Так прабыў я ў месце Полацкім вясну, і лета, і восень, а зімою прычынілася ў снежні залева нечуваная, і паводка пачалася, і на рэках з трэскам вялікім ільды паўзламала, так што па Дзвіне да самага свята Нараджэння Хрыстовага на караблях ездзілі. Таго ж месяца снежня, як вядома мне, прыйшлі да цара і вялікага князя Івана Васілевіча з Літвы староста бельскі пан Юры Аляксандравіч Хадкевіч, ды староста слонімскі пан Рыгор Багданавіч Валовіч, ды дзяк Міхайла Галабурда і з імі каралеўскае шляхты семдзесят чалавек і іншых людзей да дзвюх тысяч. І прасілі яны ў цара замірэння ад снежня да ліпеня месяца на паўгода. Як зазвычай, вымагалі паслы Жыгімонтавы ад нас Ноўгарада і Пскова, апрача ўсіх заваёў дзеда і бацькі цара нашага і земляў, ім самім да Маскоўскае дзяржавы прырошчаных. Баяры ж нашыя на гэта адказвалі, што трэба нам дзеля міру не толькі Кіеў ды Валынь з Падоліяй у Літвы ўзяць, але і Вільню, ды наракалі на караля, што не хоча Івана Васілевіча царом менаваць. Потым паменшылі цану і паслы, і баяры, аднак гасудар загадаў паслам адмовіць, бо стаяла ўжо наша раць зімовая напагатове, у Літоўскую зямлю сабраная.
Наказаў гасудар так каралеўскім пасланцам сказаць: калі хочуць замірыцца, дык могуць тое і на дзесяць гадоў учыніць, абы воласць Полацкую і Лівонію нам адпісалі. І яшчэ сказаў Іван Васілевіч: «Не хоча мне кароль царскага імя даваць - вольнаму воля! Не маю патрэбы ў тытуле, бо ўсім вядома, што род мой ад рымскага кесара Аўгуста, а дадзенага Богам чалавек не адбярэ». Паслы аб продках царовых спрачацца не сталі, але ні Полацка, ні Лівоніі пацвердзіць за намі не захацелі, а білі цару чалом, просячы прапускную грамату да Барысава, каб заставы ім ніякай крыўды не чынілі.
Думаю я, невялікая карысць дзяржаве нашай з таго, што гасудар сябе вышэйшым ад усіх іншых уладароў каранаваных уважае і манархаў не спадчынных, а на трон абраных, абражае безразважна, паўтараючы, што ён цар паводле волі Божае, а не паводле шматмяцежнага хацення чалавечага. Няма разважання дзяржаўнага ў тым, што караля і вялікага князя Жыгімонта называе цар «паче худейша худейших рабов суща», а каралеву ангельскую Лізавету - пошлаю маладзіцаю. Суседа ж нашага караля шведскага, якога бацька быў не каралеўскае крыві, а просты дваранін, Іван Васілевіч сабе роўным не лічыць і ў лістах, якія мне Божай воляю перапісваць давялося, роспытамі даймае: «А ты скажы, бацька твой чый сын, і з якімі гасударамі быў у сваяцтве, і якога ты роду гасударскага?» І смяяўся з караля, што ён, як маскоўскія купцы ў Швецыю сала і воск прывезлі, сам, рукавіцы надзеўшы, тавар гэты глядзеў і важыў.
У той жа час, як паслы Жыгімонтавы з царскаю граматаю ад'ехалі, сканаў ад старасці мітрапаліт Макарый, і абралі замест яго першасвятаром маскоўскім інака Чудава манастыра Афанасія, духоўніка царскага. Кажуць, што выслухаў ён ад Івана Васілевіча вітальнае слова і багаславіў яго, просячы ў Госпада ўладару нашаму жыццёвае сілы ды перамогі, пра дабрачыннасць жа ўзгадаць святы айцец не наважыўся.
А ваяводы царскія збіраліся ўжо ў Вязьме, і ў Дарагабужы, і ў Смаленску. І полацкаму намесніку князю і гаспадару майму Пятру Іванавічу Шуйскаму наказаў гасудар ісці да Воршы і, не даходзячы да яе пяць вёрстаў, у пэўны дзень у сяле на Барані з ваяводамі вяземскімі князямі Сярэбранымі-Абаленскімі сустрэцца і ісці ад Воршы да Менска і да Наваградка, варожую краіну палячы.
Тады акурат, як загадаў князь Пятро Іванавіч да выступу рыхтавацца, чытаў я ў Сафіі прамудрасці Божай старадаўнія граматы і напаткаў між іх слова пра бітву, што за пяцьдзесят летаў перад тым пад Воршаю на рацэ Крапіўне прычынілася. Дзяржава наша ў тыя леты таксама з Літвою ваявала, і мы з Божаю дапамогаю Смаленск узялі, і вялікі князь Васіль Іванавіч ужо загадаў ваяводам войска літоўскае ды польскае з каралём да Масквы, як быдла, пугамі прыгнаць. Вось там, пад Воршаю, нашыя ваяводы, 80 тысяч людзей маючы, з гетманам літоўскім Канстанцінам Астрожскім сышліся, у якога пад рукою 25 тысяч жаўнераў было, і той гетман нашае войска разбіў, ды так, што палова на полі палегла ды ў Дняпры і ў Крапіўне патанула, а ваяводы галоўныя Чаляднін і Булгакаў-Голіца, а з імі яшчэ восем ваяводаў, у палон трапілі. Прачытаў я тое, бацюхна і матухна мае, і ад чорнага прадчування сэрца затрымцела.