Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

У размовах прайшоў цэлы дзень; сонца схавалася за лес, звечарэла. Некалькі суседзяў, што жывуць ля возера Нешчарда, запрошаныя з жонкамі і дзецьмі на куццю, прыехалі да майго дзядзькі. Паказалася першая зорка на небе. Пасярод пакоя паставілі доўгі стол, заслалі яго сенам і накрылі белым абрусам. На стол падалі посную ежу з мёдам і найлепшую рыбу. Завальня ламаў аплатку з панам Марагоўскім, а пасля па чарзе — з кожным госцем. Апавядаў, як колісь князь Агінскі, добры і ласкавы пан, запрашаў да сябе на гэты вечар усіх суседзяў, не зважаючы, ці ён бедны, ці багаты, абы толькі шляхціц і прыстойны чалавек. З незвычайнай сардэчнасцю прымаў гасцей, шчыра і адкрыта з кожным гаварыў, бавіў яго, расказваючы размаітыя даўнейшыя гісторыі.

Марагоўскі прыпамінаў, што раней гэтых абрадаў свята трымаліся ва ўсіх дамах нашага павета. Сёння ўжо не тое! У некаторых паноў змяніліся старыя звычаі і парадкі, за што Бог не ўзнагародзіць, і часы ўсё горшыя і горшыя.

За гэтаю размоваю асобныя госці, седзячы за сталом, падсоўвалі руку пад абрус, выбіралі наўдачу даўжэйшую сухую сцяблінку; паказвалі адно аднаму, загадвалі, ці высокі будзе наступнаю вясною расці лён, а паненкам прадказвалі хуткае замужжа. Шукалі пад сенам зярнятак жыта, пшаніцы ці іншага збожжа, бо яно, выпадкам знойдзенае ў гэты вечар пад сенам на стале, вешчавала вялікія ўраджаі.

Пасля вячэры, гледзячы на яснае, з зорным сяйвом неба і на вогненныя дарогі метэарытаў, выказвалі надзеі на добрую вясну і на багаты збор садавіны і гародніны ўвосень.

О, салодкія ўспаміны забаў і звычаяў роднае зямлі! Як кароткае шчасце, як прыемны сон, як вера бацькоў! Навек застануцца яны ў памяці. Яны — наймілейшая забава самотным думкам; па іх, як выгнанніца з раю, сумуе заклапочаная душа.

ДУМКІ САМОТНІКА

На беразе Фінскае затокі, дзівячыся чароўным малюнкам травеньскіх начэй, сядзеў я ад захаду да ўсходу сонца. Не было зорак на небе: белае святло заліло нябеснае скляпенне і ўсю марскую прастору. Травеньскія ночы чужое краіны! Вы заўсёды былі сведкамі маіх тужлівых і самотных песень, калі тут, на беразе затокі, агорнуты думкамі, успамінаў я горы і лясы радзімае старонкі.

Гараць залатым полымем вяршыні святынь у сталіцы[151]; якая цішыня пануе ў паветры! Зазваніў гадзіннік з вежы, і моцнае яго гучанне дасягае далёкіх ваколіц горада. Човен плыве па спакойнай вадзе, чую вясёлыя песні матросаў; у пышных садах гучыць музыка, да позняга часу доўжацца вясёлыя забавы і не скончыліся яшчэ прыемныя спатканні пад шатамі паркавых дрэваў.

Травеньскія ночы радзімых ваколіц! Мілей мне было сустракаць захад сонца на беразе Нешчарды, не параўнаеш самую вытанчаную музыку з пяшчотным і чароўным спевам салаўёў і самотным голасам зязюль. Дзікія лясы мілей за пышныя паркі! Шум вашых галін акунаў мяне ў роздум, у засені вячыстых дрэў заўсёды адчуваў я нейкія неразгаданыя таямніцы прыроды. У народных апавяданнях сустракаў пачуццё і праўду, адчуваў іх мудрасць і малітвы цэлага народа, мілей гэта ў сто разоў, чым халодныя забаўкі ў багатых салонах.

Мора! Я чытаў пра цябе вершы паэтаў, ціхія і бурапенныя твае хвалі параўноўваў з роднымі азёрамі, калі яны зіхацяць, як крышталь, у зарослых берагах або шумяць у буру. Калі я быў яшчэ зусім малады, дык упрыгожваў людзей дабрынёю і справядлівасцю, а будучае — надзеяю і, быццам у бяспечным порце, ціхамірна марыў у той час пра навальнічнае неба і пра велізарныя акіянскія хвалі.

Мора! У тваіх глыбінях быў для мяне іншы свет, шчаслівы і дзіўны, пра які столькі я чуў апавяданняў з вуснаў простага люду[152]. Там жыла калісьці дзяўчына Ганна, дачка вялікага Акіяна, каралева духаў, цуд хараства; нябачная моц зямлі і мора імгненна выконвалі ўсе яе загады. Цуд дабрыні, яна ацаніла шляхетнасць маладога хлопца, які спусціўся на дно і стаў перад вялікім Акіянам, каб адслужыць яму за вяртанне свайго бацькі на родную зямлю. Але ён быў слабы чалавек і не мог выканаць наказы Пана Мора, і тады Ганна, выручаючы каханага, загадала духам, і за адну ноч з’явіліся палацы з караляў і дарагога жомчугу. Ацаніў Акіян дабрачыннасць і мудрасць хлопца, даўшы яму за жонку сваю дачку Ганну.

Мора! Сёння я не так ужо думаю пра цябе. Ты нагадваеш сляпую фартуну: узбагачаеш людзей і кідаеш у бяздонныя глыбіні, няможна расчуліць тваё зімовае лона, калі няшчасны ветразь, занесены хваляю далёка ад роднае зямлі, гіне, самотны, на пустэльных берагах вострава ад тугі або ад голаду, і ў яснае надвор’е не дрэмлюць на тваім дне ненажэрныя пачвары, паглядаючы з адкрытаю пашчаю на марскіх вандроўнікаў. О мора! Ты нагадваеш свет, па якім чалавек ідзе рознымі пуцінамі жыцця.

Перейти на страницу:

Похожие книги