Читаем Сны iмператара полностью

Жанчына хацела здавацца абыякавай, але ў трошкі прымружаных агатавых вачах пад негустымі цёмнымі бровамі свіцілася цікаўнасць. Вясновы вецер варушыў празрыстыя запавесы, раз-пораз напаўняючы іх і робячы падобнымі да ветразяў. Са спічастага прачыненага вакна, што глядзела на кветнік, плыў водар размарыну. Удалечы жаўцелі тэрмы імператара Каракалы. Мужчына маўчаў. Пытанне было не з тых, на якіх можна адказаць адным ці двума словамі, і ён задумаўся.

Ён быў непаглядны, прынамсі, непаглядны паводле канонаў гэтай краіны і свету, да якога належала жанчына. Невысокі і шырокі ў плячах, з выцягнутым тварам, адзінаю вартасцю якога знаўцы законаў прыгажосці назвалі б грубаватую правільнасць ліній, з доўгімі дужымі рукамі, ён быў падобны да прасталюдзіна, але гэтаму ўражанню пярэчыла ўнутранае святло, што адбівалася ў шырока пасаджаных вачах, выдаючы чалавека не толькі разумнага, але і асвечанага. Пра гэта казала і адзенне: белая кужэльная кашуля і строгі глухі каптан з квадратным выразам, такі, што носяць бакалаўры або іншыя людзі, якіх кормяць вольныя мастацтвы. Незвычайныя ў італьянцаў звіслыя вусы, густыя валасы колеру жытняй саломы і нетутэйшы халаднаваты блакіт вачэй сведчылі, што чалавек гэты з далёкіх паўночных краёў. Мужчыну было блізу сарака, і ён пражыў на свеце ўдвая болей за сваю суразмоўніцу.

— Вы прымушаеце даму чакаць,— незадаволена сказала жанчына, папраўляючы залацістыя, з масянжовым адлівам валасы.

— Я не хацеў бы пакрыўдзіць вас сваім адказам.— Мужчына гаварыў па-італьянску, крыху расцягваючы словы.— Мне таксама даводзілася чытаць кнігі, якія сцвярджаюць, што ў маёй краіне зоркі свецяць удзень і ўначы, што золата ў нас нязмерна больш, чым жалеза, а людзі, не раўнуючы як цыклопы, маюць па адным воку пасярод ілба. Магу вас запэўніць, што гэтыя звесткі настолькі ж праўдзівыя, як і тыя, што па Рыме ходзяць мядзведзі і што ў Вечным горадзе ляжыць вечны снег. Зрэшты, пра колькасць вачэй у маіх адназемцаў вы можаце меркаваць і самі, варта толькі ўважлівей зірнуць на аднаго з іх...

Ён, відавочна непакоячыся, што апошнія словы прагучалі занадта рэзка, кінуў на жанчыну хуткі позірк, але тая сядзела, не мяняючы паставы, і, як і раней, ленавата абмахвалася прастакутным ядвабным вахлікам з жоўта-зялёнай выяваю заморскай птушкі.

— Але я схільны вінаваціць не аўтараў гэтых кніг і тым больш не чытачоў, якія мусяць верыць у бязглуздыя прыдумкі,— гаварыў далей мужчына.— Мы вінаватыя самі, бо яшчэ не здолелі сказаць свету слова праўды пра сваю зямлю.

— Няўжо ў вас няма дзівосаў, пра якія столькі гавораць? — расчаравана і недаверна спыталася жанчына.

— Дыму без агню не бывае. Ніхто не мае такіх бязмежных, як нашы, лясоў. Царства нашых звяроў і птушак найбагацейшае на ўсім свеце. Толькі ў нас жывуць зубры, якіх ахоўвае княжая грамата. Мы і самі пакуль што не зведалі ўсіх таямніц нашых пушчаў.

— Я чула, у юнацтве вы былі простым паляўнічым...

— Гэта праўда.

— Раскажыце.— Яе просьба прагучала амаль як загад.

Яна паднялася з лёгкага трохногага крэсла і наблізілася да вакна. На нізкім століку перад крэслам засталася ляжаць кніга. Гэта быў трактат Катарыны Сфорца «Як стаць прыгожай», які вывучалі цяпер знатныя дамы ўсёй Еўропы, і мужчыну захацелася сказаць, што донне Франчэсцы няма аніякай патрэбы чытаць гэтую кнігу, напісаную сваячкай вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай.

— Паляўнічымі былі мой бацька, і мой дзед, і дзед майго бацькі. Першы раз мяне ўзялі на ловы, калі мне споўнілася сем гадоў. Тыя ловы запомніліся мне назаўсёды. Калі праз два тыдні мы вярнуліся, маці не сустрэла нас, а на месцы сялібы мы ўбачылі пажарышча. Ускрай пушчы прайшлі татары... — Ён на хвілю замоўк.— Пушча была маёй першай школай. Я і цяпер часта чую яе музыку...

Ён падышоў да крэсла, дзе толькі што сядзела жанчына, і паклаў на прыслон свае шырокія далоні.

— У нашых лясах няма такога звера, на якога мне не давялося б паляваць. Але гэта могуць сказаць пра сябе многія. У нас кожны — паляўнічы...

Перейти на страницу:

Похожие книги

Мантисса
Мантисса

Джон Фаулз – один из наиболее выдающихся (и заслуженно популярных) британских писателей двадцатого века, современный классик главного калибра, автор всемирных бестселлеров «Коллекционер» и «Волхв», «Любовница французского лейтенанта» и «Башня из черного дерева».В каждом своем творении непохожий на себя прежнего, Фаулз тем не менее всегда остается самим собой – романтическим и загадочным, шокирующим и в то же время влекущим своей необузданной эротикой. «Мантисса» – это роман о романе, звучное эхо написанного и лишь едва угадываемые звуки того, что еще будет написано… И главный герой – писатель, творец, чья чувственная фантазия создает особый мир; в нем бушуют страсти, из плена которых не может вырваться и он сам.

Джон Роберт Фаулз , Джон Фаулз

Проза / Зарубежная классическая проза / Классическая проза / Проза