- А табе што? - няласкава перапыніў яе Пётра. - Хто ні жыў, ці не ўсё роўна. Нашто пытацца?
Дзёмчыха пакрыўдзілася:
- Дык а што я? Калі і сказала, дык што?
- Анічога! - строга абарваў яе былы стараста. - Ну дык як яно далей? Расказвай, усё скарэй ноч мінецца.
«Іш ты, стары індык, - падумаў Рыбак. - Яму ноч мяшае. Нешта ён надта падазрона чакае таго заўтра. Ці, можа, думае, што заўтра яго выпусцяць?»
Але заўтра наўрад ці будзе ім радасць.
Рыбак хацеў перапыніць Басю - навошта тут было расказваць усё тое? Каму не вядома, што і ў сцен часам ёсць вушы. Але пагадзя разважыў: мабыць, позна ўжо нешта таіць, чаго асцерагацца. Калі Стась сказаў праўду, дык заўтра ўсім будзе крышка. Не пакінуць нікога.
- Ну, закрычалі, а я ўцякаць. Бегла, бегла па снезе, аж пакуль не ўпала за гародамі. Да лесу не дабегла. Ну, яны і схапілі мяне за рукі, прывялі сюды. Тут білі дужа. А пасля... Ай-ай!
Бася спалохана крыкнула на ўвесь голас, Пётра, чуваць было, падхапіўся з месца, і Рыбак зразумеў: пацукі. Абнаглелі ці згаладнелі ўжо так, што перасталі баяцца і людзей. Стары ўстаў і ботам некалькі разоў тупнуў у куце. Бася, ускочыўшы, стаяла на сярэдзіне, захінаючы светлы квадрат акна, і калацілася ад страху.
- Яны ж кусаюцца! Яны ж мае ногі пагрызлі. Я ж іх баюся, а дзядзечка!..
- Нічога, не бойся. Пацукі што? Пацукі не страшныя. Укусяць, ну і што? Гэткай бяды. Ідзі во ў мой кут сядай. А я тут... Я іх, халераў!..
Ён патупаў яшчэ, паварушыў там у куце і сеў. Бася прыткнулася на яго належаным на саломе месцы. Сотнікаў быццам бы спаў. Насупраць то ўздыхала, то смаркалася ў хустку Дзёмчыха - мусіць, плакала.
- Так, што ж... Што ж цяпер зробіш? - пытаўся ў кагось Пётра і сам сабе адказваў: - Нічога не зробіш. Цярпі, нямнога асталася.
Яму ніхто не адказаў, стала ціха. Рыбак вальней выцяг к парогу ногі, думаў заснуць у спакоі, але сон да яго не ішоў - свядомасць тачыла нязбыўная, як боль, трывога.
Перад ім быў абрыў.
Ён выразна адчуў гэта, асабліва цяпер, уначы, у хвіліны спакою, і думаў, што нічога ўжо зрабіць нельга. Гэтае пачуццё непапраўнасці рэдка калі так апаноўвала яго нават на вайне; усюды і заўжды ён умеў знайсці нейкае выйсце, але не цяпер. І яму пачало рабіцца страшна, як у тую незабыўную з дзяцінства хвіліну, калі жах ахапіў яго так моцна, што перасіліў і розум.
Праўда, тое было даўно, у пару яго вясковага маленства - што было ўспамінаць пра яго? Але чамусьці ўспаміналася міжволі, бо, мусіць, той выпадак меў нейкую еднасць з яго цяперашнім станам.
Здарылася гэта яшчэ да калгасаў. У іх быў ладны буланы конік, старанны і цягавіты, хіба трохі малады і залішне рухавы. Аднак Коля Рыбак з ім ладзіў няблага. У вёсцы хлапчукі рана бяруцца за сялянскую працу, у свае няпоўныя дванаццаць год Коля ўжо спрабаваў памалу і касіць, і араць, і баранаваць. Умеў ужо запрэгчы і распрэгчы, не хапала сілы хіба што засупоніць хамут, трэба было клікаць каго з дарослых, але спакваля навучыўся і гэтаму. Мусіў вучыцца, бо працы хапала, - бацька меў тры надзелы зямлі, каб абрабіць яе, ніхто ў іх сям'і не знаў перадыху ніколі.
Тады з поля вазілі снапы.
Гэта была ўжо зусім хлапчукоўская справа. Увесь дзень Коля тросся ў пустой дрогкай брыцы цераз поле пад параснікі, затое адтуль, седзячы на высокім возе са снапамі, важна ехаў у вёску на сваё гумно. Дарога была знаёмая, вывучаная да апошніх драбніц. Ён ведаў на памяць, дзе трэба павярнуць крыху ўбок, дзе ехаць па каляінах, як абмінуць глыбокую з вадой рытвіну ў лагу. Самым небяспечным месцам была Капцова гара - касагор, спуск і вузкі ўзровак па-над абрывам. Але і там Коля ўпраўляўся няблага, брыка толькі хілілася, конік трымаў, хоць хамут часам наязджаў на ягоную галаву да самых вушэй. Усё абыходзілася добра. Той раз бацька падбіраў апошнія бабкі ў канцы нівы і, відаць, наклаў у брыку трохі залішне - ледзь хапіла вяроўкі, каб увязаць воз. Да яго на самы верх узлезла яшчэ сямігадовая сястрычка Маня і суседская дзяўчынка Люба. Суседзі, Міходзя з жонкай, таксама скончылі працу і пайшлі дамоў пешкі.
Усю дарогу яны ціха ехалі, валюхаючы на высокім возе. Коля, як заўжды, няблага кіраваў канём. Перавалілі Капцову гару, дарога пайшла ў лог. І тады нешта ў збруі трэснула, конь не стрымаў, брыка жахліва паднялася адным бокам і стала хіліцца направа. Коля зірнуў уніз і скульнуўся долу.
Ён ураз сцяміў, што павінна зараз жа здарыцца, і ў якімсьці бяздумным імкненні кінуўся пад цяжкую, нахіленую брыку, падставіў пад яе край сваё яшчэ слабаватае хлапечае плячо. Цяжар быў страшэнны, іншы раз ён бы нізашто не вытрымаў, але тады ўсё ж асіліў. Дзяўчаты скаціліся на зямлю, яго заваліла снапамі, але конь усё ж неяк управіўся з брыкай і адхіліў перадок ад пагрозлівай круцізны абрыву.
Пасля яго хвалілі ў вёсцы, ды і сам ён быў задаволены сваім учынкам - усё ж такі ўратаваў ад бяды сябе, каня і дзяўчынак - і пачаў думаць тады, што інакш зрабіць і не мог. І яшчэ Коля ўпэўніўся, што ён хлопец смелы. Самае важнае было не разгубіцца, не спалохацца ў самым пачатку.
Цяпер зноў той самы абрыў.