«Здаўся ўспамінаць свае 17 гадоў, на якіх у свой час прыкметна не затрымаўся душою. Быў тады другакурснікам, жыў драбязою і лухтою, неакрэслена чакаў нейкіх поспехаў у гадах дарослых. Але амаль несвядома пачынаў разумець, што пражытае павінна ўжо мець нейкую каштоўнасць. Завёў — запісныя, у якіх занатоўваў, канспектаваў кавалкі біяграфіі; перапісваўся з адной цудоўнай дзяўчынкай з-пад Вільнюса (яна ў мяне верыла гадоў 4—5, пакуль час не прымусіў яе ісці замуж), любіў «Марціна Ідэна» Джэка Лондана, вучыў на памяць Ясеніна і Баратынскага і бесклапотна транжырыў час. Па сутнасці быў яшчэ натурай і поглядамі школьнік, а студэнтам стаў пазней — з 18-ці, а ў даросласць неахвотна зазірнуў у 21 (школа), але тады яшчэ трымаўся па-школьнаму перад людзьмі паважнымі, санавітымі, нават не даючы ацэнкі іх нікчэмнай тупасці.
...Я і тады нешта шукаў, да нечага імкнуўся, але вельмі няспешна, неабдумана, пра што шкадую зараз, Бо я зараз — як тэнар, сіл хапае толькі на абмежаваную працу.
Зрэшты, што табе да гэтага. Пад твае 17 гадоў ты жывеш, мабыць, разумней, хаця — я так думаю — любосці цябе яшчэ ой пакруцяць. Пакуль што я рады, што Ты разам з усімі скарбамі маладосці — сонцам, бесклапотнай добрай верай у будучыню — не лянуешся браць і багацце кніг, усялякай надзейнай і карыснай навукі».
21.VIII.
За спіною месяц адпачынку, 17 дзён — Нарач. Я згубіўся ў знаёмым нарачанскім, згубіў сябе ў душэўнай бяздзейнасці. Хацеў вызваліцца ад думак, кніг, трывог і — так і выйшла. Толькі чамусьці не стала лягчэй, а на пласты былых хваляванняў наслоілася новая туга.
...Спякотныя дні, зольны пясок, ціхае цёплае возера — пачатак. Валейбол, спартлагер, плюс дзеці... Толя Кудравец, з якім шмат хадзілі, дружылі, гаварылі. ён — са сваёй заўсёднай роўнасцю гаворкі і справы. Можа, нават адзін другога вызвалялі ад адзіноты.
28. VIII.
Невыносны цяжар хатняй блытаніны, у якім умее неяк трымацца толькі мама... Так, даўно мне патрэбна кватэра.
Гэта — самая бедная мая запісная. Як быццам не жылося, ні пра што не думалася... Мімалётная думка, што туга — маё і не толькі маё галоўнае, бо без яе яшчэ нічога я не ўбачыў новага і не правёў старога, праз яе не прайшла ніводная навіна, ніводзін факт...
Ажыўлены перадвераснёўскі горад. Нейкая сытнасць і заможнасць. I адусюль— штуршкі бяды, гора, зло. Злачынствы, аварыі, катастрофы, непаразуменні. Напрыклад — учора авіацыйная аварыя: с&малёт рассек агароджу, пакалечыла лётчыкаў (у момант пасадкі асляпіла маланка).
5.IX.
Імклівы бег жыцця. Рэцэнзія на Кісліка, стол завалены кнігамі.
Ахматава: .
Одни глядятся в ласковые взоры,
Другие пьют до солнечных лучей,
А я всю ночь веду переговоры
С неукротимой совестью моей.
23. X.
Катушок, у які я пасяліўся на Даўгінаўскім завулку, надарае жыццём, несумяшчальным настолькі з маім здароўем, што я быў у роспачы і, не бачачы выхаду, стагнаў ажно ад пакуты. У гэтай хаціне, адчулася адразу, жыць не змагу.
Вялізны ложак, які служыць сталом. Клетка-камера. Нашу з сабой у папцы кефірную бутэльку. Звечара — духата, пад ранак холадна.
Верш Зуёнка «Соль» — гімн працы і чалавеку. Дабрата і ласкавасць супакутаваныя. Цудоўны верш, які сведчыць, што не знікае і не знікне вышыня думкі ў сапраўдных паэтаў.
Я пачаў думаць і гаварыць, што «Неман» не па мне. Так. Але што рабіць? ...Ніколі не хацеў бы, каб жылося лягчэй, а толькі — каб справядлівей... Нам наканавана жыць лірычна — са смуткам, тугою, скрухаю, журбою, маркотай.
Радаваўся, што «пайшоў» Хадыка.
«Недаром его (Камю) как философа и как художника так сильно занимал конфликт между абсолютным принципом личной морали и конкретными требованиями жизни, — подобный конфликт он пережил сам и до самого конца своей жизни не нашел удовлетворяющего решения...» Дзива што! Я скамечаны яго «Падением» — прытым не думалася, не аналізавалася, а толькі раскры лася прорва ўласнай душэўнай цемнаты. А яшчэ — я згубна бяднейшы аналізам, пошукам, іроніяй, розумам, чым гэты герой, носьбіт і выкрывальнік грамадскага і асабістага амаралізма.Нашы каты: Дым (паважны, прыстойны і адчувае сябе гаспадаром) і Мурзік (жоўты, сквапны, бурклівы, нахабны прыблуда).
Антон Бялевіч. «Жывыя людзі».
Чаму ты, мой друг, невясёлы?
Пахмурны, як ельнік глухі?..
Мы, братка, з табой не анёлы:
Мам д’ябал адпусціць грахі.
30.X.
У «Полымі» (№ 10) артыкул Кучара «Трывожная памяць». Побач з праваламі, нацяжкамі, апалагетыкай ёсць здорава пра Пташнікава, часткова — пра Стральцова, нават пра Сачанку.
Там жа — у «Полымі». «Справа аб замаху на Леніна» В. Хомчанкі. Яд курарэ ад высокай тэмпературы, якая ўтварылася пры стрэлах, страціў свае атрутныя ўласцівасці.
«Нет в нашей огромной, много читающей стране сегодня такого поколения читателей, сердца которых не сжались бы горестно от печальной вести — на 88 году жизни после тяжелой болезни скончался Корней Иванович Чуковский»...