«Бася? Што за Бася? Быццам жыдоўскае імя, але адкуль яно ўзялося, гэта дзяўчо? - здзівіўся Рыбак. - Усіх жыдоў у мястэчку расстралялі яшчэ ўвосень, здаецца, не асталося ніводнага - як гэта апынулася тут? І чаму яе прывялі ў іхнюю камеру, а не да Дзёмчыхі?»
- Адкуль ты? - не тоячы заклапочанае цікаўнасці, запытаў Рыбак. Дзяўчынка маўчала. Тады ён запытаў другое: - А колькі табе гадоў?
- Трынаццаць.
У куце заварушыўся Пётра.
- Гэта самае... Ці не Мэера-шаўца ты дачка?
- Ну, - ціха пацвердзіла дзяўчынка.
- А-я! Мэера ж тады застрэлілі з усімі. Як жа ты ацалела? Мусіць, схавалася дзе?
У адказе было ціхае, насцярожанае, а можа, недаверлівае, маўчанне. Зрэшты, Рыбак ужо не чакаў яе адказу, ён раптам згубіў усякую цікавасць да гэтай дзяўчынкі, устрывожаны іншым: чаму яе сюды прывялі? У склепе ж былі, напэўна, і яшчэ месцы, недзе паблізу сядзелі жанчыны - навошта дзяўчынку падсадзілі ў мужчынскую камеру? Які ў гэтым сэнс?
- І чаго ім трэба ад цябе? - тым часам распытваў Басю Пётра.
- Каб сказала, у каго хавалася.
- А-а, во як! - зразумеў у кутку Пётра. - Ну што ж... Гэта так. А ты не сказала ж?
Бася зацялася, нібы і не дыхала, абмерла і маўчала.
- І не кажы, - проста адобрыў стараста. - Нельга такое казаць. Людзі дабро зрабілі, дык і маўчы. Калі і біць будуць. Ці, мусіць, цябе ўжо білі?
Замест адказу ў парозе пачуўся хліп, за якім прарваўся нясцерпны, балючы плач. Ён быў кароценькі, але столькі дзіцячай роспачы вылілася ў ім, што ўсім у гэтай камеры зрабілася ніякавата.
Сотнікаў на саломе нібы ачнуўся і на момант зацяў дыханне.
- Рыбак!
- Я тут.
- Там вада была.
- Што, піць?
- Дай ёй вады. Ну што ж ты сядзіш!
Намацаўшы пад сцяной кацялок, Рыбак пацягнуўся ў парог да дзяўчынкі.
- Не плач. На вады.
Бася трохі папіла і адразу неяк суцішылася.
- Ідзі да мяне, - паклікаў Пётра. - Тут во месца ёсць. Будзем сядзець. Во ля сцяны дзяржыся.
Дзяўчынка ўстала і, нячутна ступаючы ў цемры босымі нагамі, паслухмяна перайшла да старога. Той трохі пасунуўся, даў ёй месца поруч з сабой.
- Да-а! Папаліся... Што яны яшчэ зробяць з намі?
Рыбак засяроджана маўчаў, не маючы ахвоты падтрымліваць размову; побач ціхенька стагнаў Сотнікаў. Яны чакалі. Уся іх увага цяпер міжвольна засяродзілася на прыступках - адтуль ішла бяда.
І сапраўды, чакаць яе доўга не давялося.
Праз якую гадзіну там затупацелі знаёмыя крокі, пачулася злосная гамонка: «Ідзі, ідзі!» - «Каб цябе так у пекла гналі, нячысцік!» - «Ану, варушыся, а то як дзвіну!» - злосна прагырчаў мужчынскі голас. На прыступках затупалі, замацюкаліся. Сумнення не было - гэта вялі Дзёмчыху.
Але чамусьці яе таксама не пагналі ў ранейшую камеру - крокі спыніліся ля іхніх дзвярэй, загрымеў засоў, і той самы, ужо добра знаёмы ім Стась піхнуў Дзёмчыху цераз парог. Жанчына спатыкнулася, зачапілася за Рыбаковы ногі, упала і голасна залямантавала ў цемры:
- Куды ты піхаеш, нягоднік! Тут мужыкі, а Божачка мой!..
- Давай, давай! Чорт цябе не возьме! - прыкрыкнуў Стась. - Да ранку перабудзеш!
- А ўранку што? - запытаў Рыбак, раптам учуўшы нейкі намёк у голасе паліцая.
Стась ужо прычыніў быў дзверы, але зноў расчыніў іх і гаркнуў у шчыліну:
- А ўранку грос алес капут - во што? Фарштэйн?
«Капут? Як капут?» - трывожна пранеслася ў збянтэжанай свядомасці Рыбака. Але сэнс гэтага слова быў надта выразны, каб доўга сумнявацца ў ім, і гэтая яго выразнасць ударыла, як аглаблёй па галаве. Значыць - уранку канец!
Амаль не адчуваючы сябе, Рыбак механічна падцягнуў ногі, даў прымасціцца ля парога жанчыне, якая ўсё хліпала, смаркалася, нарэшце пачала ўздыхаць - спакойнець...
Хвіліну яны ўсе маўчалі, потым Пётра памяркоўна разважыў:
- Што ж зробіш, калі папаліся. Адкуль ты, жанчынка?
- З Паддуб'я, калі ведаеце.
- Ведаю, а як жа. Чыя ж ты там будзеш?
- Ды Дзёмкі Вокуня жонка.
Імкнучыся як-небудзь прыцяць у сабе нядобрыя прадчуванні, Рыбак пад сцяной пачаў прыслухоўвацца да Дзёмчыхі. Чамусьці ён не хацеў адзывацца, тым болей што Дзёмчыха, мабыць, не пазнала яго ў цемры. Але яны пазнаёміліся ўжо з яе сварлівым характарам, і цяпер, апынуўшыся ў такім становішчы, Рыбак думаў, што гэтая цётка яшчэ ўчыніць ім тут скандал - было за што. Але яна памалу спакойнела, яшчэ раз высмаркалася. Голас яе пакрысе рабіўся цішэйшы, такі, якім яна размаўляла з імі ў вёсцы. Хіба толькі трудныя паўзы між яе адрывістых фраз сведчылі пра яе перажыванні.
- Дзяла, - заклапочана сказаў Пётра. - А Дзёмка ў войску?
- Ну. Дзёмка там недзе горачка прымае, а з мяне тут знушчаюцца. Забралі во! Дзяцей на каго пакінулі? Як яны будуць там без мяне! Ой, дзетачкі мае родненькія!..
Толькі што сціхшы, яна загаласіла-заенчыла зноў, і гэты раз ніхто яе не суцяшаў, не супакойваў - было не да таго. У камеры злавесна гучалі страшныя словы Стася; яны прыгнялі, устрывожылі, змусілі нядобра апанурыцца ўсіх, апроч хіба старасты, які аставаўся знешне спакойны і разважлівы. Між тым Дзёмчыха неяк нечакана, нібы ўсё выплакаўшы, паўздыхала і спакойней ужо зазначыла:
- Во людзі! Як звяры! Глядзі, якім чортам стаў гэты Пронька.
- Партноў, ці што? - падтрымаў размову Пётра.