Урэшце яны выбраліся з кустоўя, але наперадзе іх чакаў пагорак, і на яго шырокім некрутым схіле Сотнікаву стала і зусім кепска: млелі ногі. Добра, што снег тут памялеў, а сям-там яго і зусім не было, пад падэшвамі мулялі пыльныя цёмныя плешыны. Рыбак далёка выскачыў наперад і доўга шыбаваў па касагоры, мусіць, каб выбрацца на хрыбціну пагорка і агледзецца. Але, яшчэ не ўзабраўшыся на яго, ён спыніўся. Сотнікаў падумаў, што той нешта ўбачыў - мусіць, недалёка ўжо была вёска. Снегавы пагорак, над якім вісела прысмужанае зорнае неба, крута задзіраўся ўгору і знікаў у туманным змроку. Ззаду ж шырока разлеглася шэрая роўнядзь поплаву - з кустоўем, нейкімі невыразнымі плямамі, няпэўнымі ў змроку расплывістымі ценямі, а яшчэ далей, амаль не праглядваючыся, цьмеў дзесьці лес, з якога яны ішлі. Ён быў далёка, той лес, а наўкола стыла на марозе чыстае поле - калі што, тут падмогі ніадкуль не будзе.
Рыбак усё чакаў, і Сотнікаў з гарачнаю задышлівасцю дашкандыбаў да яго, ужо не пільнуючыся следу, - ступаў абы-куды, толькі б не ўпасці. І тады, падышоўшы, згледзеў: Рыбак стаяў на дарозе.
Яны не сказалі адзін аднаму нічога, толькі ўслухаліся, паўзіраліся і памалу пайшлі ўгору - адзін па правай, а другі па левай каляіне. Дарога, напэўна, вяла ў вёску, значыць - яшчэ можа пашчасціць дапнуцца да яе, не зваліцца ў хадзе, думаў Сотнікаў, і тады ўжо будзе відаць, як і што рабіць далей.
Неўзабаве яны выйшлі на вяршыню пагорка. Наўкола мроіўся начны прывідны прастор: шэрань, снег, суцемак з мноствам няўлоўных пераходаў, паўценяў і плямаў, і нідзе не было ні агеньчыка, ні руху - змоўкла, замерла, стаілася зямля. І не дай бог у такі час напаткаць тут людзей - людзі не прынясуць ім удачы, не тых людзей можна цяпер чакаць на дарозе.
- Ціха!
Рыбак ступіў і спыніўся, звыкла рыпнула і сціхла пад яго ботамі, знерухомеў і Сотнікаў. Аднекуль з таго боку, куды ішла дарога, данёсся крык, абрывак нейкага голасу - вырваўся ў марозную ноч і прапаў. Яны ўгледзеліся ў прыцемак - недалёка наперадзе, крышку ў лагчынцы, пэўна, была вёска - паласа чагось нагрувашчанага мякка шарэла ў снегавым змроку. Але нічога пэўнага там нельга было ўбачыць, як нельга было зразумець, ці то быў крык, ці, можа, ім здалося. Наўкола свістаў-шархацеў па снежным полі вецер, ноч ляжала нямая, як сон. І раптам куды ўжо выразней да іх даляцеў чалавечы выкрык-каманда ці, можа, лаянка, а потым, бурачы ўсе сумненні, удалечыні бахнуў і рэхам раскаціўся па полі стрэл.
Рыбак на поўныя грудзі выдыхнуў, а Сотнікаў, мусіць, таму, што нейкі час таксама перацінаў дыханне, пачаў глуха кашляць.
Хвіліну яго неадчэпна біў кашаль, як ён ні зацінаў яго ў грудзях, услухоўваючыся, ці не пачуюцца стрэлы яшчэ. Праўда, і без таго было ўжо зразумела, чый гэта стрэл, - хто ж яшчэ, апроч немцаў і іх прыслужнікаў, мог па такім часе страляць у вёсцы?
Стрэлаў, аднак, больш не было, разы два данеслася па ветры нешта падобнае на голас - размова ці вокліч, не разабраць, - і Рыбак вылаяўся:
- Стараюцца, сволачы. Для вялікай Германіі.
Яны яшчэ пастаялі трохі, услухоўваючыся ў ветраную ціш, занепакоеныя пытаннем: што рабіць далей, куды падацца? Рыбак усё ўзіраўся туды, дзе ў змроку знікала дарога, а Сотнікаў адвярнуўся ад ветру і дробненька ціха калаціўся: яго біла дрыжака.
- Значыць, туды не паткнуцца, - рашыў Рыбак і патаптаўся на рыпучым снезе. - Як ты, нічога? Мо давай лагчынкай пройдзем? Тут недзе за кустамі павінна быць яшчэ вёсачка.
- Давай, - знарок абыякава цепнуў плячом Сотнікаў. Яму сапраўды было ўсё роўна, абы толькі не стаяць на марозлівым ветры і мець у надзеі хоць які-небудзь агеньчык, які б свяціў наперадзе. Пачуцці яго тупелі, засцілаліся прывіднай смугой, па-ранейшаму кружылася ў галаве. Усе яго намаганні ішлі на тое, каб не спаткнуцца, не ўпасці, бо тады ён наўрад ці падняўся б.
Яны збочылі з дарогі і пайшлі па снегавым цаліку туды, дзе шырокім лапікам цьмеў уночы хмызняк. Снег на касагорыне спярша быў неглыбокі, па костачкі, але чым далей, тым большаў, асабліва ў лагчынцы. Праўда, лагчынка выдалася нешырокая, яны хутка перайшлі яе і падаліся ўздоўж паскі хмызу, блізка, аднак, не падыходзячы да яго. Сотнікаў тут ішоў упершыню, нічога не ведаў і спадзяваўся на Рыбака, які тутэйшыя месцы аблазіў яшчэ ўвосень, без следу, калі іхні атрад толькі збіраў свае сілы ў Гнілым балоце. Пачаўшы з невялікай дыверсіі на дарозе, гэты атрад потым перайшоў да больш рызыкоўных спраў - узарваў мост на Іслянцы, спаліў ільнозавод у мястэчку, але пасля забойства нейкага важнага чыноўніка з Германіі немцы раз'юшыліся. У канцы лістапада тры роты жандараў абкружылі Гнілое балота і пачалі аблаву, з якой яны ледзьве вырваліся тады ў суседні Баркоўскі лес.