Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

— Як неразумна, — сказаў пан Сівоха, — прывозіць з Рыгі аракі і замежнае віно, у якое, як я чуў, дзеля смаку немцы дадаюць не вельмі добрыя для здароўя прыправы, і яшчэ дорага за яго плаціць. Лепей выкарыстаць грошы на што іншае. У нас ёсць свае, выдатныя на смак і не шкодныя для здароўя, напоі. Напрыклад, гэтая палёнка! Хвораму чалавеку можна выпіць шкляначку — не пашкодзіць, а дапаможа; ад ліхаманкі, ад прастуды — адзіныя лекі!

— Праўда, дабрадзею, — сказаў Базыль, трымаючы ў руках напалову выпітую шклянку і пазіраючы ў місу. — Беднае наша жыццё цыганскае! Калі марознаю зімою шукаем прытулку ў пустой будове, дзе няма ні печы, ні столі, а толькі сцены, і ў тых вецер свішча праз шчыліны, калі пры вогнішчы курчыцца жонка і дзеці пішчаць, круцячыся з боку на бок, абы толькі бліжэй да цяпла… О, каб даць тады жонцы і дзецям па шклянцы такое палёнкі — забылі б на холад, ім бы салоўкі заспявалі ўзімку, нібы цёплай вясною.

— Гэта праўда, — сказаў пан Латышэвіч. — А што ж казаць пра нашае сакавіцкае піва, пра мёд-трайняк![162] Летась перад Калядамі паехаў я ў горад купіць сёе-тое на розныя хатнія патрэбы. У дарозе заспела мяне лютая бура: у Полацку начаваў у жыда ў халодным пакоі, відаць таму і застудзіўся. Наступнага дня балела галава і трасла мяне ліхаманка. Аднак, не маючы часу сядзець спакойна, цягаўся па горадзе і купіў усё, што хацеў. Меў яшчэ інтэрас быць у кляштары езуітаў: там на калідоры спаткаў мяне айцец Попэ, якому быў даручаны нагляд за піўніцаю[163], дзе ў велізарных дзежках быў выдатны стары мёд. Ён, глянуўшы на мяне, сказаў:

— Чаму ты змяніўся з твару і такі неспакойны? Відаць, нездаровы?

— Нездаровы, — адказваю. — Ехаў у непагадзь, а цяпер маю халодны пакой у жыда, дык і прастудзіўся.

— Я вылечу, — сказаў ён.

Завёў мяне ў піўніцу, наліў велізарны кухаль трайняку. Калі я выпіў, адчуў, што па ўсім целе разлілося цяпло, выступіў пот і прастуда прайшла.

— Прыемныя лекі! — сказаў Завальня. — Але нядаўна Базыль успамінаў пра нейкую дзіўную жабер-траву, якую прыкладаюць да скроні: тут нешта цікавае, зрабі ласку, раскажы нам. Будзем слухаць, не марнуючы часу. Што такое піва і мёд, ужо даўно ўсе ведаюць.

— О! Жабер-трава шмат паказвае цудаў, і дзіўныя ад яе дзівосы. Перад ёю траціць сілу агонь, чалавечае вока іначай глядзіць на свет і бачыць будучыню.

Сказаўшы гэта, цыган пачаў сваё апавяданне.

АПАВЯДАННЕ АДЗІНАЦЦАТАЕ

ЖАБЕР-ТРАВА

— Жыў некалі ў гэтым краі абазнаны цыган Шылка, які ведаў сілу духаў, што маюць уплыў на людское здароўе, лекаваў хворых, выведваў таямніцы лесу, прадказваў будучыню. Варожачы, ніколі не памыляўся, а таму адусюль сыходзіліся да яго параіцца старыя і маладыя.

Увечары, пакуль яго сям’я, што разышлася па наваколлі, збіралася ў шацёр, ён раскладваў розныя сухія зёлкі, што дапамагаюць жывёле і людзям, і калі ўрупіўся ў сваю працу, малады чалавек, якога звалі Адольф, ціха падышоў і перапыніў яго маўчанне:

— Як маешся, Шылка! Прыйшоў да цябе даведацца, які мяне лёс чакае, якая будучыня ў Альмы і што яна пра мяне думае?

Шылка ўзяў Адольфаву руку, нахмурыў лоб і, моўчкі гледзячы колькі хвілін на далонь, ківаў галавою і паціскаў плячыма: нарэшце глянуў яму ў вочы і сказаў:

— Не пытайце, пане, ні пра лёс Альмы, ні пра сваю будучыню.

— Чаму? Хачу ведаць, хачу як найхутчэй сарваць заслону з вачэй.

— Прыкладзі да скроні жабер-траву[164]. У такія маладыя гады спадзе з вачэй сатканая з пекных колераў заслона, што закрывае ад цябе будучыню.

— Хачу мець гэтую траву.

— Маеш шмат цікавасці, але ці столькі ж у цябе адвагі? — спытаўся Шылка.

— Скажы, дзе расце — дайду і апоўначы, і сярод дзікіх звяроў.

— Ідзі туды, дзе бачыш з левага боку дзве пясчаныя гары, а ўнізе, на імшарыне, растуць дробныя бярозы і вербы. Бераг возера парос густым трысцём, а на тым месцы, адкуль пачынаецца галявіна, убачыш палю: вытыркаецца з-пад вады, нібы шчогла, рыбакі зрабілі гэты знак на возеры, каб ніхто блізка гэтага месца не лавіў рыбу, бо заўсёды пасля нерат парэзаны, нібыта нажом.

Там з глыбіні вытыркаюцца велізарныя вострыя камяні, а сярод іх — ясная, як зорка, свеціцца пад вадою жабер-трава. Дух Фарон[165] зладзіў там сабе жытло, упадабаў ён гэтыя зёлкі. Калі ціхае надвор’е і яснае паўдзённае сонца свеціць на небе, ён, самотны, сядзіць у глыбіні, абапёршыся правай рукою на дзікі камень і пазіраючы на ясную жабер-траву, засынае ў чароўных малюнках будучыні.

Калі сядае сонца, гэты дух пакрывае жабер-траву моцнаю сеткаю з раслін, якія там, накшталт хмелю, спляліся вакол дзікіх камянёў так, каб рыбы і вірлівая вада не маглі калыхнуць яе лістоты. Сам жа выходзіць з возера, на вадзяных туманах выплывае ў поле, наведвае лагі і ўзлескі.

Перейти на страницу:

Похожие книги