Праз нейкі час ён усё ж дарваўся да кацялка з вадой і доўга, пакутліва піў. Але вада была цёплая, нясмачная, яна не спатольвала смагі, толькі агідна напаўняла жывот, яму рабілася блага. Пакуты яго павялічыліся. Галаве было надта горача ад паўдзённага сонца; у акопчыку, дзе ён стаяў, скрозь перасыпаўся пясок, тырчала сухая трава і ні кусціка не было побач. Ён зусім яшчэ не напіўся, як за спіной раздаўся вокрык кіраўніка стрэльбаў палкоўніка Логінава: «Тэмп! Тэмп!» Сотнікава гэта здзівіла і збянтэжыла адначасна: як жа ён мог патраціць столькі часу на гэты вадапой пры стральбе? Ён жахнуўся, што не ўкладзецца ў тэмп падачы каманд, які замест 6-10 секунд, мабыць, пераваліў за хвіліну.
Паступова, аднак, ягоныя відовішчы прыглушыліся, сталі меней выразныя, часам перамешваліся з недарэчнымі вобразамі і знікалі. Нязменныя асталіся толькі пакуты...
Калі ў камеру вярнулі Рыбака, Сотнікаў, нібы труп, ціха ляжаў у забыцці, прыкрыты шынелкам. Рыбак адразу апусціўся побач, пацягнуў шынелак, паправіў Сотнікаву руку. Паламаныя яго пальцы зліпліся ў крыві, і Рыбак жахнуўся ад думкі, што гэта ж самае маглі зрабіць і з ім. На першы раз расправа нейкім цудам абмінула яго, але што будзе заўтра?
- Хлопец, тут, гэта, вады трэба! - сказаў з кута Пётра, пакуль Стась упраўляўся з дзвярамі.
- Я табе не хлопец! А пан паліцэйскі! - зверавата выпнуўся Стась.
- Хай паліцэйскі. Звініце. Чалавек от памірае.
- Туды і дарога бандыту. І табе тожа.
З перуновым ударам зачыніліся дзверы, стала цёмна. Пётра, уздыхнуўшы, апусціўся на салому ў куце.
- Звяр'ё!
- Ціха вы, - сказаў Рыбак. - Пачуюць.
- Хай чуюць. Што ўжо баяцца...
Зачыніліся і другія дзверы, на прыступках заглухлі Стасевы крокі. Зрабілася дужа ціха, і стала чутно, як дзесь непадалёк у склепе нехта ціхенька плакаў - кароткія ўсхліпы, паўзы, мабыць, дзіця ці жанчына. На саломе трапянуўся, напружыўся і сціх Сотнікаў.
- Да-а, гэтага знявечылі. Ці выжыве? - сказаў Пётра.
Рыбак падумаў: «Мусіць, не выжыве». І раптам яму дужа выразна і шчасліва адкрылася: калі Сотнікаў памрэ, дык ягоныя шансы выжыць, відаць, павялічацца. Іншых тут сведак няма, можна будзе казаць пра атрад што здасца патрэбным, праверыць не будзе ў каго.
Ён сам разумеў нялюдскасць свайго жадання, але, колькі ні думаў, вяртаўся да высновы, што так будзе лепш. Яму, Рыбаку, ды і самому Сотнікаву, бо пасля ўсяго, што сталася з камбатам, хіба ён жыхар на свеце? А Рыбак, можа б, як выкруціўся і тады ўжо напэўна расквітаўся б з гэтымі свалачамі за ягонае жыццё і за свае страхі таксама. Вядома, ён не збіраўся выдаваць ім партызанскіх сакрэтаў, ні тым болей ісці ў паліцыю, хоць і ведаў, што ўхіліцца ад яе, мабыць, будзе нялёгка. Але яму важна было выйграць час - усё астатняе залежала ад таго, колькі ён пратрымаецца.
Сотнікаў цяжка і хрыпата дыхаў, трохі стагнаў, але толькі ледзь-ледзь, і Рыбак падумаў: не выцягне. Тут і з моцным здароўем нядоўга загнуцца, дзе ўжо яму!
- А табе, гляджу, болей пашэнціла, - памяркоўна сказаў стары.
Гэта непрыемна зачапіла Рыбака - якая ягоная справа? Але ён адказаў спакойна:
- Маё ўсё наперадзе.
- Ну ведама ж, наперадзе. Так яны не даруюць.
Рыбак насцярожана паглядзеў у кут - яму не падабаліся няпрошаныя прароцтвы гэтага чалавека: адкуль яму знаць, даруюць ці не. У яго ішоў залік па асобнаму ад іншых рахунку, у дабратворную сілу якога ён ужо амаль што паверыў і стараўся як мага падрабязней усё гэта абдумаць.
Але месца гэтае, мусіць, было не надта прыдатнае на роздум: толькі ён засяродзіўся ўвагай на сваіх клопатах, як на прыступках зноў затупалі крокі. Думаў - каго вядуць, але загрымеў засоў іхніх дзвярэй, і на парозе з'явіўся той самы Стась.
- На вады! Жыва! І каб гэты бандзюга быў да заўтра як штых! А ты, стары падла, марш да Будзілы!
Рыбак патушыў у сэрцы трывогу, пераняў з рук паліцая круглы кацялок са сцюдзёнай вадой. Пётра ў куце няўцямна ўставіўся ў дзверы.
- А навошта, не знаеш?
Стась з непадробнай шчырасцю рагатнуў:
- Знаю: у падкіднога гуляць. Ну, давай, жыва!
Стары падняўся, падабраў з долу кажушок і, угнуўшы голаў, выйшаў з каморкі. Дзверы зноў з грукатам зачыніліся.
Рыбак стаў на калені і пачаў далікатна тармашыць Сотнікава. Той, аднак, толькі стагнаў. Тады ён адною рукой нахіліў кацялок, а другой прыпадняў голаў напарніка і бадай сілком нешта ўліў таму ў рот. Сотнікаў здрыгануўся, але тут жа прыпаў вуснамі да шурпатага берага кацялка, некалькі разоў глытнуў.
- Хто гэта?
- Гэта я. Ну, як ты? Лепей?
- Рыбак? Фу ты! Дай яшчэ.
Рыбак зноў прытрымаў яго галаву. Сотнікаў, лязгаючы зубамі па кацялку, выпіў болей. І пластам аблёг на салому.
- Што, мучылі здорава? - спытаў Рыбак.
- Да, брат. Дасталося, - выдыхнуў Сотнікаў.
Рыбак нацягнуў на яго шынелак, сам прываліўся спіной да цаглянай сцяны, услухоўваючыся ў хрыпатае дыханне таварыша, якое, аднак, патроху выроўнівалася.
- Ну, як пачуваешся?
- Цяпер добра. Лепш. А цябе?
- Што?
- Білі?
Гэтае пытанне застала Рыбака знянацку, ён не знаў, як коратка сказаць таварышу, чаму яго не білі.
- Ды не, не дужа.