– Вось і мой фурман Якуш шмат бачыў і чуў у сваім жыцці. Пачне апавядаць – Бог ведае адкуль у яго бярэцца, а ўжо што да ваўкалакаў, дык з першага позірку іх пазнае. Вось акурат перад гэтаю бураю сустракаем мы двух ваўкоў, што спыніліся паблізу ад дарогі. Я бяру стрэльбу і хачу стрэліць. Якуш павярнуўся да мяне і закрычаў: “Не страляй, пане, бо ў іх душы чалавечыя. Калі заб’еш якога, дык душа ягоная пойдзе ў пекла, не адпакутаваўшы за грахі. А за гэта і пан адкажа перад Богам”. Не скончыў ён яшчэ гаварыць, а ваўкі ўцяклі.
Пасля вячэры паклікалі Якуша.
– Ну, Якуш, – сказаў Марагоўскі, – за тое, што гаспадар быў ласкавы пусціць нас на начлег у гэтую лютую буру, раскажы што-небудзь пра ваўкалакаў, толькі глядзі, кажы праўду.
АПАВЯДАННЕ ЧАЦВЁРТАЕ.
ВАЎКАЛАК
– Не ўсё нам у жыцці выпадае бачыць, але раскажу тое, што пачуў ад свайго суседа: пра гаротніка, якога чараўнік перавярнуў у ваўка і які шмат гадоў пакутаваў, блукаючы па лясах.
У адной мясцовасці, недалёка ад горада Невеля жыў селянін; ведалі яго суседзі, і іншыя яго памятаюць; зваўся ён Марка; дзіўнае было ягонае жыццё; ніколі не бачылі яго вясёлым, заўсёды маркоціўся, быў неспакойны, быццам штосьці страціў; любая грамада была яму не да душы. Калі людзі ідуць на кірмаш, пагуляць, паскакаць або збіраюцца ў вольны дзень на ігрышча ля карчмы, дык ён, самотны, заўсёды ці то ў хаце, ці то блукае дзе-небудзь у полі – задумлівы і журботны.
Сёй-той пытаўся ў яго, чаму ён такі, і заўсёды Марка адказваў:
– Шмат я пакутаваў. Нішто мяне ўжо на свеце не займае. Памёр я для свету.
Мой сусед сябраваў з ім, і Марка яму так аднаго разу апавядаў пра сваё жыццё:
– Былі часы, калі я быў вясёлы; аніводная забава, аніводзін кірмаш не абыходзіліся без мяне; гулі і скокі былі ў мяне ў галаве; але гэта не доўга трывала.
Пазнаёміўся я з Алёнаю. Гожая была дзяўчына, дачка заможных бацькоў. Упадабаў яе больш за ўсіх іншых дзяўчат, якіх ведаў; стараўся часцей яе бачыць, бываць у хаце ў яе бацькоў, паказваючы кожны раз маю прыхільнасць. Прыгарнулася і яна да мяне. Праз гэта маё няшчасце і прычынілася.
Багата хто да Алёны заляцаўся ды хацеў за жонку ўзяць, а найпершы быў Ілля. Выведваў ён пра ўсё і дакладваў пану, за што і меў ад яго ласку. Пан яму ва ўсім больш дазваляў, чым іншым; у любую пару меў права лавіць рыбу ў панскіх азёрах, танна купляў жывёлу і выгадна прадаваў; часта пасылалі яго ў горад купіць што-кольвек для двара, і кожны раз ён нешта клаў у сваю кішэню. І гэтак, ашукваючы ў гандлі і абкрадваючы пана, зрабіўся Ілля багатыром; меў шмат прыяцеляў і ласку ад пана, бо той меў яго за самага надзейнага лёкая, любіў і верыў яму больш, чым каму іншаму.
Дык вось пасылае гэты пыхлівы Ілля сватоў да Алёны, але атрымалі сваты гарбуза, бо яна прызналася бацькам, што не любы ёй гэты залётнік.
Ілля, пачуўшы пра гэта, кажа:
– Не Алёніна воля, а панская. Што не схацела рабіць па-добраму, зробіць па ўказу.
Пайшоў ён у маёнтак і дабіўся свайго: загадалі Алёне ісці за яго замуж.
Суседзі, ведаючы пра маю прыхільнасць да Алёны, смяяліся з мяне здзекліва, кпілі з мае някемнасці, з безразважнае любасці ды з адвагі, з якою хацеў я ўсіх, нават багатыроў, змагчы і Алёну павесці да шлюбу. І няраз, раззлаваны такімі з’едлівымі жартамі, адказваў я, што нядоўга Ілля мецьме панскую ласку, а грошы, сабраныя ашуканствам і крадзяжом, шчасця не дадуць, і Алёна была б шчаслівейшая, каб выйшла за чалавека хоць беднага, але пачцівага.
Дачуўся Ілля, што так пра яго кажуць, і паабяцаў помсціць, як толькі выпадзе нагода.
Надыходзіў дзень вяселля; Алёніны бацькі, ведаючы пра маё каханне да іх дачкі, сказалі мне, што волю панскую не пераменіш, хоць яна і несправядлівая і без усякае літасці; прасілі, каб пагадзіўся з лёсам, быў іх прыяцелем і прыйшоў на вяселле. Хоць і неахвота, але згадзіўся я на тое.
Вяселле было шумнае, гасцей болей, чым на кірмашы: маладыя – абое багатыры. Сабраўся люд з усяе ваколіцы, у некалькіх месцах на вольным паветры спявалі і пад музыку скакалі. Алёна была ў шыкоўным строі, усе яе віншавалі, зычачы шчасця і радасці. Сам пан прыехаў на вясельную бяседу. Ілля яго частаваў; пан размаўляў з ім, пахаджваючы між вясельнікамі. Малады прыкмеціў мяне сярод гасцей (я стаяў сумны, бо мяне не толькі нішто тут не займала, а наадварот, уся гэтая весялосць наводзіла нудоту); ён глянуў на мяне са здзеклівай усмешкаю і пайшоў з панам далей.
Праз нейкі час падыходзіць да мяне дудар Арцём, пажылы чалавек, і кажа:
– Чаго сумуеш? Выпі са мною гарэлкі і будзеш весяліцца, як і іншыя, – бярэ мяне за руку і цягне да стала з поўнымі бутэлькамі і закускаю. Не адмовіўся я ад запрашэння. Мы выпілі па два кілішкі гарэлкі. Тут нехта незнаёмы, гледзячы на мяне збоку, сказаў з усмешкаю:
– Ну цяпер ён паскача!
Арцём раптоўна мяне пакінуў, узяў сваю дуду і пачаў іграць, а на мяне напаў яшчэ большы смутак.
Не шмат прайшло часу, як падыходзіць да мяне мой сусед і, гледзячы мне ў вочы, кажа:
– Што з табою? Чаму твой позірк такі страшны, нібы ў звера якога?
Нехта яшчэ абазваўся: