Асабліва ж вераць тут у ваўкалакаў-пярэваратняў. Гаварыў я, крыж на сябе паклаўшы, з адным чалавекам, які быццам бы сам пяць летаў ваўком быў. Павадзіўся неяк з суседкаю, а тая яму сваімі чарамі і адпомсціла. Павёз з кумам у Дзісну тавар бандарскі прадаваць, распрэглі ў дарозе коней і пусцілі пасвіцца. І так таму чалавеку млосна зрабілася, і нудзіла яго і круціла, і прымроілася яму, што адзіны паратунак ад наслання - праз хамут пралезці. А як пралез - ваўком зрабіўся і ў лес пабег. Тры зімы і леты адзінцом бегаў, а на чацвёртае лета прынялі яго ваўкі ў гайню. На колькі ваўкалаку чараўнік загаворыць, столькі ён у звярыным абліччы і хадзіць мусіць. Так той гаротнік з ваўкамі і жыў, пакуль яго аднаго разу, як цягнуў з чарады авечку, пастух дванаццаць разоў пугаю не перахрысціў, а пасля гэтага ваўчыная шкура адразу і злезла. Цяжка яму ў лесе жылося ды яшчэ забыць баяўся, што не звер ён, а чалавек, а таму кожнае раніцы мыўся, пысаю па роснай траве водзячы і ўвесну лапамі зямлю разграбаў, бо такой парою людзі аруць і сеюць. І казаў мне той ваўкалака былы, што, як ні жудліва сярод ваўкоў жыць, а цяпер, калі цар наш Іван Васілевіч Полацак пад сваю ўладу забраў, ён, чалавек гэты, каб прымеў, зноўку ў лес вярнуўся б.
Месцічы полацкія ў розных рамёствах умелыя і абазнаныя, працаваць любяць, а пра лайдака ды чалавека няўмелага кажуць - перапрашаю, матухна, - што ў яго рукі ў срацы, і такіх яны за апошніх людзей маюць. І смяяўся адзін збройнік мне знаёмы, пра якога пасля скажу, з казкі нашай маскоўскай пра Ямелю, і дзівіўся, што мы гэтага Ямелю, які на печцы рукі склаўшы сядзіць, не ганім, а нібыта і любім. Працуюць жа майстры полацкія цяпер мала што не задарма на цара і вялікага князя Івана Васілевіча, а шмат якіх людзей рамесных у Маскву жывасілам павялі.
Народ гэты чысціню шануе, і вясёлы, і не злапомны, і гасцінны. Калі да каго госці прыйдуць, гаспадар кажа: «Госць у хаце, Бог у хаце» і ўсё лепшае на стол ставіць. Але занепадаюць іхнія звычаі адвечныя пад нашаю ўладаю, бо стральцы завядзёнку завялі, у чужыя дамы, як у свае, заходзіць, і не толькі маетнасць чужую за сваю маюць, але і жонак чужых таксама. Дзіва што нас людзі полацкія, хоць і адной з намі веры, не ганаруюць і ўсё ўспамінаюць, як гасудар кроў ліў і гэбраяў у Дзвіне падлёдным хрышчэннем хрысціў, бо яны з гэбраямі зжыліся і не варагавалі.
Было ў месце Полацкім багата людзей у мовах замежных, і ў навуках багаслоўскіх, і граматычных, і рытарычных, і іншых абазнаных, і іх гасудар наказаў у Маскву адпраўляць, але і цяпер тут па манастырах такіх людзей даволі.
Паказваў мне адзін манах любамудры тое месца, дзе да вялікага пажару абложнага дом стаяў, у якім вучоны доктар Скарына на свет прыйшоў, які нашымі літарамі кнігі не перапісваць, а на варштатах ціснуць пачаў. Адціснуў ён Біблію і гнеў на сябе царкоўных валадароў наклікаў, бо ператлумачыў Святое Пісьмо на мову, простым людзям зразумелую, да таго ж кнігі свае ерэтычнымі малюнкамі аздобіў, дзе на адным сам Госпад Бог без німба, а на другім уласнае сваё аблічча гэты Скарына ў святой кнізе паказаць не збаяўся. Чуў я, што прывозіў ён кнігі свае да нас у Масковію яшчэ пры бацьку нашага гасудара, пры вялікім князю Васілю Іванавічу, і загадаў вялікі князь тыя кнігі, як спакусу д'яблаву, спаліць.
Адну з кніг таго вучонага доктара бачыў я ў Сафіі прамудрасці Божай, і шмат іншых кніг там, у саборы Сафійскім, ёсць, бо ад самога князя Ўсяслава Чарадзея манахі там летапісы пісалі і кнігі старадаўнія збіралі. Ёсць у ёй кнігі вучоных грэцкае царквы, спаміж якіх «Небесная і царкоўная гіерархія» Дзяніса Арэапагіта, што вучнем у апостала Паўла быў, і кнігі святога Мяфодзія, апостала славянскага, ды брата ягонага, святога Кірылы. Усе яны на славянскай мове і не толькі рукою пісаныя, але і на друкарскіх варштатах ціснутыя. У Княстве Літоўскім ужо летаў з паўсотні, а ў іншых краінах з ім сумежных і больш за сотню летаў, як друкарні ёсць. У нас жа ў Масковіі толькі нядаўна варштаты друкарскія завяліся, і летась, чуў я, Пятро Цімафееў, родам мсціславец, з гэтае зямлі літоўскае, ды разам з ім дыякан царквы святога Міколы Гастунскага Іван Фёдаровіч, таксама на зямлі літоўскай уроджаны, кнігу з дзеямі і пасланнямі святых апосталаў ціснулі. Пішу гэта найбольш дзеля цябе, брат мой малодшы Глеб, таму што хачу, каб быў ты чалавекам кніжным, а не да ратных справаў смертазабойчых гарнуўся.
Шмат дзён я ў Сафіі прамудрасці Божай сярод старых кніг сядзеў, бо прыйшоў ад цара Івана Васілевіча таемны загад летапісы полацкія ды граматы перагледзець і спіс скласці, каб потым іх у Маскву везці, а каторыя і агню аддаць. Уважае гасудар, што не трэба, каб памяталі палачане, як некалі сваю дзяржаву мелі, і як князі полацкія з візантыйскімі кесарамі радніліся, і як сам Полацак з вялікімі вольнасцямі да Літвы адышоў. А чаму так гасудар уважае, зразумець няцяжка, бо людзі, якія даўніны свае не ведаюць, усё жыццё дзяцьмі застаюцца, і падмануць іх гэтаксама лёгка, як дзіця неразумнае.