Читаем Сотнікаў полностью

Полк быў ужо далёка не той, што ўпачатку, некалькі разлікаў загінула, у яго батарэі амаль прамым пападаннем пакарэжыла і скінула з дарожнага насыпу гармату. Праўда, тры аставаліся спраўныя, хіба што з падзёўбанымі шчытамі, з пасечанай гусмацікай колаў, з безліччу асколачных адмецін на ствалах і станінах. У другой гаўбіцы пацёк прабіты накатнік. Чацвёра забітых батарэйцы вязлі ў прычэпе на скрынках снарадаў, сямёра параненых адправілі ў тыл. Зрэшты, гэта былі не найбольшыя страты - іншым батарэям дасталася горш. Палкавая калона пакарацела ледзь не напалавіну, некалькі цэлых гармат асталося на дарозе: былі пашкоджаны трактары. Цяпер амаль усю ноч ехалі на ўсход, і гэта было кепскай прыкметай: камандзіры са штаба пагаворвалі пра акружэнне, яно і сапраўды падобна было на тое. Байцы не спалі чацвёра сутак, некаторыя, седзячы на станінах, крыху прыдрамалі пад ранак - ноч была самай спакойнай парой, калі б не гэтая няпэўнасць у абставінах, якая чорнаю плахай вісела над кожным. Перад світаннем ненадоўга спыніліся ў нейкай вёсачцы, насустрач ішлі пехацінцы; непадалёк, відаць было ўначы, запаленае авіяцыяй, нешта гарэла яркім, на паўнеба, полымем - пяхота казала, станцыя. Ніхто не тлумачыў нічога, але людзям неяк само сабой перадалося, што зусім блізка немцы. Неўзабаве камандзір палка маёр Парахневіч павярнуў калону на бакавую, абсаджаную вербамі дарогу. Паехалі кудысь на поўдзень. Ноччу было спакойней без авіяцыі, затое яны былі сляпыя і глухія - за ровам трактароў нічога не было чуваць, а ў летняй цемры не шмат што ўбачыш. На самым світанні Сотнікаў, не ўтрымаўшыся, трохі задрамаў на сядзенні, як раптам штось здорава грымнула на ўзбочыне. Ён тут жа прахапіўся, «Камсамолец» праваліўся правай гусеніцай, камбата абдало зямлёй і гарачаю хваляй выбуху. І тут пачалося.

Якраз світала, за вербамі добра сінеў край неба і шарэла аўсянае поле, а аднекуль спераду, з галавы калоны, іх пачалі расстрэльваць танкі. Не паспеў ён саскочыць з трактара, як побач загарэўся цягач трэцяй батарэі, намёртва села ў варонку гаўбіца. Праз перуны выбухаў ён скамандаваў развярнуцца ўправа і ўлева, але не так проста было вывернуцца з цяжкімі гарматамі на вузкай дарозе. Другі разлік вёртка кінуўся з дарогі ў авёс і тут жа атрымаў два снарады ў бок, гармата завалілася, задраўшы ўгору кола. Ранак асвяціўся полымем, прысады заслаў саляравы дым - танкі расстрэльвалі полк на дарозе.

Гэта было найгоршае, што магло здарыцца з імі: уся іх агнявая сіла прападала нявыкарыстанай. Зразумеўшы, што ім адведзены толькі секунды, Сотнікаў з байцамі як-колечы развярнуў апошнюю ўцалелую гармату проста на бруку і, не ўпёршы станін, ледзьве паспеўшы садраць чахол са ствала, паслаў цяжкі снарад у бок ворага. Спярша нельга было і згледзець, дзе тыя танкі; галаўныя ў калоне машыны гарэлі, уцалелыя байцы беглі назад, дым і пакарэжаныя трактары на дарозе не давалі прыцэліцца. Але неўзабаве між вербаў ён убачыў першы нямецкі танк, які пёр за канавай і, збочыўшы ствол гарматы, гахаў і гахаў стрэламі наўскасяк па калоне. Сотнікаў адштурхнуў наводчыка (гармата была ўжо зараджана), дрыготкімі рукамі давярнуў таўшчэзны гаўбічны ствол і ўрэшце злавіў гэтае яшчэ цьмянае ўранку страшыдла на перакрыжаванне панарамы.

Стрэл яго грымнуў, як удар грому, гармата здорава аддала назад, балюча ўдарыла панарамай у скулу, у доле з-пад незамацаваных сашнікоў пырснуў сноп іскраў ад бруку, адна станіна ўрэзалася сашніком у броўку канавы, другая асталася на дарозе. Праз пыл, узняты стрэлам, ён яшчэ не паспеў што згледзець, але пачуў, як радасна закрычаў наводчык, і зразумеў, што папаў. Ён тут жа зноў кінуўся да панарамы - амаль закрываючы сабой усё яе шкло, за дарогай сунуўся другі танк; камбат скіраваў гаўбічны ствол яму проста ў лоб - так блізка той здаваўся ў оптыцы, - крыкнуў: «Агонь!» Замковы зрэагаваў у час, стрэл зноў аглушыў, але гэты раз ён паспеў адхінуцца і за пылам ад стрэлу ўбачыў - тое, што за секунду да таго было танкам, хруснула, нібы шкарлупіна ад яйка, і ад нутранога магутнага выбуху буйнымі часткамі разляцелася ў бакі. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі.

Неспадзявана іх ахапіў азарт баявой удачы. Ужо не зважаючы на страты, на забітых і параненых, што сплывалі крывёй на запыленым бруку, на агонь, што жор іхнюю тэхніку, на град куль адтуль, з танкаў, некалькі ўцалелых на дарозе гармат пачалі біць цяжкімі снарадамі па танках. Тым часам развіднела. Ужо стала відаць, куды цэліцца, некалькі пажараў джагалі агнём за дарогай - нямецкія машыны гарэлі.

Перейти на страницу:

Похожие книги