Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Я паслаў сабе пасцель на падлозе, патушыў агонь. Ноч была ціхая і ясная, свяціў месяц. Пан не мог заснуць: уздыхаў, уставаў, сядаў і зноў клаўся. Доўга я чуў кожны яго рух і толькі заснуў — моцны голас абудзіў мяне. Усхопліваюся і бачу: пан, седзячы на ложку, гучна гаворыць як бы сам з сабою, але я той гаворкі зразумець не мог. Поўня свяціла ў самае вакно, бледнае святло разлівалася па ўсім пакоі так, што ўсе рэчы можна было добра бачыць. Раптам я заўважыў жахлівы цень у рост чалавека, што быў на сцяне насупраць самага ложка і, павярнуўшыся тварам да вакна, рухаўся, нібы жывы. Нос доўгі, валасы натапыраныя — пазнаў чорнага госця. Ахапіў мяне люты страх і я, як непрытомны, ускочыў з месца і закрычаў:

— Кажы, пане, запаліць агонь!

— Навошта запальваць агонь, — сказаў пан. — Цяпер яшчэ толькі поўнач.

— Гэты жахлівы цень палохае мяне, — адказваю.

— Не табе, а мне не дае ён спакою.

Сказаўшы гэта, ён устаў з ложка і паходжваў па пакоі, а мне загадаў не сыходзіць з месца. Тут заспяваў певень. Цень пасунуўся па сцяне да дзвярэй і знік. Пан сядзеў нерухомы, як камень. Я лёг на сваё месца і пазіраў на яго; дрыжыкі прабягалі па маім целе, і да самага світання я ўжо не заснуў.

Аднаго разу той жахлівы цень з’явіўся на сцяне апоўдні пры ясным сонцы. Я заўважыў на твары ў пана страшную перамену: ён быў бледны, як навец, і, шпарка ходзячы, казаў нейкія няўцямныя словы.

Я, перапалоханы, ледзь змог прамовіць:

— Загадай, пане, паклікаць ксяндза, каб прачытаў малітвы і свянцонаю вадою пакрапіў сцены. Відаць, гэты дом доўга стаяў пусты, вось нячысцік тут і пасяліўся. Або нейкі чарнакніжнік выклікаў яго сюды, каб ён нас мучыў не толькі ўначы, але і ўдзень.

Пан здзекліва глянуў на мяне і сказаў:

— Стары дом, можа, няраз ужо крапілі свянцонаю вадою. Не з тваім розумам сюды лезці.

Неяк, калі заходзіла ўжо сонца, пан, вярнуўшыся смутны са шпацыру, зайшоў у пакой, сеў і ашчаперыў рукамі галаву.

— Пэўна, у пана моцна галава забалела? — пытаюся.

— Так шуміць у галаве, — сказаў ён, — што даўно ўжо ніякага паратунку няма.

— Параіў бы пану, як вылечыцца, ды не ведаю, ці паслухае мяне пан.

— Паслухаю, калі што добрае скажаш.

— Кажуць, што калі мучыць шум у галаве, найлепей пастаяць ля самае званіцы, паслухаць касцельных званоў, як на імшу звоняць, потым зайсці ў святыню, укленчыць перад алтаром, шчыра памаліцца і паслухаць святую імшу. Такім чынам шмат хто вылечыўся. Няхай і пан паспрабуе[169].

Ён глянуў на мяне, і здзеклівая ўсмешка з’явілася на хваравітым твары.

— Табе гэтыя лекі, можа, і дапамаглі б, а мяне касцельныя званы не вылечаць.

— Я шмат бачыў няшчасцяў і страшных дзіваў, жывучы на гэтым свеце, — сказаў стары. — Але гэтае самае жахлівейшае. Не вытрымаў пан, памёр ад несупынных пакутаў.

Сказаўшы гэта, ён схіліўся перад абразом Божай Маці і ціха маліўся, а ўсе госці моўчкі глядзелі на яго.

Ужо вечар. Сонца схавалася за лесам. Гараська, закончыўшы малітву, глянуў у вакно: на небе свяцілася адна вячэрняя зорка. Ён нейкі час сачыў за ёю. Сляза пакацілася па Гараськавым твары. Нарэшце, павярнуўшыся да гасцей, сказаў:

— Хутка ляціць час у размовах з добрымі сябрамі. Так і ўсё жыццё наша мінаецца. Колісь у маладыя гады любіў я глядзець на гэтую вячэрнюю зорку, там шукаў у смутку надзеі і ўцехі.

Ён запаліў васковую свечку, паставіў яе ля труны і казаў далей:

— Збудаваў сабе дамок без дзвярэй і без вокан. Тут адпачну спакойна, сон мой не перапыніць ні смутак, ні трывога, ні клопаты. На Бога мая надзея.

Сказаўшы гэта, стары паставіў труну на падлогу і хацеў легчы ў яе.

— Што ты робіш! — закрычаў адзін з гасцей, хапаючы яго за руку. — Навошта, здаровы і моцны, лезеш у дамавіну? Прыйдзе пара, самі цябе туды пакладзём. А пакуль тое, жыві і радуйся сонейку!

— Але больш ты ўжо не вырасцеш, — сказаў мой бацька. — А цяпер, бачым, труна акурат па табе. Не нагадвай нам, што некалі цябе страцім. Давай пагамонім лепей пра тое, што было даўней.

— Хачу адпачыць пасля працы. Ужо ноч, зоркі свецяцца на небе, — сказаўшы гэта, Гараська лёг у труну.

Стоячы вакол, глядзім на яго: твар смяртэльна збялеў, і вочы закрыліся.

— Досыць, досыць гэтае пробы. Падымайся, — сказаў мой бацька, беручы яго за руку.

— Уставай, уставай, Гараська! — крычалі госці.

Хацелі падняць яго з труны, але як убачылі, што ён ужо нежывы, пабялелі ўсе і доўга стаялі вакол у здранцвенні.

— Дзіўны стары, — сказаў Завальня, — ведаў, што жыве апошнія гадзіны і, развітваючыся з гэтым светам, запрасіў да сябе ў гасціну знаёмых, каб у іх на вачах пайсці ў свой вечны дом. Пэўна, ён усё жыццё памятаў пра смерць, за гэта ў старасці літасцівы Бог і абвясціў яму часіну свайго суда і міласэрнасці. А вось той чорны госць, што не даваў спакою пану, ужо трэці раз з’явіўся на сцэне ў нашых гісторыях. Не спіць злы дух, усюды шкодзіць людзям і заўсёды сябруе з тымі, хто забывае пра бліжніх сваіх. То кара Божая.

Паслухаем жа цяпер, што твой таварыш скажа.

АПАВЯДАННЕ ТРЫНАЦЦАТАЕ

ЧАРАЎНІК АД ПРЫРОДЫ І КОТ ВАРГІН

Перейти на страницу:

Похожие книги