька. Падзівіўся я, што такі смаркач гэткі падвал адгэхаў, але не стаў злавацца. Хай сабе і не патрабую. Ды і як ад яго патрабаваць, калі яны сёння тут, заўтра там, ды агрызаюцца яшчэ: у нас сваё начальства на ўказкі і гэтак далей. Праўда, сустрэўшы аднойчы гэтага пісаку, я ўкалоў яго ўсё ж: што, маўляў, карэспандэнт, мо’ і ў «Правду» падвал напішаш? Людзі наўкола смяюцца, а ён усё моўчкі стаіць ды сур’ёзна гэтак пазірае.

Маўчаў, а праз нейкі час прыходзіць пісьмо з рэдакцыі — старшыні на рэагаванне, гэта значыць — мне. Чытаю. Аказваецца, гэты Паўлюк напісаў, што старой адзінокай Барысісе не аказваецца дапамога, што ў яе няма дроў і дзіравая страха.

Ну, думаю, ці не сапраўды ўявіў ён сябе карэспандэнтам — вось нарабіў на сваю галаву! Але нешта ж трэба адпісваць — яшчэ новы клопат! Выклікаў я тую Барысіху. «Ты што, — кажу, — не можаш сама папрасіць, калі што трэба?». «Прасіла, — кажа. — Вы абяцалі, дык вось не дачакаюся, мо’ забыліся». Мо’ і забыўся, што ў мяне толькі і клопату, што тая Барысіха, — у мяне вунь дзяржаўныя задачы. Ну, прывезлі дроў, залапілі страху, але я ўжо раззлаваўся на гэтага блазнюка Паўлюка і ўсё збіраўся зайсці на ферму ды як след прабраць пісаку. Збіраўся, збіраўся і дачакаўся на сваю галаву. Праз тыдзень-другі ў той жа газеце — новы артыкул: «У „Новым шляху“ марудзяць з сіласаваннем». Маўляў, засмечаныя ямы, сапсаваныя сіласарэзкі і гэтак далей. I Паўлюкоў подпіс. Ну, што тут зробіш? Я адразу ж бяжком на ферму, а ён якраз там скідае канюшыну з воза. Кажу: ці ты з глузду з’ехаў, хлопец? Не забывайся, у калгасе жывеш, пакуль я над табою начальнік. Май на ўвазе: ты — блазнюк, а я — старшыня. Ты пад лаўкай поўзаў, а я на франтах ваяваў. Словам, даў наганяй. А ён хоць бы слова. Маўчыць, стоячы на возе, і пазірае сур’ёзна, быццам не разумее, хто перад кім вінаваты.

А вінаватым такі аказаўся я. Бухталтар падаў звесткі, што ў нас засіласавана 80 працэнтаў, а на справе было засіласавана толькі 40. Тут я перажыў жахлівыя хвіліны, ледзьве вылез з тае бяды.

Але бяда адна не ходзіць, а за сабою і другую водзіць. Пасля ўсіх гэтых Паўлюковых допісаў камсамол яго сваім сакратаром абраў. I вось пачалі яны на ферме збірацца штосьці — Паўлюк гэты, Гнатанаў, Грышка Бормат і яшчэ куча падшывальцаў з імі. Збіраліся, шапталіся і аднойчы клічуць мяне на камсамольскі сход. Пытанне — аб стане жывёлагадоўлі ў калгасе. Думаў не пайсці, ды разважыў: трэба. Тут з райкома іхняга таварыш і той кірпаты газетчык. Выступалі, выступалі, крытыкавалі — і мяне, і праўленне, і сельсавет — і дагаварыліся да таго, што ў калгасе ёсць прытоеныя каровы на ферме, што дояць 120, а малако здаюць за 95. Тут ужо я не ўтрымаўся і, прыпомніўшы ўсе свае крыўды, страціў раўнавагу і нарабіў сваркі. А яны хоць бы што! Разышліся — і ўчора ў газеце зноў артыкул, ды не звычайны, а фельетон, значыцца, пра мае нібыта махінацыі.

Ну што цяпер будзе — памяркуйце самі. I хто гэта дазволіў, каб нейкі блазан, учарашняе дзіця, маё заслужонае імя няславіў і аўтарытэт падрываў?

Таварышочкі, дарагія, абараніце ад Паўлюка, не дайце загубіць заслужонага чалавека!

[1957 г.]

Незагойная рана

Мінаюць часіны — знікаюць руіны,

Злятаюць з палёў груганы.

І толькі ў сэрцах баляць, не сціхаюць

Незагойныя раны вайны.

Міхась Васілёк

Буяе над абшарамі сцюдзёны асенні вецер, змятае пад прызбы пажоўклае лісце, гайдае мокрае галлё ў садку. Гарэзным свавольнікам выскаквае ён з-за вуглоў на цесны панадворак, цярэбіць саламяную страху хлеўчука, нібы дурэючы, тузае па Тэклінай спіне блытаныя махры яе хусткі. Ад ветру і холаду ў старой макрэюць запалыя вочы, яна раз — пораз выпростваецца і, прыставіўшы да чурбана выслізганае тапарышча, ражком хусткі выцірае слёзы. Потым яна стомлена ўздыхае і акідвае позіркам тыя некалькі паленцаў, што ўжо адсечаны ад жардзіны. Жанчына вельмі стамілася, а насекла столькі, што не хопіць і разу прапаліць у печы. Спачыўшы з хвіліну і аддыхаўшыся, яна зноў прыступае нагой на тую жардзіну і ўзмахвае вышчарбленай сякерай.

Над пустым бульбянішчам Тэклінага агароду, над недалёкім выганам і дарогай, што, узбегшы на ўзгорак, хаваецца ў шэрай далечы, марудна паўзе восеньскі адвячорак. Некуды спяшаюцца імклівыя пакудлачаныя хмары ў небе, за хатамі ў вёсцы трывожна бляе авечка і недзе разважна гяргечуць гусі.

Тэкля сячэ, адпачывае ў кароткіх перапынках і ўвесь час азірае дарогу. Відаць па ўсім, што яна кагосьці чакае, і гэтае чаканне балючым адбіткам тугі і надзеі свеціцца ў яе слязлівых вачах.

Перейти на страницу:

Все книги серии Васіль Быкаў (зборы)

Похожие книги

Музыкальный приворот
Музыкальный приворот

Можно ли приворожить молодого человека? Можно ли сделать так, чтобы он полюбил тебя, выпив любовного зелья? А можно ли это вообще делать, и будет ли такая любовь настоящей? И что если этот парень — рок-звезда и кумир миллионов?Именно такими вопросами задавалась Катрина — девушка из творческой семьи, живущая в своем собственном спокойном мире. Ведь ее сумасшедшая подруга решила приворожить солиста известной рок-группы и даже провела специальный ритуал! Музыкант-то к ней приворожился — да только, к несчастью, не тот. Да и вообще все пошло как-то не так, и теперь этот самый солист не дает прохода Кате. А еще в жизни Катрины появился странный однокурсник непрезентабельной внешности, которого она раньше совершенно не замечала.Кажется, теперь девушка стоит перед выбором между двумя абсолютно разными молодыми людьми. Популярный рок-музыкант с отвратительным характером или загадочный студент — немногословный, но добрый и заботливый? Красота и успех или забота и нежность? Кого выбрать Катрине и не ошибиться? Ведь по-настоящему ее любит только один…

Анна Джейн

Любовные романы / Современные любовные романы / Проза / Современная проза / Романы