Вечар быў пагодлівы; на захадзе румяніліся воблакі; на пясчаным беразе Дрысы гатавалі вячэру; гарэлі сухія хваёвыя дровы; у ціхай вадзе адбівалася полымя; знаёмыя і суседзі, сабраўшыся ў кола, сядзелі ля вогнішча; яны размаўлялі пра ўваход французскага войска ў Полацак[68]
, пра сутычкі і баі на Белай Русі; і спагада, і смутак, і надзея чуліся ў іх гаворцы. Мяне тым часам займалі срэбраная рыбка, якая падскоквала над чыстай вадою, птушыныя крыкі ў пушчы і вавёрка, што, забегшы на дрэва і пераскокваючы з галінкі на галінку, вабіла мяне ў лясны гушчар. Калі я пагнаўся за гэтым звярком, дык нечакана нібыта гром абазваўся далёка за борам — там, дзе румяніліся на захадзе сонца воблакі. Грымела без супынку, як бы з-пад зямлі. Здзіўлены, я бягу да грамады і пытаюся:— Што гэта? Пэўна, насоўваецца навальніца?
Мой бацька парушыў маўчанне і мовіў:
— Гэта бура ў Клясціцах[69]
, на Пецярбургскім гасцінцы; з далёкіх краёў прыйшла яна сюды, сеючы свінцовым градам; дарэмна імкне на поўнач: і там моцныя вятры і маразы спаткаюць яе.На тварах ва ўсіх відаць была трывога; палахлівыя кабеты са слязьмі на вачах шапталі пацеры: ім думалася, што там кожны стрэл разлучае з жыццём некалькі дзесяткаў чалавек. Яны дрыжалі, нібы перад Страшным Судом, і тая бяссонная ноч прайшла ў размовах. Старыя ўспаміналі мінулае, загадвалі пра будучае; нейкая надзея кволілася ў іх думках. Я ж на крылах хацеў бы ляцець туды, каб убачыць той тэатр вайны і смелых вояў.
А вось непадалёку і тыя цудоўныя малюнкі зарослых гор і лугоў, дзе зіхацяць на сонцы срэбныя струмені і люстэркі рэчак і азёраў. Атоне! Ты цяпер далёка ў чужых краях. Ці ўспамінаеш калі пра хараство роднае зямлі, ці прыходзяць табе ў думкі тыя нашыя вандроўкі, мары, размовы? Тут, захопленыя прыгажосцю прыроды, мы знаходзілі ў кожным месцы багоў старажытных рымлян і грэкаў; тут была наша Новая Аркадыя[70]
. Ля тых ручаёў наяды[71] ўпрыгожвалі свае скроні вадзянымі лілеямі, скакалі па лугах німфы[72], а казланогія сатыры[73] блукалі ў гушчарах. О, шчаслівыя лятункі цудоўнага юнацтва. Калі малады, зямля — рай, усюды дзівосы. Вобраз Старажытнае Грэцыі і ўся мінуласць адрадзіліся ў нашых марах і размовах. Памятаеш, гэтая гара была Алімпам[74], прыстанкам Муз[75] і Апалона[76]; той расквечаны краскамі разлог мы назвалі Тампейскаю далінаю[77]; там — Фермапілы[78], дзе загінуў з невялічкаю жменькаю воінаў Леанід, цар Спарты, што змагаўся з велізарным войскам персаў.У гэты куток зямлі мы хацелі перанесці ўсе дзівосы свету.
Ці памятаеш той дзіўны захад сонца, які бачылі мы колісь, наведваючы гэтыя ваколіцы? Якое цудоўнае было неба! Пасмы густых хмараў расцягнуліся над даляглядам, а іх распаленыя краі гарэлі рубінавым агнём; з воблака лілося, накшталт вадаспаду, чырвонае святло, і, быццам на абразах, залатыя промні, падзеленыя ценямі, стралялі ўгору. Нас захапляў гэты пекны малюнак, а хмары ўсё больш і больш гусцелі, і ўрэшце знікла святло; агонь бліскавіцы прабег па небе, і бузупынна грымела на захадзе. Пастух, гледзячы на неба, сказаў: «Будзе рабінавая[79]
ноч!» — і са сваім статкам паспяшаўся да вёскі. І мы схаваліся ад навальніцы ў хату, якя там славілася дабрынёю і ветлівасцю гаспадара.О, які страх наводзіць такая рабінавая ноч на люд беларускі! У тую пару, калі на палетках даспявае ўраджай, яна, як найстрашнейшы непрыяцель, пагражае знішчыць усе надзеі земляробаў. Сустракае яе селянін, узносячы вочы да неба, з пацерамі на вуснах і з благаннем касцельных званоў.
Трывожна ў хаце ў нашага гаспадара: катоў і сабак выганяюць, бо уцякаючы ад перуноў, злы дух — паводле веры тутэйшых жыхароў — хаваецца звычайна ў целе гэтых жывёлін; кідаюць на жар свянцоныя зёлкі і пасля кожнае бліскавіцы дрыготкім голасам паўтараюць малітвы.
Змрок навокал: хмары зацьмілі неба і зямлю; перуны, як вогненныя вужакі, снавалі адзін за адным сярод чорных воблакаў; грымоты скаланалі будынак, дождж з градам сек у вокны, вецер выў за сцяною. Мінула поўнач, а пра сон ніхто і не думаў; уся сям’я, сабраўшыся разам, пасылала небу малітвы. Аліна стаяла ля маці, твар яе быў белы, як лілея; з надзеяю і спакоем душы, як анёл-суцяшальнік, казала дзяўчына бацькам пра волю і міласэрнасць Божую.
Атоне! Ты памятаеш тую ноч?! Ты ў той час не чуў ні выцця вятроў, ні навальнічных грымотаў; твае вочы і думкі былі занятыя Алінаю; у душы было найяснейшае надвор’е, бо прамень Алініных вачэй сустракаў твой позірк і пранікаў у сэрца. Гэтая ноч была для цябе светлай мараю. Цяпер, удалечыні ад бацькоўскае зямлі, ці бачыш яшчэ калі-небудзь гэтыя пекныя вочы ў смутным задуменні ці ў сне? Але час усё руйнуе!
Колькі зорак з’явілася на небе; вецер пагнаў на лясы і горы рэшткі хмар; заранка румяніла неба. Узышло сонца; відаць пазрываныя стрэхі некаторых будынкаў; на полі набрынялае вадою калоссе ўпала на зямлю; лугі, пакрытыя пяском, які ручаі нанеслі з пагоркаў; высокія хвоі і вязы ляжалі на зямлі, нібы грэцкія героі пасля слаўнае бітвы пры Фермапілах. Усюды страшныя сляды пакінула навальніца.