- Спярша хацела бегчы за імі, як іх павялі. Выскачыла з гародчыка, а цётка Праскоўя кажа: «Нізашто не хадзі - хавайся!» Дык я пабегла назад, цераз гароды, улезла ў лазовы куст. Можа, знаеце, вялікі такі куст лазняку ў канцы гародаў ля рэчкі? Густы-густы. За два крокі сцежачка на кладку. Як сядзіш ціха, не шавелішся, ніколечкі цябе не відно. Я ўлезла, выграбла месцейка ў леташніх лісцях і пачала ждаць. Думала - як мамка вернецца, пазаве, я ўчую. Ждала-ждала, не заве. Ужо і сцямнела, зрабілася страшна, усё здавалася - нешта шавеліцца, ходзіць, а то стане, слухае. Думала, воўк. Так ваўкоў баялася - страх. І не заснула ніколечкі. Як стала віднець, тады трохі заснула. А як прачнулася, так есці захацелася. Але ж вылезці з куста баюся. Чутно - на вуліцы гамонка, нейкія падводы, з хат местачковых усё выгружаюць, кудысь вязуць. Так я сядзела і сядзела. Яшчэ дзень, яшчэ ноч. І яшчэ не помню ўжо колькі. На сцежцы, калі бабы ходзяць на кладку, дык мне іхнія ногі відаць праз лісце. Але ўсе мінаюць. А мне так есці хочацца, што ўжо і вылезці не магу. Сяджу ды плачу ціхенька. А раз нехта ля куста стаў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. І тады чую ціхенька: «Бася, а Бася!» Хацела спалохацца, але голас добры такі, знаёмы. Гляджу - цётка Праскоўя нагнулася...
- А ты не кажы хто. Нашто нам пра ўсё знаць, - ціха перапыніў яе Пётра.
- Ну дык цётка дае мне клумачак, а там хлеба трохі і сала. Я як узяла яго, дык усё і з'ела за раз. Хлеба толькі асталося. А тады як стаў жывот балець... Я ўжо так хацела памерці. Прасіла і маму, і Бога - смерці прасіла.
Рыбак пад сцяной неўпрыцям скалануўся - так гэта прагучала знаёма і натуральна па-старэчы, нібы перад імі спавядалася якая старая, а не трынаццацігадовае дзяўчо. І адразу гэтыя яе словы нагадалі Рыбаку адну бабку ў нейкай вёсцы па той бок чыгункі. Яны тады выйшлі з лесу спытаць пра немцаў, ну і падсілкавацца, вядома. У хаце нікога не аказалася, адна гэта забытая бабуля сядзела на печы, звесіўшы на пяколак босыя ногі. З гадзіну яны курылі і слухалі яе скаргі на Бога, які не дае ёй смерці і гэтак пакутна расцягнуў яе бязрадаснае жыццё. Апынуўшыся адна, без радні, яна яшчэ пасля той вайны прыбілася да малазнаёмых чужых людзей, якім трэба было падгадаваць дзяцей і дагледзець ля хаты. Думалі, гадоў тры-пяць старая паклемаецца, за той час падрастуць дзеці, а там прыйдзе час і на могілкі. Але смерць да яе не прыйшла ні праз пяць, ні праз пятнаццаць гадоў, задоўжылася бабка на гэтым свеце ў чужых людзей, за той час павырасталі малыя, забілі на вайне гаспадара, гаспадыня ледзь магла пракарміць сябе - што ёй было да бабкі? А смерць усё не ішла. Развітваючыся тады, кожны з іх па шчырасці жадаў ёй як мага хутчэй скончыць свае турботы на гэтым няласкавым свеце. А цяпер вось зноў тое самае. Толькі ж гэта дзіця.
Што дзеецца на свеце.
- А тады мне лепей стала. Раз дужа напужалася ўранку. Толькі заснула - здалося, звер нейкі крадзецца па беражку пад кустом. Аж гэта кот. Вялізны такі шэры кот, з мястэчка, мусіць, астаўся адзін, ну і шукае сабе пракорму. Рыбу ловіць. Замрэ на беразе, угледзіцца ў ваду, а потым як скоча! Вылезе - і ў зубах ужо рыбінка. Вот, думаю, каб мне так налаўчыцца. Хацела я адабраць рыбку, ды не паспела, уцёк кот і пад другім кустом з'еў усю, і хвосціка не асталося. А потым мы з ім падружыліся. Прыйдзе калі ўдзень, улезе ў куст, ляжа поруч і мурлыкае. Я гладжу яго і трошкі сплю. А ён чуткі такі. Калі хто дзе паблізу акажацца, адразу натапырыцца, і я ўжо знаю: трэба баяцца. А як дужа голад даняў, вылезла ноччу ў гарод, што паблізу, здаецца, Арона крывога. Агуркі там былі яшчэ, семянныя каторыя, морква. Дык я нарву і ем. А кот усё глядзіць і мяўкае. Але кот не есць гародніны. Так мне шкада яго робіцца...
- Хай бы мышэй лавіў, - азвалася ў цемры Дзёмчыха. - У нас, там, у Паддуб'і, у адных была кошка, дык зайчанят насіла дамоў. Яй-богу, не лгу. А раз прывалакла зайца, ды на гарышча не ўсцягнула. Раніцай выйшаў Змітра, глядзіць заяц пад вуглом ляжыць.
- А, дык то, мусіць, у яе кацяняты былі, - здагадаўся Пётра.
- Ну, кацяняты.
- Дык то панятна. Тут ужо кацянятам старалася. Як маці каторая... Ну, а пасля ж як ты?
- Ну, так і сядзела, - ціхенька і даверліва гаварыла Бася. - Цётка... Ну, тая самая, яшчэ колькі разоў хлеба выносіла. А потым дужа сцюдзёна стала, дождж пайшоў, пачало лісце ападаць. Увечары, як дождж пайшоў, залезла ў нечую асець. Там пераседзела дні тры. Ды вобыск быў. Шукалі нейкае збожжа і чуць мяне не знайшлі. Тады я перайшла ў хлеў...
- А Божухна! Во намучылася, бедная! - уздыхнула Дзёмчыха.
- Ну. Але там цёпла было.
- А як жа з харчам? Ці даваў хто?
- Не, я не паказвалася.
- Ой, да чаго людзей давялі, Божа, Божа! І хто ж злавіў цябе?
- Ды немцы ж. Заспала аднаго разу - ужо снег быў. Выскачыла, каб перабегчы на другі бок вуліцы - там стаяў дом, і мяне ў тым доме потым хавалі. Толькі вуліцу перабегла, а тут яны. Як крыкнулі, я за клён захінулася, тоўсты такі клён...
- Ай, мусіць, напроці аптэкі, ага? - здагадалася Дзёмчыха. - Дык то ж Ігналя Супрон жыў.