Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

— Ат, пане Завальня, — сказаў Сівоха, — мы самі вінаватыя, што д’яблы размножыліся ў нашым краі; прычына ўсяму — глупства шляхты, хцівасць і нязгода паноў; не буду доўга пра гэта гаварыць: гісторыя ўсім вядомая, да сённяшняга дня не забылі гэтых вершаў:

Кошка Цяліцу забіла,Жук, Жаба Кошку судзіла,А жэ справа была кепска —То пшэнесьлі до Вітэбска.

А што зрабілі ў Віцебску? Кошка быў з паноў, дужа прагных да багацця. Абараняючыся сяброўскімі пратэкцыямі, не пакінуў, а яшчэ болей пачаў шкодзіць усім. Цяліца памёр за праўду, і пра яго заўсёды ўспамінаюць як пра добрага чалавека.

— Так заўсёды ў нас, — сказаў пан Латышэвіч, — за Дзвіною ва Ушачах сабраліся на раду…

— Але досыць ужо пра гэта: калі я такое слухаю, мяне скруха забірае. Дойдзем хутка з такімі ўспамінамі да таго, што спаткаем Новы год са слязьмі.

Тым часам у чалядным пакоі заспяваў певень.

— Брава, брава! — сказаў Завальня. — Не трэба плакаць: хутка будзе перамена, ледзь пачаўся вечар, а ўжо і певень заспяваў — гэта знак, што ўсходзіцца вецер і хто-небудзь з возера завітае да нас. Абы толькі добры чалавек, большай сябрынаю будзем сустракаць Новы год.

Сказаўшы гэта, паводле свае завядзёнкі, ён запаліў свечку, паставіў на падваконне і дадаў:

— Знак, што гаспадар дома і запрашае ўсіх да сябе.

Сівоха паглядзеў у вакно:

— Бясспрэчна, будзе хутка перамена надвор’я; аніводнае зоркі на небе, і я заўважыў, што ўлетку, калі певень праспявае, як сонца садзіцца, дык ужо назаўтра раніцою пасылай касцоў — абавязкова дождж, а тады і тупая каса добра косіць.

— Дасведчаны гаспадар на кожную рэч павінен зважаць, — сказаў Латышэвіч. — Калі напрыканцы снежня і пачатку студзеня бывае бура і снег глыбокі, дык улетку багата травы на лугах і буйное збожжа вырасце на ніве. Гэтая зіма павінна цешыць гаспадара, бо мароз і паўночны вецер пад глыбокім снегам жыта і пшаніцу не вымаразяць.

— А ў мяне ўлетку пані Мальгрэта даведваецца пра перамену надвор’я, гледзячы на жывёлу, калі тая вяртаецца з пашы. Калі першая ідзе чорная карова, дык абавязкова будзе навальніца, калі ж белая — яснае надвор’е.

У час гэтае размовы ў пакой зайшла пані Мальгрэта.

— А гэта што такое? — пытаецца, убачыўшы свечку на падваконні. — Ноч ціхая, падарожныя не будуць блукаць па возеры.

— Вашэць не чула, што нядаўна колькі разоў праспяваў певень; вецер можа нечакана перамесці дарогу ды так усхадзіцца, што за пяць крокаў нічога перад сабою не ўбачыш; у нас здараліся няшчасці: на возеры замярзалі людзі і ніяк нельга было ўжо вярнуць іх да жыцця.

— Дзіўны чалавек! Калі сам любіць бавіцца з мужыкамі, дык думае, што гэта і гасцям прыемна.

Сказаўшы гэтак, яна выйшла, ляпнуўшы дзвярыма.

— От, кабета, — прамовіў дзядзька, — што ў яе галаве роіцца. Такая іх натура: кожная ганарыцца сваім тытулам. На маю думку, шляхетны той чалавек, які, жывучы на гэтым свеце, выконвае адно прыказанні Божыя.

— Я ведаў і мужчын слабае волі, — сказаў сляпы, — што хваліліся знакамітасцю сваіх продкаў, а самі жылі так, што нявартыя былі чалавечага наймення.

— Адхіліліся далёка мы ў сваіх размовах; пан Сівоха нядаўна абяцаў нам нешта расказаць.

— Памятаю, — сказаў пан Сівоха і так пачаў апавяданне.

АПАВЯДАННЕ ДЗЕСЯТАЕ

ВАЛАСЫ, ЯКІЯ КРЫЧАЦЬ НА ГАЛАВЕ

— У Віцебску сустрэў я на вуліцы доктара з нашага павета пана М. Выпала так, што мы абодва прыехалі ў горад са сваім клопатам; пагутарыўшы пра сёе-тое, доктар сказаў:

— А дзе ты будзеш палуднаваць?

— Ды дзе Бог дасць, — адказваю. — З грашыма ў горадзе галадаць не будзем.

— Хадзем у карчму да Карлісана, там заўсёды добра частуюць.

— А ці не будзе задорага шляхціцу?

— Не даражэй, чым усюды; а калі крыху і больш заплацім, дык смачней і паямо; сабе шкадаваць няварта.

Згадзіўся. Заходзім у велізарны пакой; было там некалькі асобаў. Яны елі, курылі люлькі, смяшылі адзін аднаго, успамінаючы недахопы і дзівацтвы сваіх знаёмых; здзекаваліся з усіх, не шануючы ні кабет, ні старых.

Седзячы за сталом, здзіўлена паглядаў я на гэтых шылахвостаў: як яны выхваляліся сваёй дасціпнасцю, рагаталі так, што звінелі шкляніцы, і глядзеліся ў люстэрка, не раўнуючы, як дзяўчаты на выданні.

— Добра часам і ў карчме пабываць, — сказаў доктар. — Тут людзі смялей здымаюць з сябе маскі, і тут найдакладней можна ўбачыць, які хто ёсць.

Ледзь гэта сказаў, заходзіць нехта высокі, валасы густыя, натапыраныя, вочы неспакойныя, твар поўны, бледны, быццам у ім і жоўць і вада. Усе на яго паглядзелі; ён сеў на канапу і, хапіўшыся за галаву, заенчыў:

— Няма ім спакою.

Пасля папрасіў падаць яму шклянку рому, палову выпіў і, быццам задуманы, сядзеў колькі хвілін моўчкі; потым падняўся і агледзеў сябе ў люстэрку.

— О! — кажа, паклаўшы руку на голаў. — Цяпер, прынамсі, не варушацца, змоўклі на нейкі час.

Усе дзівіліся, а мой таварыш сказаў:

— Ты, як бачу, нездаровы, мусіць, пакутуеш ад галавы; не думаю, каб ром мог дапамагчы, — яшчэ больш нашкодзіць.

— Хіба прасіў я ў цябе рады?

— Я доктар, гэта мой абавязак.

Перейти на страницу:

Похожие книги