Чацвёра павешаных ціха і важка пакручваліся на напятых вяроўках - усе збочыўшы галовы, з ненатуральна перацятымі ў петлях шыямі. Нехта з паліцаяў прыладжваў кожнаму на грудзі фанерку з надпісам на расейскай і нямецкай мовах. Рыбак не стаў чытаць таго надпісу, ён наогул стараўся не глядзець туды - пятая пустая пятля няздзейсненай пагрозай гняла і палохала яго. Ён думаў, што, можа, яе адвяжуць ды прыбяруць з гэтай вісельні, тады б яму было ўжо спакойней. Але ніхто з паліцаяў нават не падышоў да яе.
Здаецца, усё было скончана, ля павешаных стаў вартавы - малады паліцэйчык у суконнай паддзёўцы з вінтоўкай на плячы. Іншых пачалі строіць. Каб не замінаць, Рыбак саступіў з маставой на вузенькі, утаптаны ботамі тратуар і стаяў так, увесь у насцярожаным чаканні таго, што будзе далей. У ягоных думках была блытаніна, таксама як і ў пачуццях, радасць уласнага паратунку чымсь зацямнялася, але ён яшчэ не мог толкам даўмецца чым. Зноў у ім аднавілася прыціхлае было, але ўпартае жаданне даць дзёру, прарвацца ў лес, трэба было толькі падлавіць адпаведны момант. Цяпер яго ўжо нічога тут не трымала.
Паліцаі звыкла строіліся ў калону па тры, іх набралася тут чалавек пятнаццаць - рознага зброду ў новенькіх форменных шынялях і пілотках, але траплялі і ў кажушках, ватоўках, чырвонаармейскіх абносках. Адзін нават быў у скуранцы з адрэзанай правай палой. Людзей на вуліцы ўжо амаль не асталося - толькі ў скверыку наводдаль стаяла некалькі падлеткаў і з імі тоненькі хваравіты хлопчык у будзёнаўцы. Разявіўшы рот, ён усё сморгаў носам і ўглядаўся ў шыбеніцу, падобна было - яго дзівіла там лішняя, пятая пятля. Спакваля, відаць, ён зразумеў нешта і пальцам з даўгога рукава паказаў якраз у яго на тратуары. Рыбак з непрыемнасцю цепнуў плячамі і ступіў убок, каб схавацца за паліцаямі, якія ўжо знерухомелі ад звычнай каманды старшага. Старшы той паліцай таксама нібы абмёр ад камандзірскай стараннасці і падцяў да сцёгнаў кулакі, на нямецкі манер выткнуўшы ў бакі локці.
- Смірна!
Паліцаі ў калоне страпянуліся і зноў знерухомелі. Старшы абвёў іх злосным, строгім позіркам і спыніў яго на адзінокай постаці збоч тратуара.
- А ты што? Стаць у строй!
Рыбак схамянуўся. Гэтая каманда абнадзейвала і азадачвала адначасна. Аднак раздумваць не было калі, ён хуценька скочыў на вуліцу і стаў ззаду за ўсімі, побач з нейкім высокім, у чорнай аўчыннай папасе дзецюком, які непрыязна пакасіўся на яго.
- Шагам марш!
І гэта было і зразумела, і звыкла. Рыбак бяздумна ступіў у такт з іншымі, і, калі б не пустыя рукі, якія невядома куды было дзець, можна было б падумаць, што ён зноў у атрадзе, сярод сваіх. І калі б перад вачамі не мільгалі шызыя абшлагі і замусоленыя бела-блакітныя павязкі на рукавах.
Яны пайшлі ўніз той самаю вуліцай, па якой ішлі сюды, аднак гэта была зусім іншая дарога. Побач бурлілі жвавасць і самазадаволенне - ён быў сярод пераможцаў. На паўгода, дзень ці гадзіну, але адчувалі яны сябе куды як бадзёра, падагрэтыя ўсведамленнем здзейсненай помсты ці проста ўдала скончанай працы; некаторыя ціха перагаворваліся, чуліся смяшкі, і ніхто ні разу не азірнуўся назад, на браму. Затое на іх азіраліся ўсе. Тыя, што брылі цяпер з гэтае акцыі пад сценамі платоў і дамовак, з дакорам, страхам і нясхоўнай нянавісцю ў счырванелых ад плачу жаночых вачах праводзілі гэтую зграю здраднікаў. Іх, аднак, тое не клапаціла і не турбавала, мусіць, яны прывыклі, на бяспраўных запалоханых людзей яны проста не звярталі ўвагі.
Рыбак жа апаныў душой і думаў з трывогай: трэба змывацца. Можа, вось там, на паваротцы, скочыць за плот і па-за хляўком перабегчы садок, яшчэ адолець плот і прарвацца з мястэчка? Добра, каб блізка быў які лес ці хоць бы хмызняк або раўчак. Або каб дзе ў двары папаўся пад рукі конь.
Рыпаў снег пад падэшвамі, паліцаі ішлі па-армейску ў нагу, поруч па тратуары крочыў старшы - ладны вайсковец у апярэзаным рамянямі паліцэйскім шынялі. На баку яго целяпаўся нізкавата падвешаны міліцэйскі наган у пацёртай скураной кабуры з меднай праціркай наперадзе. За мастком пярэднія сцішылі крок, нехта там замінаў іх калоне, і старшы пагрозліва крыкнуў. Яны трохі пацясніліся, размінаючыся, - нейкі дзядзька ў пустых развальнях нерастаропна збочваў пад самыя вокны ашалёванай, урослай у зямлю хаціны. І Рыбак раптам аж скалануўся ад рэальнасці свайго жадання кінуцца туды, выхапіць лейцы і ўлупіць па кані - можа б, і вырваўся. Але дзядзька!.. Прытрымліваючы нецярплівага маладога коніка, той азірнуўся на іх начальніка і ўсю іх калону, і, мабыць, міжвольна ў тым яго позірку пыхнула такая нянавісць да іх, што Рыбак зразумеў: не, з гэтым не ўдасца. Але з кім тады ўдасца? І яго нібы абухом па галаве аглушыла нечаканае разуменне, што ўцякаць яму няма куды. Пасля гэтае ліквідацыі - няма куды. З гэтага строю дарогі да ўцёкаў няма.
Ад раптоўнасці гэтага адкрыцця ён збіўся з нагі, спалохана падскочыў, прапускаючы крок, але зноў ступіў не ў лад, і сусед азваўся пагардлівым басам:
- Ты што?
- Анічога.
- Мабуць, без прывычкі? Наву-учышся.