Читаем Сны iмператара полностью

— Дзе ж тады сапраўдная крыніца вашага натхнення?

Яна застыла ў прыгожай паставе, упэўненая, што ведае ягоны адказ.

— Дзе? — Гэтая ўпэўненасць не схавалася ад паэта.— Аднойчы я чуў, як пяюць пад звон кайданоў палонныя татары. Яны ворагі маёй краіны, але калі я пачуў, як яны плачуць па радзіме і па сваіх пустых тулах, у мяне зашчымела сэрца. Тут, у Рыме, я разумею іхнюю песню яшчэ лепей.

У агатавых вачах Франчэскі было расчараванне, аднак яна не пакідала сваёй гульні.

— Хіба вы палонны? Хто ж у такім разе паланіў вас? — Яна закрылася вахлікам і зірнула на паэта паўзверх жоўта-зялёнай птушкі.

Пісаныя і няпісаныя правілы галантнасці вымагалі ад яго толькі аднаго адказу, якога прагнула юная капрызніца. Здаецца, зусім проста — сказаць некалькі зазвычаеных слоў. Але ён ведаў, што не зможа пераступіць праз нейкую перашкоду ў самім сабе.

— Хто ж паланіў вас? — настойліва паўтарыла яна.

— Туга па радзіме,— адказаў ён, заўважаючы, як у яе ў вачах прачынаецца зласлівасць.

— Я хачу паслухаць вашыя вершы,— уладна сказала Франчэска.

Яна стаяла, напалову павярнуўшыся да вакна, і ветрык перабіраў яе валасы. Злёгку ўскінуўшы голаў, Гусоўскі пачаў:

Што толькі ёсць на зямлі, гэта створана ўсё дзеля шчасця.


Зоркі ў цямноце мігцяць, асвятляюць слабенькім зіхценнем,


Моцай таемнаю; пыл залацісты ў крынічным паветры


Шчасна згадаеш. Прыроды дарункі — імклівыя птушкі,


Рыбы, звяры, і пладоў, і металаў бясконцыя скарбы...

Гэтыя радкі ён таксама перапісаў два тыдні таму на зеленкаватую паперу, але па твары Франчэскі нельга было прачытаць: знаёмы ёй гэты верш ці яна чуе яго ўпершыню.

Радуе ніва ратая сваім ураджаем аквітным...*

* Пераклад з лацінскай Сяргея Сокалава-Воюша.

Краем вока Гусоўскі змеціў, што з дзвярэй робіць гаспадыні нейкія знакі чорнавалосая пакаёўка. Франчэска кіўнула ёй і рухам рукі загадала паэту спыніцца.

— Я атрымала ваш ліст,— сказала яна, пазіраючы ў вакно.— Цяжка ўявіць сабе ўчынак больш легкадумны, чым ваш. Вы забыліся, хто вы. Мне вядома, што ў спісах каралеўскага пасольства нават няма вашага імя. Толькі вашы паэтычныя здольнасці не дазваляюць мне неадкладна паведаміць пра ўсё маім бацьку і брату. Калі вы не спыніцеся, яны змогуць абараніць мяне ад вашых дамаганняў.

Гусоўскі адчуў, як усю ягоную істоту залівае задушлівая гарачыня. Ён хацеў нешта сказаць, ды гэтая ліпучая гарачыня ўжо запоўніла горла і грудзі. Высілкам волі ён здолеў пакланіцца і імкліва выйшаў у дзверы, несучы на сабе насмешліва-цікаўны позірк чарнявай пакаёўкі.

Ён ішоў, не заўважаючы нікога, сам-насам са сваім болем і сваёй крыўдай. Насустрач яму трапіўся струплявы ў каўпаку, які належала насіць усім, каго зачапіла гэтая немач. Таксама як вакол хворага на праказу нават на самых людных вуліцах утваралася пустата, вакол Гусоўскага была вязкая ціша, якую не маглі змагчы ні грукат жалезных брусоў па ваканіцах — гандляры ўжо зачынялі крамы, ні крыкі вулічных прадаўцоў вады, ні страшная ляскотка струплявага, які ў апошні момант сам адхіснуўся ад чалавека, што ішоў проста на яго.

Паэт не чуў лаянкі, якою ўзнагародзіў яго струплявы. У звінючай цішыні, што нябачным шчытным вопраднем абкружыла Гусоўскага, гучала адно і тое ж. Вы забыліся, хто вы. У спісах пасольства нават няма вашага імя...

Намагаючыся ўцячы ад наслання, ён прыспешваў хаду, але абразлівыя словы ўсё адно даганялі і смяяліся яму проста ў вочы.

Вы забыліся, хто вы...


II.

У гэтыя хвіліны пасол вялікага князя літоўскага i караля польскага Жыгімонта Казіміравіча пры папскім двары ў Рыме біскуп Эразм Вітэліус узрушана хадзіў па даўгой галерэі, што з трох бакоў аблямоўвала пасольскую рэзідэнцыю. Эразм кагадзе вярнуўся дадому, і на ім яшчэ было адзенне для конных прагулянак — кароткі лёгкі плашч, скураныя нагавіцы да каленяў і высокія боты са светлага юхту. Каралеўскаму паслу наўрад хто-небудзь даў бы ягоныя сорак з гакам — так лёгка нёс ён сваё паўнаватае, але падабрана-спружыністае цела, так маладжава выглядаў ягоны голены загарэлы твар. Маладосці дадаваў яму і высокі рост з ганарыстай паставай. Праўда, уражанне крыху псавалі зрадзелыя чорныя валасы, затое на буйной і круглай, як кавун, галаве іх заставалася акурат столькі, каб біскуп Вітэліус мог, нічым не рызыкуючы, не галіць танзуры.


Раз-пораз па ягоным твары прабягала лёгкая ўсмешка чалавека, якому раптам вельмі пашанцавала. Сёння ў яго сапраўды быў адзін з тых дзён, якія Катул меў звычку адзначаць белым каменьчыкам, адзін з нячастых за тры пасольскія гады ў Рыме дзён, калі Эразм быў задаволены і сабой, і хадою падзей.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Мантисса
Мантисса

Джон Фаулз – один из наиболее выдающихся (и заслуженно популярных) британских писателей двадцатого века, современный классик главного калибра, автор всемирных бестселлеров «Коллекционер» и «Волхв», «Любовница французского лейтенанта» и «Башня из черного дерева».В каждом своем творении непохожий на себя прежнего, Фаулз тем не менее всегда остается самим собой – романтическим и загадочным, шокирующим и в то же время влекущим своей необузданной эротикой. «Мантисса» – это роман о романе, звучное эхо написанного и лишь едва угадываемые звуки того, что еще будет написано… И главный герой – писатель, творец, чья чувственная фантазия создает особый мир; в нем бушуют страсти, из плена которых не может вырваться и он сам.

Джон Роберт Фаулз , Джон Фаулз

Проза / Зарубежная классическая проза / Классическая проза / Проза