Час ляцеў, і зімою перад Новым годам мой дарагі будучы муж апавясьціў аб сваім прыезьдзе. Я ня вельмі ўсьцешылася, ня тое было ў галаве, хацела нат напісаць, каб ня ехаў, бо надта былі маразы, але паслалі ў Рось на станцыю добрыя коні, бурку цеплую, з якой шпарка выскачыў ля ганка стройны, худы, выгалены, элеганцкі Янка Геніюш, пражскі студэнт і амаль ужо доктар! Была гэта ня простая штука, гутарыў пераважна з мамаю, якую ачараваў, а мне абяцаў разам, да канца нашых дзён, змагацца за Беларусь… Дамоў ужо не паехаў, толькі па паперы — каб ажаніцца. Відно было, што чалавек моцна пастанавіў нешта, ня мог спакойна прайсьці ля мяне й лапаў усё, ня толькі за рукі, аж я зазлавалася. Вечарам запаліла лямпу й думаю: панясу яму — а быў ён у маім пакоі,— калі будзе няветлівы, дык я яму такога нагавару, што адразу заверне аглоблі, я яму пакажу вось цяпер, менавіта калі мы адзін на адзін! Уваходжу з лямпай, як каралева, падняўшы высака голаў. Мой будучы друг ветліва за яе дзякуе, цалуе мяне ў руку, і абое спакойна жадаем сабе добрае ночы… Такое джэнтэльмэнства мяне канчаткова паканала, да таго цудоўная гутарка беларуская шырокая нейкая, нескупая натура гэтага беднага студэнта — усё раптам зрабілася мне несказана дарагім, і я падзякавала Богу ў душы за тое, што Ён усякімі дзіўнымі дарогамі прывёў яго з далёкіх Чэхаў у нашую хату. Неўзабаве згулялі вясельле. Белыя коні ў лёганькіх санках чакаюць. Бацькі нас благаславяць абразамі, мы на каленях, пацалункі, разьдзіраючы плач мамы, у Славачкі капаюць сьлёзы, Люся плача ўздрыгам. Пад пятку ў мой белы пантофлік палажылі грошы, каб яны вяліся ў мяне, у рукі далі цукер. Трэба кідаць яго на коні, дык будзе жыцьце салодкае… Я ўсе выпаўняю. У цэркве поўна народу. Мне сказалі: ідучы кругом аўтара, наступаць мужу лёгка на нагу, гэта каб слухаўся… Перад вянчаньнем яшчэ падышоў дружбант і шапнуў мне, каб моцна трымала мужа пад руку ў царкве, каб ніхто між намі не прайшоў, што ён сам хацеў мне зрабіць гэта, але цяпер каецца… I так моцна трымаю сваяго сужанага, цалуемся, нас вітаюць. Мой «атэіст» толькі й рабіў, што хрысьціўся, калі нас вянчалі, знача, дзякую Богу… Удома чакаюць нас госьці, і далей усе як на вясельлі: падаркі, госьці давідна, муж мяне носіць на руках, нават без вялікае намогі, і адразу адвозіць мяне ў Зэльву. З намі едзе яго мама й Славачка, які ад нас паедзе ў Жыровічы ў школу…
Мне сумна, я многа тут пакідаю ў бацькаўскай сялібе, гэтым жыць буду вечна я й мае пяро. За сабою я пакідала ўлюбены прастор палёў, якія мяне ўзгадавалі, труднае жыцьце, нялёгкую працу ў полі й на вялікай гаспадарцы, тапалёвы гай ля хаты й лес, які сама садзіла. Ён так хораша рос і ўжо гадаваў масьлячкі, рыжыкі. Тую вёску, якая мне столькі падсказала з мінулага, замурзаную крыху мо, але з душою, бы тая раса, якую я так разумела. Песьні яе пайшлі сьледам за мною. I я пакідала сваю сям'ю й той пятачок зямлі на вялікай планэце, мае Жлобаўцы, гдзе я ніколі не сумавала й ня трэба мне было ніякага таварыства, калі было поле, наш дом і лес; і весела сярод алыныны як-раз праз нашыя лугі працякала любая рэчка Ваўпянка, поўная шчупакоў, плотак і багатая ракамі. Сумна мне будзе бяз таты, ён вельмі разумны, нейк усе бачыць, быццам адчувае наперад, толькі жаль мне, што Жлобаўцаў не разбудоўвае, не засаджвае болей садамі й лесам, жывецца там нейк з дня на дзень… Калі за нашай хатаю заходзіць сонца, дык робіцца аж страшна, быццам нехта адыходзіў назаўсёды. Халадок і ноч кладзецца на мае Жлобаўцы, як чорная небясьпека, як прадчуцьце таго, што пасьля прыйшло. Вось і тата мой прадчуваў гэта ўсе відавочна й не разбудоўваў свой кут на вякі. Гэта ўжо здалёк рысавалася на небасхілах вайна й тое, што ходзіць з ёю.
Калі мы ехалі з мамаю ў Ваўкавыск, гдзе меўся чакаць нас Яначка й разам з мамаю завесьці мяне да лекара, бо чулася я вельмі дрэнна, і мама не хацела мяне хворай выдаваць замуж, тата нейк доўга туліў мяне да грудзей, як ніколі. Лекар у мяне знайшоў язву дванаццаціперснай кішкі, што пацьвердзілі пасьля і ў Празе. Муж пераканаў тады маму, што ён жа лекар, дык будзе мяне лячыць, і калі мы схалі дамоў, дык прытуліў мяне й вёз, як дзіця. У мяне зрадзілася вялікая давера да яго, здавалася, што ён добры чалавек, і гэта было галоўнае. Пасьля я расчаравалася ў гэтым, але гэта пасьля. А тым часам выйшаў тата на ганак спатыкаць нас з дарогі й на руках занёс мяне ў хату, сваяго сына ў спадніцы, які стараўся хоць крыху аблегчыць яго клопаты, разважыць яго, даць харошую кніжку, якія ён так жа прагна чытаў, як і я. Яго трывожыла няпэўнасьць нейкая мае будучай долі. Муж мой быў толькі яшчэ абсальвент[7]
мэдыцыны, належала яму яшчэ ў Чэхах здаваць дзяржаўныя экзамены, а гэта каштоўная й нялёгкая працэдура. Пасьля не дадуць жа яму палякі працы ў сябе, бо й дыплом чэскі, і муж беларус сьведамы, упарты, непахісны, такога ня купіш, не застрашыш, не перавыхаваеш болей на ніякі лад.