Читаем Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 полностью

…Увесь той вечар у Люсі было вельмі цяжка на душы. Гаспадыня ўжо суцішылася ў спальні, ціха спалі дзеці, а яна ўсё не гасіла святла на кухні і не сцяліла сабе пасцелі. Ей было да млоснасці шкада пакідаць гэтую адзінокую працавітую жанчыну, шкада расставацца з Валерыкам, асабліва з Наташкай, якая пасталела на яе руках і прывыкла да нянькі болей, чымся да маці. Але ў той жа час на сподзе душы варушылася незразумелая і непадуладная ёй крыўда, што вось стала непатрэбнай, лішняй, што яна — чужая.

Назаўтра была нядзеля. Гаспадыня спала даўжэй, чым у рабочыя дні, а Люся ўстала раненька. З неадольным трывожным сумам падняла яна з ложка Наташку, апранула яе і, пакуль на керагазе грэўся чайнік, роспачна туліла малую да сябе, цалавала яе сонныя вачаняты, і сэрца дзяўчыны балюча млела ў грудзях. А Наташка, зранку рвучыся да забаў і цацак, матляла ў яе на руках сваімі босымі, цёплымі са сну ножкамі і, зусім не разумеючы гаротнага болю нянькі, балбатала сваё, дзіцячае, смяялася.

За шырокім акном кухні, якое выходзіла ў сад, паволі зачынаўся пагодны вясновы дзень — самы сумны дзень за апошнія гады Люсінага жыцця. Напеставаўшы Наташку, яна пасадзіла дзяўчынку да цацак, а сама ўзялася гатаваць сняданак. З думак усё не выходзіла самотнае прадчуванне ростані. Праз нятоўстую сцяну чуваць было, як тупацелі па лесвіцы крокі прахожых, і ў Люсі ўвесь час замірала сэрца, як толькі з калідора даносіўся які стук.

Той шматзначны стук, якога яна зранку чакала і баялася, прымусіў яе палахліва ўздрыгнуць. Знячэўку яна выпусціла з рук шчотку, якой падмятала ў калідоры падлогу, нерашуча замерла перад дзвярыма. Яна ўжо ведала, што гэта за ёю, і гатова была ўцячы ад гэтага цвёрдага, упэўненага грукату — яна западозрыла ў ім нешта варожае і нязладнае. Але ўцякаць не было куды, а з пакоя ў адчыненых дзвярах паказалася ў сваім квяцістым халаціку Дзіна Васільеўна — і Люся павярнула ключ.

Дыхнуўшы ў кватэру нябачным воблакам нейкіх вельмі салодкіх духоў, парог пераступіла поўная, немаладая ўжо кабета, з маладжавым дагледжаным тварам. Падцяўшы пульхныя нафарбаваныя вусны, яна кінула на Люсю кароткі, усё разумеючы погляд, з прывычнай ветлівасцю заўсміхалася, калі ўбачыла Дзіну Васільеўну.

— Вось, Люся, пазнаёмся, гэта Маргарыта Яўгеньеўна. Яна хоча ўзяць цябе.

— Так, так, — мякка пацвердзіла Маргарыта Яўгеньеўна, уважліва разглядаючы Люсю падфарбаванымі вачыма. — У нас сям’я невялікая, малых няма, работы будзе нямнога. Галоўнае — уборка, ну там які сняданак, какава ды пакупкі. У мяне хворае сэрца, я не магу бегаць па магазінах, муж заняты, а Ігарок не вялікі памочнік маці; ведама, юнак, у яго свае інтарэсы.

Яна пазірала на Люсю, чакаючы згоды, а можа і адкрытай радасці ад яе паведамлення пра добрыя ўмовы. Але дзяўчына круціла гузік на сваім сарафане і маўчала.

— Ну дык як, дзетка? — пасля паўзы запытала Маргарыта Яўгеньеўна. — Ты згодна?

Люся ўсё маўчала, хоць ведала, што трэба нешта сказаць. Але новая гаспадыня нечым адштурхоўвала. Можа таму, што сваёй напышлівасцю і яўна задаволеным выглядам зусім не падобна была на сціплую, ціхую і такую прывычную Дзіну Васільеўну…

— Ну, яна згодна, толькі не кажа. Яна, ведаеце, гордая дзяўчына, — лагодна зазначыла Дзіна Васільеўна, і ад гэтага яе тону Люсі стала безнадзейна горка і сумна.

— Тады збірайся, дзетка, а то мяне чакае таксі. Я думаю, што ты не пашкадуеш…

Яна ўзнялася з крэсла, укормленая, у дарагіх панчохах, з бранзалетамі на ружовых запясцях. Люся, як толькі мела сілы, сціснулася, быццам каленам прытаптала ўсеабдымную роспач, і пайшла на кухню збіраць свой нямудры набытак. Яна павыцягвала ўсё з гаспадынінага чамаданчыка, якім карысталася, і, падумаўшы, завязала клункам у вялікую маміну шарсцяную хустку. Наташка ў новых сандаліках, прыбраная і святочная, тупала побач, усё шчабечучы неразумнае, а Валерка, нешта зразумеўшы, насупіўся і, стоячы ля дзвярэй, моўчкі назіраў за зборамі нянькі.

— А чаму ты пойдзес да гэтай цёткі? — запытаў ён.

— Так трэба, Валерка, — дрыгануўшым голасам адказала Люся.

— А ты не ідзі да яе. Я цябе не пушчу…

Люся прыкусіла губу і маўчала.

— Я пайду скажу мамцы, каб яна прагнала яе.

— І я пайду з табой, і я… — раптам зразумеўшы, што нянька кудысьці збіраецца, загаманіла і Наташка.

— Не, Наташачка, я цябе не вазьму, бо ўжо не буду болей з табою гуляць; ты пойдзеш у садзік, — сказала Люся.

Ей стала дужа шкада гэтай выпеставанай ёю дзяўчынкі, з якою толькі яна адна і ўмела ладзіць; падумалася, што ў садзіку дзяўчынку будуць крыўдзіць, і Люся не будзе ўжо мець да яе ніякага дачынення. Ад гэтай матчынай жаласлівасці ці яшчэ ад чаго яе вочы наліліся слязьмі, следам голасна заплакала і Наташка. На плач дачкі прыбегла Дзіна Васільеўна, яна схапіла Наташу на рукі, але тая ўсё плакала і рвалася да нянькі.

Развітанне было пакутлівым і горкім.

Перейти на страницу:

Все книги серии Васіль Быкаў (зборы)

Похожие книги

Музыкальный приворот
Музыкальный приворот

Можно ли приворожить молодого человека? Можно ли сделать так, чтобы он полюбил тебя, выпив любовного зелья? А можно ли это вообще делать, и будет ли такая любовь настоящей? И что если этот парень — рок-звезда и кумир миллионов?Именно такими вопросами задавалась Катрина — девушка из творческой семьи, живущая в своем собственном спокойном мире. Ведь ее сумасшедшая подруга решила приворожить солиста известной рок-группы и даже провела специальный ритуал! Музыкант-то к ней приворожился — да только, к несчастью, не тот. Да и вообще все пошло как-то не так, и теперь этот самый солист не дает прохода Кате. А еще в жизни Катрины появился странный однокурсник непрезентабельной внешности, которого она раньше совершенно не замечала.Кажется, теперь девушка стоит перед выбором между двумя абсолютно разными молодыми людьми. Популярный рок-музыкант с отвратительным характером или загадочный студент — немногословный, но добрый и заботливый? Красота и успех или забота и нежность? Кого выбрать Катрине и не ошибиться? Ведь по-настоящему ее любит только один…

Анна Джейн

Любовные романы / Современные любовные романы / Проза / Современная проза / Романы