Читаем Споведзь полностью

Пасьля сьмерці Сталіна пачаўся абмен канцэртнымі трупамі па лагерох. Атракцыяй была жаночая трупа. Дзяўчаткі пачалі езьдзіць па ОЛПах. Мне гэта было выгадна тым, што сябры мае пасылалі глюкозу сапраўдную й цукеркі. Часам і грошы для нас усіх, а часам які матэрыял. Аднойчы купіў такога многа мэтраў сам Косьця Шышэя. Гэта быў жоўты, як яешня, паркаль у вялікія чырвоныя кветкі. Мы падзялілі гэта між сабою й шылі хто што мог. Я зрабіла з гэтага верх для коўдры, бо Маці Марта прыслала мне ваты. Пад лагерным коцам[123] я вельмі замярзала. Косьця пытаўся, ці падабаецца падарак? Я ўсім загадала падзякаваць і напісаць, што падабаецца, а сама выразіла вялікую ўдзячнасьць, што каб мой родны сын купляў мне нешта, дык купіў бы, напэўна, падобнае, бо ў мужчын ужо такі густ. Мая гэта коўдра вельмі падабалася жонцы Пракоф'ева. Яна была іспанкай і казала, што ў іх такі сьцяг — чырвоны й жоўты. Была гэта старшая, але яшчэ прыгожая жанчына, сыны ёй пісалі, а сам Пракоф'еў, здаецца, з ёю разьвёўся. Увосень мы яшчэ будавалі дамбу ля Інты на некалькі мэтраў, высокую. Былі разам лёд і балота, мы з насілкамі валаклі зямлю наверх дамбы, сьлізгаліся, падалі ў балота. Лайма не магла злапаць паветра, другіх калаціла эпілепсія ці сардэчныя прыступы. Вельмі стараліся толькі літоўкі. Казлоў раздаваў усім па папяросе.

Часам былі ўзварушлівыя хвіліны. Мы працуем на базе ОРСа[124], а што гэта, я й сяньня добра ня ведаю. Бліжыцца Новы год, і мы ачышчаем зону ад неймавернай колькасьці сьнегу. Здаецца, што гэта база засабляе Інту, галоўнае яе начальства прадуктамі. Бліжыцца вечар, неба зрабілася чырвоным, ліловым, жоўтым, наагул несказана прыгожым, але мароз пранізвае бушлаты, мы дрыжымо. Адкідаць сьнег гэта не кіркаваць, пры ломе й кірцы нават у 40 спацееш, а тут мы зьбіліся ў групку, грэемся словамі, хочам у зону, бо зьмерзьлі. Каля нас шмыгаюць вальняшкі й бытавікі, якія, расканваіраваныя, працуюць на гэтай базе. Іх мы пазнаем па тым, што яны, як і мы, у бушлатах. Здалёк узіраецца на нас высокі стройны юнак, твар у яго нейкі няроўны, але вельмі прыемны, рашучы, нейкі інтэлігентны. Ён зьнік недзе, пасьля зноў паказаўся й вось падыходзіць. да нас, хоць збліжацца да нас нельга. Падышоўшы, ён расшпіліў ля нас сваю целагрэйку, і на паўночны зьледзянелы сьнег пасыпаліся самыя сапраўдныя паўдзённыя мандарыны. Мы анямелі спачатку, а пасьля, як дзікуны, накінуліся на іх, рвалі іх са сьнегу, тапталі, вырывалі сабе з рук гэты цуд на поўначы. Юнак, які для нас украў у сытага начальства гэтую радасьць, зьнік, і добра, што ён ня бачыў нашых паводзінаў. Аднак мала хто зьеў тую мандарынку, мы іх прынесьлі ў зону, аддалі дзецям у іх зоне, падзялілі па долечцы паміж сабою. Мы здолелі на Вялікдзень падзяліць адно яечка на 30 частак, каб разгавелася ўся брыгада. Зноў перад Вялікаднем у Вялікую Пятніцу раз нас павялі чысьціць Інту, яе ўскраіны. Яшчэ былі горы сьнегу, але сонца крыху прыгравала. Мы ўсе амаль посьцілі, было нам сьветла нейк ад надыходзячага вялікага сьвята. Хрыстос, Ён адзін быў вечна з намі, і мы адчувалі гэта. Калі нам было найгорай на сьледстве ці ў другіх страшных выпадках, мы з даверам шапталі: «Цела й Кроў Ісуса Хрыста, ратуй мяне». Дапамога адчувалася. Бог мог перамяніць душы нашых мучыцеляў, мы ў гэта верылі. Вось мы, замучаныя, селі на сьнег, бы тыя курапаткі, нешта гаворым. Да нас падышоў, пагаварыўшы з канвоем раней, нейкі чалавек, ён нёс нам вялікі скрутак! Там былі селядцы, хлеб і, можа, два кілаграмы каўбасы. Аказалася, мы працавалі ля нейкага каўбаснага цэху ў Інце й нашыя быўшыя зэкі, работнікі цэху, так хацелі парадаваць нас. Дзяўчаткі ўсё прынесьлі мне, каб разьдзяліла. Селядцы я разьдзяліла роўненька ўсім, а каўбасу мы перанесьлі ў зону й пасьля спраўлялі разам Вялікдзень…

Часам было жудасна. Нас павялі вясной капаць канавы там, куды вывозілі нечыстоты. Лагер быў тут адвечны, аднагодак, пэўна, савецкай улады, і гэта ўжо было трансава з аднаго бруду. Толькі ў гэтыя дні мы не хацелі есьці, не маглі. Усё пырскала нам у твар і на вусны, мы прасьмярдлі, і нельга было адмыцца. Пасьля зноў вялі нас капаць траншэі, і гэта было так цяжка, але ўжо лепш…

А хлопцы нам кідалі свае запіскі, мы іх прагна лавілі. Літоўкі пераносілі іх адчайна. Ды за любоў ня так і каралі. Наагул, калі трэба было нешта зрабіць, дык толькі пад гэтым прыкрыцьцём. Савецкія сьледавацелі з надзвычайнай радасьцю капаюцца менавіта ў розных пачуцьцях і авантурах. Хлебам іх не кармі, а дай магчымасьць пазьдзекавацца з нечыіх любоўных спраў. Вось мы й вывучылі іх псыхіку й пад гэтай маркаю трымалі кантакты. Яшчэ адну слабасьць мелі тыя сьцервы — арыгінальна арыштоўваць свае ахвяры. Гэта яны лічылі сваім майстэрствам. Жанчыну, за якой яны палявалі, заганялі ў неймаверныя сытуацыі. Спачатку ўпіваліся яе страхам і болем, бо ж беднай куды ўцячы? Тады недзе ў кіно, на вакзале, на спацыры яе падманвалі ў летняй сукеначцы й тады ўжо душылі за горла… Выхваляліся пасьля, такое знушчаньне называлі подзьвігамі разьведчыкаў…

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 великих казаков
100 великих казаков

Книга военного историка и писателя А. В. Шишова повествует о жизни и деяниях ста великих казаков, наиболее выдающихся представителей казачества за всю историю нашего Отечества — от легендарного Ильи Муромца до писателя Михаила Шолохова. Казачество — уникальное военно-служилое сословие, внёсшее огромный вклад в становление Московской Руси и Российской империи. Это сообщество вольных людей, создававшееся столетиями, выдвинуло из своей среды прославленных землепроходцев и военачальников, бунтарей и иерархов православной церкви, исследователей и писателей. Впечатляет даже перечень казачьих войск и формирований: донское и запорожское, яицкое (уральское) и терское, украинское реестровое и кавказское линейное, волжское и астраханское, черноморское и бугское, оренбургское и кубанское, сибирское и якутское, забайкальское и амурское, семиреченское и уссурийское…

Алексей Васильевич Шишов

Биографии и Мемуары / Энциклопедии / Документальное / Словари и Энциклопедии