— Нездарма певень спяваў адразу пасля захаду сонца. Вось ужо і перамена надвор’я: усхадзіўся вецер, і цяпер самае галоўнае, каб ясна гарэў агонь у вакне.
Ён падняўся, замяніў свечку і звярнуўся да мяне:
— Янка, папрасі пані Мальгрэту, каб прыйшла сюды. Дзіўная гэта кабета! Здаралася ў мяне, як і сёння, што госці апавядалі найцудоўнейшыя гісторыі. Я слухаю, нібыта прыкуты да месца, а яна не мае да гэтага аніякае цікавасці ды яшчэ гневаецца, не хоча заходзіць у гэты пакой, даводзячы, што не толькі апавядаць, але і слухаць пра д’яблаў і чары грэх.
Калі прыйшла пані Мальгрэта, дзядзька прамовіў:
— Васпані заўсёды самотная, не хацела паслухаць цудоўную аповесць, якою нядаўна так прыемна бавіў нас пан Сівоха. Бачыў ён у Віцебску чалавека з валасамі, якія крычалі на галаве.
— Ат, ведаю я вашы гісторыі! Хто дасць веры, каб калі-небудзь валасы крычалі?
— Няхай будзе па-твойму. Васпані не хоча верыць, а ўсё адно папросім пра адну рэч: загадай нам прынесці добрае гарэлкі, мёду і прыгатаваць журавін.
На падворку дзьмуў вецер, на стале палілася гарэлка. Завальня рупіўся, каб дадаць неабходную колькасць усялякіх патрэбных прыправаў і добры прыгатаваць напой. Пан Латышэвіч гутарыў са сляпым Францішакам. Стоячы каля пана Сівохі, Стась і Юзік апавядалі пра сваіх школьных таварышаў, пра майскія прагулянкі ў полі ды пра студэнцкі тэатр. Я, гледзячы на блакітны агонь гарэлкі, прыгадваў размаітыя гісторыі, якія чуў у дзядзькавай хаце, а найбольш у гэты час мне мроілася ў галаве апавяданне арганіста Андрэя пра вогненных духаў. Здавалася, з гэтага полымя на кліч адразу б выскачыў Нікітрон.
Раптам адчыняюцца дзверы і заходзіць у пакой мужчына, якога я ніколі не бачыў. Высокі, смуглатвары, чорнавалосы, вочы як дзве жарынкі; апрануты коратка, як казак, і бізун за поясам з левага боку.
— Падаю да ног пана гаспадара-дабрадзея! — гучна абвясціў ён.
— А! Як маешся, Базыль! Адкуль цябе Бог прыслаў?
— Далёка быў, дабрадзею! Быў і тут, і там, у маёнтку ксяндзоў дамініканаў блізу Гарбачэва. Едучы праз возера, замёрз увесь: моцны мароз і вецер прадзімае наскрозь. Убачыўшы агонь у вакне панскага дома, спяшаў сюды як да найбліжэйшага месца, дзе можна пагрэцца.
— А можа, таму, — сказаў Сівоха, — што конь ужо далей бегчы не можа?
— О, не! Конь мой яшчэ прабег бы мілі[161]
чатыры.— Добра, добра зрабіў, што прыехаў да мяне, будзем разам сустракаць Новы год.
— А цяпер самы час варажыць, — сказаў Сівоха, — дык скажы ўсім нам: каго які лёс спаткае ў наступным годзе.
— Навошта варажыць! Што каму лёс прызначыў, так і будзе. Мне, цыгану, ездзіць з кута ў кут або жыць у намёце сярод поля, а пану — кіраваць гаспадаркаю.
— А ці шмат у гэтым годзе збыў старых коней і выгандлеваў маладых?
— У гэтым краі і людзі не горш за цыганоў абазнаныя ў конях: не дадуць ашукаць.
— Скажы ж мне, Базыль, — прамовіў дзядзька, — чаму ты не асядзеш на гаспадарцы? Спакайней жыў бы на свеце.
— Так жылі нашы продкі; пэўна, яны прыкладвалі да скроні жабер-траву і, даведаўшыся будучыню, пагарджалі ўсім і нам такія свае звычаі пакінулі.
— Што гэта за трава? — запытаўся я. — Ці расце яна дзе-небудзь у нашым краі, ці мо ў іншым якім месцы?
— Раскажа пасля пра гэтую траву, — сказаў дзядзька, — а цяпер няхай пагрэецца. Сядай, пане Базыль, можа, ты яшчэ і не вячэраў?
— Пра вячэру, дабрадзею, яшчэ не думалі ані я, ані мой конь.
— Конь не будзе галодны: маю сена, маю яшчэ, дзякуй Богу, і хлеб, каб пакарміць падарожнага.
І Завальня загадаў прынесці цыгану вячэру.
Базыль, седзячы за сталом, еў з добрым смакам. Калі падхарчыўся, пачаў размову пра мінулае, хваліў зычлівасць і лёгкую руку сваіх знаёмых, у якіх некалі выгадна набываў добрых коней. Жаліўся і наракаў на сябе, што лёгка верыў іншым, а таму меў страты ў гандлі, няраз траціў надзею і адступаўся ад важных намераў, не маючы магчымасці быць на конскіх кірмашах у Бешанковічах і Асвеі.
Хваліў некаторыя мясціны ў Беларусі, а менавіта берагі Дрысы і Дзвіны, дзе ён, маючы ўлетку багатую пашу, гадаваў добрых коней, і жыў там часта да позняе восені. Апавядаў пра свае зімоўкі і пра зімоўкі іншых цыганоў, як яны, маючы ўладу над агнём, раскладаюць велізарнае вогнішча пад саламянай страхою і агонь салому не паліць.
Тым часам