Бацька матнуў галавой, хутка паклаў пінцэт, звыклым рухам рукі зняў адны акуляры і цераз другія строга паглядзеў на сына.
«Хто дазволіў?»
«Ніхто... І ён стрэліў», - запалым голасам выціснуў з сябе сын.
Нічога болей не кажучы, бацька ўстаў і выйшаў з пакоя. Ён жа астаўся стаяць ля дзвярэй з такім адчуваннем, нібы яго павінны зараз пакласці пад нож гільяціны. Але ён ведаў, што вінаваты, і гатоў быў прыняць самую бязлітасную кару.
Неўзабаве бацька вярнуўся.
«Ты - шчанюк! - сказаў ён з парога. - Нявыхаваны, распешчаны смаркач! Як ты пасмеў без дазволу дакранацца да баявой зброі? Якое ты меў права лезці, як злодзей, у камод?»
Бацька доўга і бязлітасна крычаў на яго - і за неасцярожнасць, і за стрэл, які мог учыніць няшчасце, а найбольш за таемны намер, свавольства. Ён дасканала разабраў усе незайздросныя маральныя аспекты яго ўчынку і нарэшце сказаў:
«Адзінае, што змякчае тваю віну, дык гэта тваё прызнанне. Толькі гэта цябе ратуе. Зразумеў?»
«Ну».
«Калі сам, вядома, надумаўся. Сам?»
Адчуваючы, што канчаткова гіне, хлопчык матнуў галавой, і бацька, трохі спакайнеючы, трудна, працяжна ўздыхнуў:
«Ну і то дзякуй!»
Гэта было ўжо занадта - міжвольнай хлуснёй купляць бацькаву падзяку; у вачах у яго пацямнела, кроў хлынула да твару, і ён стаяў, не могучы ступіць кроку з месца.
«Ідзі гуляй», - сказаў тады бацька.
Так увогуле лёгка абышлося яму тое непаслушэнства - пакаранне дзягай яго мінавала, але яго маладушны ківок балючаю драпінай астаўся саднець у душы. З таго часу ён ні ў чым і ніколі не схлусіў ні бацьку, ні каму другому, за ўсё трымаў адказ, гледзячы людзям у вочы, - надта добра ён памятаў пакутную цану аслушэнства і маладушнае свае без'языкасці. Ён не ведаў пэўна, але, мабыць, і маці не сказала бацьку, па чыёй ініцыятыве адбылося тое прызнанне. Са шчаслівай упэўненасцю ў добрасумленнасці сына так і скончыў свой шлях на зямлі гэты кавалерыйскі камандзір, інвалід вайны і гадзіннікавы майстра, усцешаны перад смерцю надзеяй, што сыну дастанецца лепшая доля. І вось дасталася...
У ранішняй дрымотнай цішыні выразна затупалі боты, зверху глухавата данесліся галасы, гучней заляскалі дзверы. Тут, у склепе, найбольш былі чутны гэтыя дзверы, часам ад іх асабліва моцнага стуку ажно сыпалася са столі. Рыбак не спаў - падкурчыўшы ногі, моўчкі ляжаў на баку пад сцяной і слухаў. Цяпер уся яго ўвага перайшла ў слых. У акенцы патроху святлела, мусіць, на дварэ ўжо развіднялася, і ў гэтай іхняй каморы таксама стала што-колечы бачна. З ранішняй шэрасці вынікалі бязладныя, нібы скамечаныя постаці арыштантаў: Дзёмчыхі пад сцяной насупраць, далей у куце патроху варушылася высокая кучомка Пётры; Басі, праўда, амаль не было відаць у густым яшчэ змроку пад акенцам. Сотнікаў, як і раней, ляжаў на спіне побач і дыхавічна сіпеў. Каб не гэтае яго сіпенне, можна было б падумаць, што ён нежывы. Наставаў трудны, мабыць, апошні, дзень іх жыцця, яны ўсе адчувалі тое і прымоўклі, кожны паасобку перажываючы сваю паныласць і сваю бяду.
Боты наверсе затупалі часцей, усё грукалі дзверы. І раптам у склеп уварвалася гамана з панадворка. Рыбак падняў голаў, прыпёрся патыліцай да сцяны. Слоў нельга было разабраць, але было відавочна, што паліцаяў там назбіралася больш, чым учора. Што яны ўдумалі рабіць? І чаму ніхто яшчэ не спусціўся ў склеп? Быццам забыліся на іх.
Нехта прайшоў па-над самай сцяной, чутно было хрупасценне ботаў па снезе, непадалёк ад акенца штось стукнула, потым неяк дужа зблізку раздаўся грубы хрыпаты голас:
- Ды тут усяго толькі тры.
- А шуфля яшчэ была. Шуфлю паглядзі.
- Што мне шуфля! Рыдлёўкі трэба.
Нешта гучна залязгала, потым прарыпелі крокі, і зноў паблізу ўсё сціхла. Але гэта кароткая размова тужлівым спалохам ускалыхнула Рыбака - нашто рыдлёўкі? Рыдлёўкі толькі на тое, каб капаць, а што цяпер можна капаць? Акоп? Канаву? Магілу? Пэўна, магілу, але каму?
І тут ён успомніў: мабыць, сканаў той паліцай.
Ён павярнуў голаў, няўцямна паглядзеў перад сабой. Дзёмчыха з-пад пакамечанае хусткі гэтак жа трывожна-напружана глядзела на яго; у куце застыў, не варухнуўся Пётра. Ніхто не сказаў ні слова, усе ўслухоўваліся, тоячы ў душы страх і няпэўнасць.
Гэтая іх няпэўнасць цягнулася, аднак, нядоўга. Праз якую хвіліну за сцяной зноў затупалі, ды так пэўна, што ні ў каго не ўзнікла сумнення - ішлі ў склеп. Калі забразгалі першыя дзверы, Рыбак хуценька сеў, адчуўшы, як нядобра страпянулася ў грудзях сэрца. Побач пачаў варушыцца і кашляць Сотнікаў. «Адчыняць - ірвануць, збіць з ног і - праз дзверы», - са спазнелай рашучасцю падумаў Рыбак, але тут жа зразумеў: не, так не выйдзе! А дзверы сапраўды ўжо адчыніліся, у камеру шыбанула сцюжай, зімовай свежасцю, і няяркае святло адразу высвеціла іхніх пяць шэрых устрывожаных твараў. У дзвярным праёме стаяў спрытны Стась, за ім хмура глядзеў яшчэ нехта з вінтоўкаю на плячы.
- Генуг спаць! - ва ўсё горла зароў паліцай. - Адаспаліся! Выходзь: ліквідацыя!