Болей ужо ён не стаў разглядваць нічога і апусціў позірк, каб лішне не бачыць з боку ад сябе начальства, немцаў, следчага Партнова, Стася, Будзілу. Іх драпежніцкую прысутнасць ён адчуваў і так. Абвяшчэнне прыгавору, здаецца, ужо скончылася, пачулася каманда па-нямецку, потым па-расейску, і ён неўзабаве адчуў, як пагрозліва-напружана варухнулася на шыі вяроўка. Нешта ў тым канцы шыбеніцы тузанулася раз і другі, і адразу ж зусім ужо жахліва закрычала Дзёмчыха:
- А-а-а-ай! Не хачу! Не хачу!!
Яе крык неяк ураз абарваўся, коратка трэснула ўгары намёрзлая папярочына, здушана загаласіла жанчына ў натоўпе. Стала нясцерпна самотна на душы. Нейкая невыдаткаваная яшчэ ўнутраная сіла падмывала рвануцца, закрычаць, як гэтая Дзёмчыха, - дзіка і страшна. Але ён стрымаў сябе, толькі сэрца яго да болю сцялася ад смяротнае роспачы; як найбольшай палёгкі перад канцом, захацелася заплакаць. Замест таго ён раптам усміхнуўся напаследак сваёй, мабыць, жаласнай, вымучанай усмешкай.
З боку ад начальства крыкнулі, відаць, гэта цяпер датычыла яго, цурбан пад нагамі на момант аслаб, нават хіснуўся. Каб не зваліцца, Сотнікаў зірнуў уніз - на яго са скрыўленага, зарослага шчаціннем твару глядзелі разгубленыя вочы яго нядаўняга сябра. Яны не то ўпрошвалі аб чымсь, ці то проста ён не мог саўладаць са сваім страхам, і Сотнікаў ледзь пачуў:
- Даруй, брат.
- Пайшоў к д'яблу!
Трэба было канчаць. Напаследак ён адшукаў позіркам ніцую сцяблінку хлопчыка ў будзёнаўцы. Той стаяў, як і раней, трошкі выпнуўшыся наперад з шэрагу, з шырока расплюшчанымі вачамі. Поўны болю і страху ягоны позірк сунуўся за некім пад вісельняй і вёў так, усё бліжэй і бліжэй да яго. Сотнікаў не ведаў, хто там ішоў, але па твары хлапчука зразумеў усё.
Падстаўка яго кіўнулася ў раптам аслабленых руках Рыбака, які нязграбна курчыўся ўнізе, баючыся і, мабыць, не могучы наважыцца на апошнюю і самую страшную цяпер справу. Недзе ззаду мацюкнуўся Будзіла, і Сотнікаў, каб апярэдзіць непазбежнае, здаровай нагой штурхануў ад сябе цурбан.
Рыбак выпусціў падстаўку і адхіснуўся - ногі Сотнікава загойдаліся побач, збітая імі шапка ўпала на снег. Рыбак адскочыў, але тут жа нагнуўся і выхапіў яе з-пад вісельніка, які ўжо супакоена раскручваўся на вяроўцы, апісваючы круг у адзін, потым у другі бок. Рыбак не адважыўся зірнуць на яго твар - ён бачыў перад сабой толькі жахліва выпрастаныя ў паветры ногі - адну ў растаптаным бурку і побач неяк вывернутую пятою ўбок брудную, ссінелую ступню з падсохлай паскай крыві на костачцы.
Усё было скончана.
Утрапенне жаху трымалася ў ім нядоўга - усяго некалькі кароткіх секунд; намаганнем волі Рыбак перасіліў у сабе збянтэжанасць і, занепакоены няпэўнасцю ўласнага лёсу, азірнуўся. Побач, між Сотнікавым і Дзёмчыхай, лёгка матлялася пятая вяроўка - ці не стане яна ягонай?
Аднак нічога, здаецца, не пацвярджала гэтага яго апасення. Будзіла выцягнуў з-пад Дзёмчыхі жоўтую скрынку, забралі з-пад аркі ўслон. Яму здаля нешта крыкнуў Стась, але, усё яшчэ знаходзячыся пад уражаннем таго, што адбылося, Рыбак не зразумеў ці не пачуў яго і стаяў, не ведаючы, куды падацца. Купка немцаў і цывільнага начальства пад будынінай пачала радзець - там разыходзіліся, гамонячы, закурваючы цыгарэты, з ажывелаю прыўзнятасцю ў настроі, як пасля ўдала скончанай, увогуле неблагой і нават цікавай справы. І тады ён нясмела яшчэ паверыў: мабыць, пранесла.
Так, пранесла, яго не павесяць, ён будзе жыць. Карнае мерапрыемства скончылася, знімалі ахову, людзям дазволілі разысціся, і жанчыны, падлеткі, старыя прыціхла павалакліся па абодвух баках вуліцы. Некаторыя часам спыняліся, азіраліся на чатырох вісельнікаў, жанчыны аціралі слёзы і ішлі далей. Паліцэйскія наводзілі апошні парадак ля шыбеніцы. Стась са сваёй нязменнай вінтоўкай на плячы адкінуў нагой цурбан з-пад лішняй пятлі і зноў крыкнуў Рыбаку. Той не так зразумеў, як здагадаўся, што трэба было, і, дастаўшы з-пад Сотнікава падстаўку, кінуў яе пад штыкетнік. Калі ён павярнуўся, Стась стаяў насупраць са сваёй звычайнай усмешлівай маскай на твары. Вочы яго пры тым аставаліся падазрона сцюдзёныя.
- Гы-гы! Аднак маладзец! Спасобны, падла!
І паліцай з такой сілай ляпнуў Рыбака па плячы, што той ледзьве ўстаяў на нагах, падумаўшы сабе: «Каб ты здох, сволач!» Але зірнуўшы ў яго сыты, выцягнуты дзеравянай усмешкай твар, таксама ўсміхнуўся - крыва, аднымі вуснамі.
- А ты думаў...
- Правільна! А што там, падумаеш! Бандыта шкадаваць...
«Пастой, што гэта? - не зразумеў Рыбак. - Пра каго ён? Ці не пра Сотнікава?»
Не адразу, але ўсё выразней ён пачаў разумець, што той мае на ўвазе, і, мабыць, упершыню непрыемны халадок вінаватасці крануўся яго пачуцця. Але ён яшчэ не хацеў верыць у сваю прычаснасць да гэтай расправы - пры чым тут ён? Хіба гэта ён? Сотнікаў сам узлез, сам скочыў з цурбана. Ён толькі трымаў. І то па загаду.