У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў апавяданнях тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку; на другім беразе Дзвіны за некалькі вёрст адсюль стаіць невялічкі касцёл св. Казіміра[95]
; тут апавядаюць, з’явіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струнем пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска; царква Барыса і Глеба[96], нібыта пабудаваная цудоўным чынам самімі святымі; Экіманія — маёнтак паноў Беліковічаў[97] ля самае Дзвіны на стромым беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад Полацак відаць адтуль як бы ў чароўнай панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыка і песні са стругаў, што плывуць у Рыгу; шмат таксама старажытных паданняў захоўвае гэтая мясцовасць у народных апавяданнях.Якія перамены сустрэў я ў горадзе пасля васемнаццацігадовай адсутнасці! Толькі старажытныя валы, як і раней, зелянеліся травою, і дзве ракі, якія тут зліваюцца, плылі ў тых самых берагах; сям-там на асобных вуліцах закураныя мураванкі і папялішчы нагадвалі пра пажары, што няраз спусташалі гэты горад. Аддаўшыся думкам, я хадзіў па вуліцах, нібыта нікому не знаёмы іншаземец; прабіў гадзіннік на вежы — колісь езуіцкага — касцёла[98]
, і гэты голас, як прывітанне адданага сябра, крануў маю душу. Ён знаёмы мне з дзяцінства: калісьці адлічваў час вучобы і адпачынку, будзіў на світанні да новае працы, але цяпер, здаецца, паўтараў сваім гучаннем: fugіt іrreparabіle tempus[99].Голас касцельных званоў таксама крануў маю душу, узнавіў у памяці ўсё мінулае. Атоне, ты памятаеш той гучны званок, што збіраў нас калісьці на заняткі навукамі свецкімі ды рэлігійнымі і на штодзённую малітву ў святыні Божай; ён замоўк назаўсёды; адзываецца толькі ў сэрцы і ў памяці нашай.
Найпрыемнейшы ў жыцці чалавека час — вясна маладосці, калі, раскрываючы кветку свайго розуму, ён дае волю лятункам, песціць у сэрцы вялікія надзеі, не думаючы пра тое, што ёсць на свеце віхуры і страшныя буры, якія часта нішчаць усе чалавечыя намеры; гэтая шчасная пара мае дзіўную прывабнасць, дорыць чалавеку адчуванне нейкіх незвычайных райскіх уцех, і гэта бывае менавіта тады, калі вольныя ад працы юнакі вяртаюцца дамоў, разважаюць пра навукі, настаўнікаў і таварышаў.
Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю выконваюць усе рэлігійныя абавязкі! Рэкалекцыі[100]
, падрыхтоўка да споведзі на Вялікдзень — якую асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты Чацвер кожны клас са сваім настаўнікам наведвае астрогі, шпіталі, раздаючы ўсюды, па магчымасці, грошы і міласціну ўбогім. Каменны той чалавек, якога гэты прыклад не навучыць любові да бліжняга!У езуіцкіх школах вакацыі звычайна пачыналіся з першага жніўня; вучняў пасля экзаменаў пераводзілі ў вышэйшыя класы; імёны выдатнікаў друкавалі ў кніжачках дзеля заахвочвання да далейшых поспехаў у вучобе.
У той дзень горад Полацак мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе; з’язджаліся абывацелі; адны — на ўрачыстасці ў дзень св. Ігнацыя Лаёлы[101]
; другія — каб падзякаваць за клопаты тым, хто вучыў і выхоўваў іхніх дзяцей; іншыя — каб пабыць у тэатры, бо вучні Полацкае акадэміі звычайна да гэтых дзён рыхтавалі пастаноўку; з’язджаліся гандляры з усіх бакоў і найвыгадней збывалі свае тавары.Перад Калядамі таксама былі экзамены і спаборніцтвы між вучнямі пачатковых класаў, калі яны на вачах бацькоў, апекуноў і настаўнікаў задавалі адзін аднаму пытанні па граматыцы лацінскае мовы, перад імі на стале былі раскладзены ўзнагароды для пераможцаў, і гэтае іх саперніцтва заўсёды пачыналася такімі памятнымі словамі:
— Domіnі emule a quo іncіpіemus?
— A sіgno Sanctі Crucіs?
— Quіd est sіgnum Sanctі Crucіs?
— Est munіmentum corporіs et anіmae.
— Facіamus sіgnum Sanctі Crucіs:
— Facіamus[102]
.Тут усе кленчаць, а пасля малітвы пачынаюцца дыспуты і дэманстрацыя ведаў[103]
.Атоне! Успомні тыя шчаслівыя часы, успомні сяброў свае маладосці, таварышаў, настаўнікаў, якія столькі гаварылі нам пра веру, пра Бога, пра абавязкі хрысціяніна і пра навуку; свет у той час здаваўся нам раем, бо ў людзях, што былі побач, мы бачылі толькі зычлівых, шчырых і адданых сяброў. Цяпер мы прачыталі кнігу пра вандраванне па даліне няшчасцяў; прыйшла восень, і паспеў плод горычы!.. Часта паўтараю сам сабе гэты верш: