— Не! Толькі Сяміпалацінскі. Я не магу даверыцца кожнаму. Маё жыццё дорага мне. Дый ён не мае права без маёй згоды. Сястра! — раптам зычна крыкнуў хворы. На парозе з’явілася маладзенькая сястра.
— Хто мяне аперыруе?
— Доктар Круглікаў.
— Адставіць! Выклікайце Сяміпалацінскага.
— Сяміпалацінскі заўтра дзяжурыць, а сёння Круглікаў, — далікатна растлумачыла сястра.
— Ну і што ж, што заўтра! А ў мяне баліць сёння.
У палаце стала трывожна. Трое хворых насцярожана пазіралі на чацвёртага, а той мятляўся па падушцы, ад болю ці ад нярвознасці скрыгатаў зубамі і, не стрымліваючыся, гучна стагнаў. Дзядзька Міхась спачувальна параіў:
— А ты б спакойна, братка, так яно зручней.
— Пакіньце сабе вашы парады, — буркнуў хворы, і пасля тых слоў ужо ніхто не турбаваў яго.
Тым часам сцямнела, уключылі электрычнасць. Прыйшоў доктар Круглікаў, сёстры. Яны пераконвалі хворага не марудзіць, даводзілі, што выклікаць старога Сяміпалацінскага зараз немагчыма дый няма патрэбы. Аднак на хворага гэтыя довады дзейнічалі, як масла на агонь.
— Як гэта няма патрэбы? — крычаў ён, і ў яго чорных неспакойных вачах кіпела абурэнне. — Вы ведаеце, што значыць жыццё савецкага чалавека? Хіба так вас вучыць партыя берагчы здароўе народа? Я тэлеграфірую міністру. Безабразія, доктар!
Доктар няёмка пераступіў з нагі на нагу і, відаць, не знайшоўшы, што адказаць, коратка заўважыў:
— Ну, ваша справа. Але, каб не было горш.
Ён пайшоў, выразна бразнуўшы дзвярыма, пайшлі і сёстры, а хворы яшчэ доўга абураўся, пагражаў, абяцаў дайсці да Масквы і пакараць медыцыну за няўвагу да яго асобы. Але пасля яму стала горш, і тут ужо было не да пагроз і праклёну. Пакідаўшыся ў ложку, ён гукнуў сястру і аб’явіў, што згодзен на ўсё. Хутка яго панеслі ў аперацыйную.
— Ну, браткі, і фрукт! — сказаў дзядзька Міхась, як толькі зачыніліся дзверы. — Месяц ляжу тут, а яшчэ такога не бачыў. Відаць, нейкі важны чын.
— І глядзі, які фарс: падавай яму Сяміпалацінскага, Круглікаву не давярае, — казаў шафёр. — Сапраўды, хто ж гэта такі?
— Нейкі кіраўнік, відаць, з вобласці, — зазначыў дырэктар. — Там часам бываюць такія крыкуны.
— Ці не з аўтаінспекцыі, — гадаў шафёр.
— Ды ўжо ж, відаць нейкая важная асоба, — круціў галавой дзядзька Міхась. — Як ён гэта наконт здароўя савецкага чалавека, га? Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць.
— Хвацкі чалавек, гэта так, — згадзіўся шафёр.
Аперацыя тым часам прайшла хутка і добра. Праз паўгадзіны хворага прывезлі на высокай калясцы і асцярожна паклалі на ложак. Ён вельмі стагнаў, але не патрабаваў нічога. Шафёр і дырэктар заснулі, а дзядзька Міхась не спаў — глядзеў у столь, усё думаў, хто такі будзе гэты ягоны яршысты сусед. Часам стары неўпрыцям прыглядаўся да яго энергічнага профілю, падцятых вуснаў, і ў старога нараджалася ўпэўненасць, што гэты рашучы і патрабавальны чалавек мае вялікія заслугі, мо’ нават славу і займае пасаду не меней, чым абласнога маштабу.
Уранку хворы аднак прачнуўся даволі спакойны. Востры боль прайшоў ужо, чалавек расплюшчыў вочы і, здаецца, упершыню з увагай агледзеў палату і сваіх суседзяў. Неўзабаве ў палату ўвайшла бабулька-прыбіральшчыца і расчыніла фортку. І тады хворы злосна азваўся:
— Фортку зачыніце!
— Чаму? — здзівілася жанчына. — Хворым жа трэба паветра.
— Мне шкодзіць скразняк.
— Але ж ён не зачэпіць вас. Акно ж у нагах.
— Усё роўна.
Прыбіральшчыца зашчапіла кручок і з пакрыўджаным выглядам узялася за сваю справу. Але тут рашуча сігануў з ложка шафёр, які маўкліва ляжаў дагэтуль, і, нічога не кажучы, злосна штурхнуў фортку.
— Вы па якому праву? — закіпеў хворы, але шафёр ужо нырнуў пад коўдру, злосна буркнуўшы:
— Па такому.
У палаце зноў запахла сваркай. Хворы сказаў доўгую, поўную абурэння прамову аб чуласці да савецкага чалавека. Трое маўчалі. Дзядзька Міхась хітравата падмігваў шафёру і стрымліваў смех. Дырэктар насуплена пазіраў на сварліўца, і яго ноздры нервова раздзімаліся. А той, відаць, зразумеў, што да яго тут ніхто спагадліва не ставіцца.
— Сястра! — закрычаў ён. Сястра хутка прыйшла і спынілася на парозе. — Перавядзіце мяне ў іншую палату, я не магу ў гэтай.
— Чаму? — здзівілася сястра. — Гэта ж самая лепшая палата.
— Стварыце мне належныя ўмовы! Я не магу з гэтымі людзьмі.
— Але ў іншых месцаў няма. Хіба ў калідор?
— Што-о-о?! — чорныя вочы хворага бліснулі лютасцю.
Праз гадзіну сястра прыйшла зноў рабіць уколы. Пакуль яна калола ў руку хворага, ён зыркімі, поўнымі падазронасці вочкамі сачыў за яе рухамі. Потым сястра яшчэ калола шафёра і затым, закруціўшы гумай руку, пачала ўводзіць глюкозу дзядзьку Міхасю. Вочы сварлівага хворага хціва бліснулі.
— А мне што, няма глюкозы?
— Не прызначана.
— Як гэта не прызначана? Я ж аслабеў вельмі.
— Не ведаю, — коратка адказала сястра.
— Безабразія! Куды глядзяць гэтыя медыкі! Паклічце доктара.
— Праз гадзіну абход.
— Што мне абход! Вы лячыць мяне павінны, гэта ваш абавязак, а вы тут бюракрацію заводзіце. Я сёння ж напішу ўсё міністру. Я гэта вам не дарую…