Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Абазнаныя ў сваёй справе медыкі, прывезеныя з далёкіх краёў, параіўшыся, прызначалі яму размаітыя лекі, але руплівасць і веды дактароў не маглі яму дапамагчы.

— Божая кара нарэшце кранула чарнакніжніка і спакусніка, — паўтаралі старыя людзі.

А між простым людам па вёсках і мястэчках хадзілі чуткі, што Альберта за бязбожнае жыццё мучаць усе трасцы[148] разам, ні на хвіліну не даючы яму спакою.

Найчасцей ён быў самотны; назаўсёды зніклі балі і шумныя забавы; рэдкі госць наведваўся, і той, змучаны халоднаю размоваю, стараўся як мага хутчэй пакінуць ягоны дом. Пакінулі ўсе. Часам толькі слуга з’яўляўся на голас пана.

Дзень быў хмурны, шумеў вецер, сонца засланялі воблакі; у Альбертавым доме панавала цішыня, нібыта ў якой пустэльні. Чуваць былі галасы крумкачоў, вялікая чарада якіх кружылася ў паветры над палацам. У вечаровым сутонні вокны былі нібыта завешаныя чорным мошастам; доўга не гарэў у шыбах агеньчык свечкі. Знайшлі яго труп; сканаў, седзячы на крэсле. Рукі і ногі здранцвелі, нібыта ад моцнага зімовага марозу.

— А з Мальвінай, каханкай яго, што сталася? — спытаў Завальня.

— Мела дыяменты і грошы, лёгка і мужыка знайшла; гадзіннік з зязюляю не наводзіў на яе сумных думак. Выехала ў сталіцу і сярод шуму вялікага свету забылася пра мінулае і пра Альберта.

— Заўсёды такая смерць тым людзям, — сказаў дзядзька, — што шукаюць шчасця на гэтым свеце, а пра будучае жыццё не дбаюць. Як жахліва памёр гэты няшчасны Альберт!

Арганісты ўстаў з месца і сказаў, гледзячы ў вакно:

— Некалькі зорак ужо свецяцца на небе, і вецер сціх; заўтра будзе добрае надвор’е; перш чым вярнуцца дахаты, мне трэба яшчэ сюды-туды заехаць. Дык ты, пане Завальня, дазволь ужо адпачыць падарожнаму. Мне трэба заўтра раненька ўстаць.

Гасцям ужо прыгатавалі пасцелі, пасля пацераў патушылі агонь, і я, думаючы пра няшчаснага Альберта, заснуў.

КУЦЦЯ

Я прачнуўся і, лежачы яшчэ ў пасцелі, прыпамінаў апавяданні сляпога Францішка і арганістага: Плачка, Сын Буры, Вогненныя духі — усе гэтыя цуды паўставалі ў маіх думках у дзівосных, самотных і страшных карцінах. Тут дзядзька адчыніў дзверы і, гледзячы на мяне, сказаў:

— Уставай, Янка. Не прывыкай да ляноты; зімовыя ночы доўгія, можна выспацца; усе падарожныя яшчэ перад світаннем выехалі; цяпер толькі паны спяць да дня; за іх іншыя думаюць і працуюць. Памятай, што ты чалавек бедны, мусіш сам служыць, дык адвыкай ад такіх звычак.

Завальня надзеў футра, выйшаў на падворак, загадаў парабкам паадкідаць снежныя сумёты ад вокнаў і ад сцен спіжарні.

Я хуценька ўстаў. У хаце было ціха і змрочна; святло слаба прабівалася праз шыбы, пакрытыя лёдам і засыпаныя снегам. Уваходжу ў чалядны пакой, там на лаве сядзеў сляпы Францішак, а пані Мальгрэта, гатуючы куццю, расказвала яму пра сваю гаспадарку: пра курэй розных парод, якіх яна разводзіла, маючы велізарнага пеўня на высокіх нагах, але ён быў такі нязграбны, што звычайны маленькі пеўнік яго перамагаў і няраз крывавіў; пра гусей, за якімі ўлетку хоць і заўсёды добра наглядала, але не магла ўпільнаваць ад лісіц. Расказвала, як аднаго разу на возеры паляўнічы адным стрэлам забіў некалькі свойскіх качак, мяркуючы, што гэта дзікія, і з таго часу трэба мець іх на воку, каб далёка не адплывалі ад дому.

Калі так размаўлялі, дзядзька пастукаў у вакно, кажучы:

— Бачу здалёк: па возеры нехта едзе; здаецца, гэта пан Марагоўскі з дзецьмі вяртаецца з Полацка. Загадай каму, васпані, хутчэй навесці парадак у пакоі: дасюль яшчэ падлога не падмецена.

Імклівыя коні павярнулі з вялікай дарогі, мінулі бераг возера і ўжо ля брамы. Дзядзька сустракае гасцей: у возе сядзеў пан Марагоўскі, ля яго — трое дзяцей, ухутаных мядзведжым футрам і абвязаных хусткамі так, што толькі вочы відаць; выбегла з дому пані Мальгрэта, і дзяцей унеслі ў пакой.

На снеданне было пададзена падагрэтае піва; шкаляры, пачуўшы цяпло, зашумелі, як пчолы ў вуллі. Кожны апавядаў пра сваю вучобу, пра таварышаў, настаўнікаў, пра розныя школьныя выпадкі і здарэнні. Сляпы Францішак далучыўся да іх, і яны пад сакрэтам расказвалі яму свае вершы, якія вывучылі на памяць, каб павіншаваць бацьку.

Перада мною яны хваліліся ўзнагародамі за экзамены: дасталі са скрыначкі абразкі Клаўбера[149] розных памераў, крыжыкі і медзяныя медалькі. Шмат расказалі вывучанага з альвара і шмат пераклалі з лаціны святое гісторыі.

Пан Марагоўскі пацвердзіў бацьку, што Стася і Юзіка за стараннасць у вучобе і за добрыя паводзіны хвалілі і ўзнагародзілі ксёндз-прэфект і настаўнікі; дзядзька цешыўся гэтым, абяцаў ім пашыць новыя капоты і даць грошай на розныя школьныя патрэбы.

Доўга цягнулася размова пра Красны[150] полацкі кірмаш. Марагоўскі апавядаў пра кошт жыта, аўса і ячменю, пра свойскіх птушак, якіх там шмат адусюль прадаецца; пра кошт ільну, пянькі і пра купцоў, што прывезлі з іншых гарадоў хусткі, сукно, ядваб, баваўняную крамніну ды іншыя тавары для ўбораў; пра знаёмых гаспадароў, што прыехалі па сваіх справах і каб набыць патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

Перейти на страницу:

Похожие книги