Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

— Заходзіў і да мяне. Не пакланіўся ані гасцям, ані гаспадару, а потым хутка выйшаў у сенцы і схаваўся ў цёмнай палове хаты, а там цябе і з агнём не знайшлі.

Гараська неспакойна глянуў на гасцей, твар яго спахмурнеў. Крыху падумаўшы, стары сказаў:

— Будуючы сабе гэты дом, я думаў пра вас, душа мая вас адведвала, успамінаў мінуласць, і дух мой лётаў па тых ваколіцах, дзе я нарадзіўся, вырас, хадзіў па жыццёвых пуцявінах, зазнаў шчасце і гора, вясёлыя і сумныя гады, але ўсё гэта мінулася, як сон кароткі.

— Але, пэўна, і не снілася старасвецкім людзям, — сказаў мой бацька, — тое, што мы цяпер зазналі; паны любілі гаспадарыць, і лепей было за сённяшняе.

— Шмат якім панам глядзеў я ў вочы, — сказаў стары, — адгадваў іх думкі, выконваў загады, дагаджаючы ўсялякім іх жадункам. За мае паслугі, дзякуй Богу, мне верылі і давяралі. Нашы вёскі калісьці колькі разоў перапрадавалі, шмат тут было гаспадароў, і кожны кіраваў па-свойму, ды за тым часам яшчэ жылі нішто сабе. А вось калі пан З. па смерці сваіх бацькоў запанаваў у гэтым маёнтку Казуліне, усе мы зазналі гора. Хацеў здзівіць суседзяў сваёй раскошаю: прывозіў дарагія кветкі і садовыя дрэвы з далёкіх краін; ездзіў у шыкоўных экіпажах; трымаў мноства лёкаяў, а парадку ў доме не было; збіраліся госці, пілі дарагое віно; штогод выдаткі былі большыя за прыбытак з маёнтка. Дык і пачаліся крыўды і рабункі.

— Дрэнны будзе з гэтага канец, — казалі абазнаныя людзі пану З., але ён не слухаў добрае рады, больш да душы былі яму намовы несумленных людзей, якія карысталіся з ягонае някемнасці.

У той самы час з’явіўся ў нашым маёнтку — невядома адкуль — дзіўны чалавек. Я забыў яго прозвішча, але твар як сёння бачу: худы, заўсёды бледны, нос велізарны, бровы густыя, пагляд як у вар’ята, вопратку меў чорную, доўгую і нейкую дзіўную. Не выпадала мне ў жыцці нікога ў такім уборы бачыць. І гэты госць, як неадступны цень, нязменна быў з панам З., хваліў ягоныя ўчынкі, маўляў, ён бавіцца і весяліцца, як і належыць сапраўднаму пану — нашчадку знакамітых продкаў, абяцаў паказаць яму нейкія цуды і адкрыць крыніцу бяздоннага багацця, апавядаў пра цуды, што дзеюцца дзесьці на краі свету; кпіў з нашых звычаяў і завядзёнак, якія нам дасталіся ад продкаў. Былі такія паны, што ўхвалялі яго думкі, а лёкаі і сяляне пракліналі яго і з пагардаю называлі чорным госцем.

Мінае год, мінае другі, і робіцца ўсё горш і горш. Сяляне пана З. дазвання згалелі, кінуўшы хаты, блукалі па свеце і шукалі сабе спажывы; ды і ў панскім доме панавала бяда; суседзі і знаёмыя, едучы па блізкіх дарогах, міналі наш маёнтак. Чорны госць прыходзіў толькі часам, раіў прадаваць людзей і такім чынам збіраць грошы. Паслухаўся пан, шмат вывез моладзі ў далёкія краі, але і з гэтага не забагацеў, а госць той чорны хутка знік.

Даймалі пана праз суд крэдыторы, вымагаў нясплочаныя за колькі гадоў падаткі ўрад. Суд апісаў маёнтак і перадаў яго апекуну, а пану З. дазволілі мець пры сабе да паслуг адно лёкаяў. Сярод іх быў тады і я. Мы жылі ў далёкім фальварку; пан быў самотны. Праз колькі месяцаў я заўважыў у ім дзіўныя перамены. Почасту ён гадзінамі сядзеў моўчкі на адным месцы, часта задуманы, нібыта ў роспачы, хапаўся за галаву і размаўляў сам з сабою, ходзячы па пакоі, не спаў ад захаду да ўсходу сонца.

Аднаго разу акурат апоўначы пачуў я панаў голас, убачыў агонь у вакне; падумаў: кліча каго-небудзь з нас — і заходжу ў пакой. Пан гаворыць сам з сабою так гучна, быццам з некім спрачаецца. Здзіўлены, я доўга глядзеў на яго, а ён мяне не заўважаў. Нарэшце я сказаў:

— Пачуў панскі голас і падумаў, што клічаш каго з нас, а пан быў самотны і размаўляў сам з сабою.

Ён зірнуў на мяне неспакойным вокам і сказаў, паказваючы рукою на сцяну:

— Самотны? А гэта хто?

Бачу: на сцяне цень у рост чалавека, нос доўгі, валасы натапыраныя — пазнаю чорнага госця. Апанаваў мяне страх, дрыготка скаланула цела, стаю на месцы, як скамянелы, а цень той пасунуўся па сцяне да дзвярэй і знік.

— Пайшоў. Не дае мне спакою, — сказаў пан, — а ты ідзі, няма табе тут чаго рабіць.

Я выйшаў адтуль, увесь агорнуты страхам; здавалася, што той страшны цень стаіць перада мною, і я ўсю ноч не мог заснуць. А калі апавядаў іншым пра той жахлівы прывід, ніхто мне не верыў, усе смяяліся, кажучы, што я перапалохаўся свайго ценю, але я думаў іначай і забыць гэтага не мог.

Прайшло колькі тыдняў. Пан заўсёды быў самотны і неспакойны. Аднаго разу ўвечары ён сказаў мне:

— Сёння я блага пачуваюся. Пасля вячэры адразу прыходзь і будзеш спаць тут, бо, можа, здарыцца якая патрэба, а ты ў сваім пакоі моцна заснеш і мяне не пачуеш.

Перейти на страницу:

Похожие книги