Читаем Сотнікаў полностью

Пагадзіўшыся са сваёй смерцю, ён на некалькі кароткіх гадзін прыдбаў сабе як бы нейкую незалежнасць ад драпежнае сілы ворагаў. Цяпер ён мог поўнаю мерай дазволіць сабе такое, што іншы раз абцяжарвалася абставінамі, непакоем за ўласнае жыццё; цяпер ён адчуваў новую магчымасць, непадуладную ні абставінам, ні ворагу і нікому ў свеце. Ён ужо не баяўся нічога, і гэта давала яму пэўную перавагу над іншымі і над сабой ранейшым таксама. Вядома, то была перавага смяротніка, але яна была, мабыць, галоўнай і ўжо напэўна апошняй рэальнай каштоўнасцю ў яго жыцці. Праўда, ён разумеў, што карысці яму з таго, мусіць, будзе не шмат, сабе ён ужо нічым не мог памагчы, але, мабыць, ён мог яшчэ нешта зрабіць для іншых. І Сотнікаў проста і лёгка, як штосьці элементарнае і зусім лагічнае ў яго становішчы, прыняў апошняе цяпер рашэнне: узяць усё на сябе. Заўтра ён скажа следчаму, што хадзіў у разведку, меў пэўнае баявое заданне, у перастрэлцы раніў паліцая, што ён - камандзір Чырвонай Арміі і ненавідзіць фашызм - хай расстраляюць яго. Астатнія тут ні пры чым.

Па сутнасці, гэта было ахвяраванне дзеля паратунку другіх, але не менш, чым другім, яно патрэбна было і яму самому. І справа тут не ў наіўных ілюзіях - проста ў Сотнікаве ўсё пратэставала ад адной толькі думкі, што ягоная смерць стане марнаю выпадковасцю па волі гэтых п'яных прыслужнікаў. Як і кожная смерць у барацьбе, яна павінна нешта сцвярджаць, нешта адмаўляць і па магчымасці здзейсніць тое, што не паспела здзейсніць жыццё. Інакш - навошта тады жыццё? Надта трудна даецца яно чалавеку, каб безразважна ставіцца да яго канца.

Было халаднавата, час ад часу ён скаланаўся і глыбей лез пад шынелак. Але, як заўжды, прынятае рашэнне дало палёгку, самае пакутнае на вайне - няпэўнасць - цяпер адступілася ад яго. Ён ужо ведаў, дзе адбудзецца яго апошняя сутычка з ворагам, і ведаў, якія зойме пазіцыі. З іх ён не саступіць. І хоць гэты паядынак не абяцаў яму вялікай перамогі, ён быў спакойны. У бобікаў зброя, сіла, але ў яго таксама ёсць на чым пастаяць у канцы. Ён іх не баяўся.

Знямогла ўгрэўшыся пад шынелкам, ён зноў неўпрыцям заснуў.

Прысніўся яму недарэчны блытаны сон.

Трохі нават дзіўна было, што менавіта такі мог прывярэдзіцца ў апошнюю ноч. Некалі ўсё згадваў, які з яго сноў прадкажа яму пагібель, і думаў, што гэта павінен быць дужа незвычайны, поўны асаблівага сэнсу сон - такі, што адразу стане зразумела: далей сёння яму не пражыць. Цяпер жа прыснілася нешта з дзяцінства, і сярод усяго дробязнага і незапамінальнага - нейкая недарэчная сцэна з бацькавым маўзерам. Нібыта Сотнікаў пачаў даставаць яго з кабура, трохі павярнуў набок і адламаў ствол, які, аказваецца, быў не стальны, а нібы алавяны, як у пугачы. Сотнікаў надта спалохаўся, хоць у той час бачыў сябе не хлапчуком, а, здаецца, амаль што цяперашнім ці, можа, курсантам, бо, здаецца, усё тое адбывалася ў ружпарку колішняй яго казармы. Ён стаяў каля піраміды са зброяй і не ведаў, як быць: вось-вось сюды павінен быў зайсці бацька. Сотнікаў кінуўся да піраміды, але там не было ні аднаго незанятага месца, ва ўсіх гнёздах стаялі вінтоўкі. Тады ён дрыготкімі рукамі расчыніў бляшаныя дзверы грубкі і сунуў кабур з маўзерам у чорную смярдзючую адтуліну печы.

У наступную хвіліну там засвяціўся агонь, але не полымя, а распалены зіхоткі жар, у якім нібы плавілася штось яркае, і ён стаяў насупраць, не ведаючы, як затушыць яго. А побач быў бацька. Але ён нават не ўспомніў пра маўзер, хоць было такое адчуванне, што ведаў пра гэты выпадак. Ён толькі апусціўся на кукішкі перад грубкай і раздумна сказаў надта невясёлым голасам:

«Быў агонь, і была вышэйшая справядлівасць на свеце...»

Невядома, ці доўга гарэў той агонь у грубцы, але неяк у адчуваннях яго зноў запанаваў змрок, забыццё, а праз нейкі час патроху сталі вызначацца невыразныя гукі паблізу: тупат ног, шастанне саломы і сцішаны, начны голас старога. Калі прыйшло разуменне рэальнасці, Сотнікаў сцяміў, што гэта адганялі пацукоў. Канчаткова прачнуўшыся, ён доўга пакутліва адкашліваўся, усё думаючы, што б мог азначаць той сон і які ў ім тоіцца сэнс. І неяк паступова і натуральна ягонымі думкамі завалодаў шчымлівы ўспамін пра дзяцінства...

Перейти на страницу:

Похожие книги