Читаем Сотнікаў полностью

- Ну. Я ж яго кавалерам памятаю - тады ўсе Пронькам звалі. А пасля на настаўніка вывучыўся. Ягоная ж матка на хутары жыла, дык каждае лета на малако ды на яблычкі прыязджаў. Наглядзелася. Такі ласкавы быў, «дабрыдзень» усё раздаваў, з мужчынамі за ручку здароўкаўся.

- Знаю Партнова, а як жа, - сказаў Пётра. - Супраць Бога, бывала, агітаваў. Ды так складна...

- Вужака ён быў. І ёсць вужака. Не ўсе ведаюць толькі. Культурны.

- А паліцайчык гэты таксама з вашага боку бытта?

- Стась? Наш. Піліпёнак малодшы. За панажоўшчыну пасадзілі, ды вярнуўся, як пачалося гэта. І што вырабляць стаў - страх. У мястэчку ўсё з жыдоў знушчаўся. Біў, казалі, страляў. Дабра нацягаў - Божачка мой! Усю хату заваліў. А цяпер во і да нас, хрышчоных, дабраўся.

- Гэта так, - пагадзіўся Пётра. - З жыдоў пачалі, а, глядзі, намі скончаць.

- Каб ім на асіне вісець, вырадкам гэтым.

- Я во ўсё думаю, - заварушыўся стараста. - Гэтыя нашы, каторыя з імі? Як во іх разумець? Жыў, еў каторы, людзям у вочы глядзеў, а цяпер займеў вінтоўку і ўжо застрэліць меціцца. І страляюць! Колькі перабілі...

- Як гэты, як яго... Будзіла ваш, - са злосцю напомніў Рыбак.

- Хапае. І Будзіла, і ці мала яшчэ якіх, тутэйшых і чорт ведае адкуль. Любіцеляў паразбойнічаць. Што ж, цяпер ім прыволле, - глухім басам разважаў лясінаўскі стараста.

Штосьці ўспомніўшы, яго нецярпліва перапыніла Дзёмчыха:

- Кажуць, Хадаронак гэты, што ўночы падстрэлілі, здох. Каб ім усім паздыхаць, гадаўю гэтаму.

- Усе не паздыхаюць, - сказаў, уздыхнуўшы, Пётра. - Хіба што нашыя пераб'юць.

На саломе заварушыўся, задыхаў, спрабаваў падняцца ды зноў апаў долу Сотнікаў.

- Вы даўно так думаеце? - прасіпеў ён.

- А што ж думаць, сынок? Усім ясна.

- Ясна? Як жа вы тады ў старасты пайшлі?

Настала няёмкая цішыня, усе змоўклі, насцярожаныя гэтым зласнаватым пытаннем. Нарэшце Пётра, нешта адолеўшы ў сабе, загаварыў дрыготкім, мусіць, ад хвалявання, голасам:

- Я пайшоў! Калі б ведалі... Нягожа гаварыць тут. Хаця што ўжо цяпер таіцца. Адбрыкваўся, як мог. У раён не ехаў. Хіба я дурны, не разумею, ці што. Ды во гэтак уночы раз - тут-тук у акно. Адчыніў, гляджу - наш былы сакратар з раёна, начальнік міліцыі і яшчэ двое, пры зброі. А сакратар мяне ведаў калісь, яшчэ ў калектывізацыю адвозіў яго пасля сходу. Ну, слова за слова, кажа: «Чулі, цябе ў старасты мецяць. Дык пагаджайся. А то Будзілу паставяць - усім горай будзе». Во і пагадзіўся на сваю галаву.

- Да-а, - няпэўна сказаў Рыбак.

- Паўгода выкручваўся. А цяпер што рабіць? Давядзецца пагінуць.

- Пагінуць справа няхітрая, - буркнуў Рыбак, канчаючы непрыемную яму размову. Тое, што паведаміў пра сябе стараста, не было нечаканасцю - пасля допыту ў Партнова Рыбак аб чым-колечы ўжо здагадваўся. Але цяпер ён быў цалкам заняты сваім клопатам і болей за ўсё баяўся, каб некаторыя з яго выказаных тут меркаванняў не дайшлі да вушэй паліцыі і не абарвалі апошнюю нітачку яго спадзяванняў.

Сотнікаў між тым, расплюшчыўшы вочы, моўчкі ляжаў на саломе, не ведаючы яшчэ, верыць пачутаму ці ўсумніцца. Аднак падобна было - стараста гаварыў праўду. Але што ж тады выходзіла? Выходзіла нешта зусім малапрыемнае для іх. У спакучанай свядомасці Сотнікава з'явілася адчуванне нейкай недарэчнай памылкі адносна Пётры. Але хто ў ёй вінаваты? Ніхто, мабыць, не мог прадбачыць такога выніку - шэраг выпадковых няўвязак прывёў да такога канца. Хаця тут трэба было яшчэ разабрацца, тады як у выпадку з Дзёмчыхай усё было зразумела: Дзёмчыха - жывы дакор іх недаравальнай абыякавасці. З некаторым страхам прыслухоўваючыся цяпер да рухаў жанчыны, Сотнікаў таксама чакаў, што кабета пачне іх лаяць апошнімі словамі. Ён не ведаў, чым бы тады адказаў ёй і чым супакоіў. Але пакуль што яна ўсю сваю злосць скіроўвала на паліцыю і немцаў - іх жа з Рыбаком і не ўспамінала, нібы яны не мелі дачынення да яе бяды. На жахлівае паведамленне Стася яна таксама, здаецца, не рэагавала, можа, не зразумела яго ці проста не звярнула ўвагі.

Зрэшты, зразумець яго было страшна нават ужо навучанаму іхнім парадкам Сотнікаву. Ён таксама не мог даўмецца, ці паліцай палохае іх, ці сапраўды вырашана скончыць з усімі ў адзін дзень? Няўжо ім не хапіла б дзвюх смерцяў - яго з Рыбаком, навошта яшчэ забіваць і Дзёмчыху, і гэтага старасту, і дзяўчынку? Неверагодна, але, мусіць, так, думаў Сотнікаў. Скарпіён павінен джаліць, інакш які ж ён скарпіён? Дзеля таго і пазапіхвалі іх у адну камеру. Камеру смертнікаў.


15


Неўпрыцям неяк Рыбак, здаецца, заснуў, як сядзеў, скурчыўшыся пад сцяной. Зрэшты, наўрад ці гэта быў сон - хутчэй забыццё на якую гадзіну; неўзабаве трывога адагнала яго, і Рыбак прахапіўся, не адразу разумеючы, дзе ён. Побач у цемры ціхенька шапацела размова, чуваць быў знаёмы дзіцячы голас, які напомніў яму пра Басю. Часам яго перапыняў хрыпаты старэчы шэпт - гэта ўстаўляў сваё слова Пётра. Рыбак таксама ўслухаўся ў сцішаны шапоткі расказ, падобны да шамацення саламянай страхі на ветры.

Перейти на страницу:

Похожие книги