Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

— Чалавечае жыццё надзвычай кароткае. Навошта думаць пра гэта? Пан яшчэ малады, мае добрае здароўе, гадоў сто жыцьме на гэтай зямлі і ў засені тых дубоў весяліцца з прыяцелямі. Пакінь сумнявацца, ты чалавек — і ўсё павінна служыць табе.

Я паслухаў яго рады. Назаўтра загадаў садоўніку ісці да старца, што жыве каля рэчкі побач з яловым лесам, каб той паказаў маладыя дубкі, якія трэба перанесці і пасадзіць на пагорку.

Садоўнік, пачуўшы мой загад, перапалохаўся, змяніўся з твару і сказаў не сваім голасам:

— Адкуль тое пану? Дуб не цвіце, і з пладоў яго няма аніякае карысці; дзеля аздобы лепей пасадзіць на пагорку ліпы.

— Парады твае не прашу, — сказаў я. — Слухай, што табе загадваю, і выконвай.

— Ад старых людзей я чуў, што той, хто сее жалуды ці садзіць дуб, і года не пражыве[159].

— Калі яшчэ раз, — кажу, — пачую гэтую лухту, дык загадаю ўсыпаць табе пяцьсот бізуноў. Ідзі рабі тое, што загадана.

Садоўнік, баючыся далей пярэчыць мне, выйшаў засмучаны і шукаў выпадку, каб прасіць маю жонку: ці не здолела б яна ўгаварыць мяне адмовіцца ад таго намеру.

Увечары, калі я на нейкі час пакінуў дом, ён зайшоў у пакой да Амеліі, са слязьмі на вачах укленчыў перад ёю і ўсё расказаў.

Калі я вярнуўся, Амелія сустрэла мяне з усмешкаю:

— Генрык, чаму ты вырашыў пасадзіць дубы? Я не бачу ў гэтым ні патрэбы, ні аздобы таксама. Бедны садоўнік прыйшоў да мяне страшэнна засмучаны, кажучы, што перасаджваць дубы — найвялікшае няшчасце, бо гэтае дрэва забірае сілы і скарачае жыццё таму, хто яго вырошчвае. Ведаю, што забабоны ад невуцтва, але ці ж маем мы права жорстка абыходзіцца з людзьмі за тое, што яны цёмныя, бо неадукаваныя? Трэба неяк адвучваць іх ад дурных забабонаў; усе мы людзі, і вялікі грэх чыніць несправядлівасць бліжняму.

— Як бачу, — сказаў я, гнеўна глянуўшы на яе, — і ты падобная да садоўніка, — падахвоцілася глупствы бараніць, але марнае будзе тваё заступніцтва.

— Пэўна, той жахлівы старац даў табе гэтую раду; дык даручы яму самому садоўнікава месца, і няхай усё тое зробіць сам, бо ж нічога не робіць днямі, адно блукае па полі і лесе.

— Людзі мае: як хачу, так і будзе.

Калі я гэта сказаў, з вачэй Амеліі паліліся слёзы, і яна адразу выйшла ў другі пакой.

Садоўнік, бачачы, што яго надзеі не спраўдзіліся, прывёз з лесу маладых дубкоў і пасадзіў на прызначаным месцы. Пасля гэтага ўвесь час быў самотны; дарэмна ўсе даводзілі, што дубы не маюць аніякага ўплыву на чалавечае здароўе, аднак ён сох, сілы яго пакінулі і наступнае вясны, як толькі тыя дрэўцы зазелянелі, садоўнік сканаў.

Пасля ягонае смерці, калі я апавядаў старцу пра наіўнасць таго чалавека, пра забабоны і пра слабасць яго характару, ён глянуў на мяне, зморшчыўся, як бы выяўляючы сваю пагарду, і сказаў:

— То й добра. Няварта шкадаваць. Маючы безліч дурняў, страціў толькі аднаго.

Другое злачынства гэтага старца парушыла яшчэ больш згоду і мір паміж мною і жонкаю. Меўся я пабудаваць новы драўляны дом, ды крыху не хапала цэглы на падмурак; каб папоўніць недастачу, выйшаў я ў поле і, ходзячы там, выбіраў добрае месца на цагельню. Старац, спаткаўшыся са мною, паказваючы на могілкі і на старую каплічку, якая стаяла навідавоку блізка ад маёнтка, і кажа:

— На якім неадпаведным месцы зрабіў нехта гэтыя могілкі. З панскага вакна заўсёды відаць драўляныя крыжы і каплічка. Во ўжо дзе прыкры краявід! Наведваюць пана суседзі, сярод іх шмат маладых ды вясёлых, а гэтыя крыжы і каплічка ўсё перад вачыма, кожнага могуць давесці да маркотных думак і меланхоліі; раіў бы пану прызначыць сялянам месца пад могілкі дзе-небудзь далёка за лесам, каб не так часта чалавечае вока іх бачыла; цэглу з капліцы можна пусціць на падмурак, на гэтым жа месцы пасеяць авёс, каб і знаку не было, што тут гніюць нечыя косці.

Я пахваліў добры старцаў густ і яго здольнасці ў вызначэнні характару чалавека і таямніц прыроды. Загадаў, каб як мага хутчэй знеслі драўляныя крыжы, сабралі надмагільныя камяні ў крушню, зруйнаваўшы капліцу, звезлі цэглу ў маёнтак.

Дарэмна мае падданыя, сабраўшыся з усіх вёсак, прасілі, каб я не нішчыў святыні і не кранаў таго месца, дзе спачываюць астанкі іх бацькоў і сваякоў; дарэмна натурыўся ксёндз-плябан, стараючыся давесці, што я бяру на сваю душу вялікі грэх; дарэмна старэйшыя суседзі папракалі мяне, што адступаю ад дзедаўскіх звычаяў. Нарэшце Амелія, убачыўшы, што ўсе просьбы і напаміны марныя, сказала:

— Генрык, аднак жа пры жыцці бацькі і дзеда твайго гэтая каплічка і могільнік былі на гэтым самым месцы, бацьку і дзеду гэтыя крыжы і магілы не заміналі і не наводзілі жахлівых думак. Няраз яны там, калі ўзыходзіла ці заходзіла сонца, укленчыўшы, старанна маліліся за сваіх памерлых сялян. Такі звычай усюды ў нашым краі: могілкі навідавоку або блізка дарогі, каб людзі, сустракаючы вокам крыжы і магілы, тварылі малітвы за душы тых, хто ўжо заручыўся з зямлёю. Пэўна, той жахлівы старац даў табе гэтую бязбожную параду, але памятай, Генрык, што Бог усё бачыць.

Перейти на страницу:

Похожие книги