Читаем Танцы над горадам полностью

пазайздросціш таму, хто спрабуе ім дапамагчы ці трапляецца на шляху. Ну а падарожнічаюць лунацікі нядоўга, не больш за гадзіну, і пры гэтым ходзяць не ўсе, некаторыя - сядзяць або стаяць.

Увязвацца ў завочныя спрэчкі мне не хацелася.

Як выявілася, самнамбулаў прыблізна два адсоткі. У дзяцей такое адхіленне ад нормы сустракаецца досыць часта, ды з гадамі ў большасці выпадкаў мінаецца. У дарослых яно вымагае сур’ёзнай увагі, бо прычынамі могуць быць стрэс, трывога, а часам - эпілепсія. І - адзінота, падумаў я ў тралейбусе, калі на прыпынку зайшла жанчына, здалёк падобная да Залацістай.

27

У першую студэнцкую восень я прыехаў у родны горад разам з “бабіным летам”. Аўтобус прыйшоў надвячоркам у суботу, і я ледзьве дачакаўся вечара. У маім пакоі нічога не змянілася, адно побач з партрэтамі Ленана і Джагера мама пачапіла на суровай ільняной нітцы мой прасвідраваны дзеля гэтага ў знаёмага ювеліра школьны медаль і ўзятае ў рамку паштовае паведамленне пра залічэнне ва ўніверсітэт.

Ноч не падаравала нічога, апрача моцнага сну. Сняданак аказаўся да болю знаёмы ад школьных гадоў: збітыя яйкі і гарачае малако з печывам, хоць у сталіцы я паспеў прызвычаіцца да кавы. Бацькі пачулі, што я хачу хутчэй пабачыцца з аднакласнікамі. Ключ ад Гатэля чакаў на дне шуфлядкі швачнай машынкі, якая, магчыма, крыху сумавала па мне.

Ішла дзясятая гадзіна раніцы, у нядзелю горад яшчэ драмаў. У святога Пётры на касцёле адбілі ў дадатак і левую руку, але і ён, і святы Павел, відавочна, пазналі мяне і зразумелі, куды я так рана кіруюся.

Цёмны ветразь з прабоінамі, як і сам бетонны карабель, сустрэлі звычайным, хоць і ненадта звыклым удзень выглядам. На месцы быў і дашчаны плот. Раса на закінутай дарозе не збітая. Наогул не пакідала адчуванне, што трава на ёй ужо даўно нікім не прыгіналася. Шырокая дошка за вербалозам, якая трымалася на верхнім цвіку, нікуды не прапала і лёгка падалася ўбок. За плотам ацалела выспачка лета са святаяннікам, здрыжнічкамі і познімі рамонкамі.

Цвік з расплясканай галоўкай лёгка зайшоў у замочную шчыліну, ды не захацеў паварочвацца. Замок замянілі. Я абышоў Гатэль вакол. Ключ не падыходзіў ні да воднай з астатніх чатырох дзвярэй. Як у гэтым свеце ўсё крохка, падумаў не я, а хтосьці іншы, больш сталы.

Вяртаючыся дамоў, я павярнуў да кінатэатра. Ужо даўно хадзілі чуткі, што яго зачыняць на рамонт, і вось цяпер будынак сапраўды абнеслі свежым фанерным плотам. Газетны шапік, дзе працавала Кіяскёрка, знік. Можна было, вядома, зайсці заўтра ў школу і пашукаць Настаўніка, каб хоць позіркам задаць пытанне, якое я пакуль не сфармуляваў у сабе. Можна было паспрабаваць знайсці Гімнастку. Не зрабіўшы ні першага, ні другога, я ўзяў квіток на начны цягнік.

Такім чынам я пакідаў сабе шанец.

28

Універсітэт, новыя сябры, бібліятэкі, тэатры надалі жыццю новую сістэму каардынатаў, дзе ранейшыя невідочныя ніці пакрысе рваліся і знікалі ў прасторы і часе.

Мама дакарала за рэдкія прыезды. Але, трэба прызнацца, пасля дзяцінства я не здолеў, ці, можа, проста не паспеў зблізіцца з бацькамі. Ды толькі - хоць у гэтым не хацелася прызнавацца - галоўная прычына непрыездаў палягала ў іншым. Калі я і заяўляўся на дзень-два дадому, то таго, чаго так чакаў, не здаралася.

Бацька развітаўся з гэтым светам, як я быў яшчэ студэнтам. Мама - у памяць пра яе я заўсёды п’ю на сняданак гарачае малако - ненадоўга перажыла тату, хоць і паспела дачакацца і ўнукаў, і дзвюх маіх першых кніжак, і абароны дысертацыі на забароненую дзесяцігоддзямі тэму бясконцых войнаў Вялікага Княства з усходняй суседкай.

29

Не пакідаючы родных мясцін, мы жылі ўжо ў іншай краіне, што сталася здзяйсненнем колішніх самых смелых мараў. Я выкладаў у роднай альма- матэр, шмат друкаваўся, вёў гістарычную тэлеперадачу, мяне пачыналі пазнаваць на вуліцы.

Касцёл у нашым горадзе, дзе я пасля мамінай смерці бываў адно ў камандзіроўках, адрэстаўравалі і перадалі вернікам. Да святых на франтоне вярнуліся рукі, а за касцельнай брамай з’явілася масянжовая Дзева Марыя.

Гатэль сапраўды стаўся трохзоркавым гатэлем “Ветразь” з базаю для падрыхтоўкі весляроў і яхтсменаў. Там, дзе гаспадарыў бур’ян і цвілі лугавыя краскі, разлеглася аўтастаянка. Усё гэта яшчэ больш аддаляла падзеі даўніх вясны і лета, што зрэдку нагадвалі пра сябе лёгкім, быццам блакітны дымок цыгарэты, успамінам з жыцця, якое нібыта і не было тваім.

Аднаго разу, атрымаўшы запрашэнне на канферэнцыю ў новым універсітэце, які адчынілі на прыдзвінскай вуліцы ў карпусах колішняй езуіцкай акадэміі, я злавіў сябе на думцы: хацеў бы спыніцца ў “Ветразі”, прычым на пятым паверсе, каб нарэшце высветліць, што там знаходзіцца, і ўначы паспрабаваць падняцца на шосты і вышэй. Аднак якраз у дні канферэнцыі гатэль цалкам займалі ўдзельнікі міжнародных спаборніцтваў, і я, нечакана адчуўшы палёгку, адклаў свае планы на будучыню.

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 знаменитых харьковчан
100 знаменитых харьковчан

Дмитрий Багалей и Александр Ахиезер, Николай Барабашов и Василий Каразин, Клавдия Шульженко и Ирина Бугримова, Людмила Гурченко и Любовь Малая, Владимир Крайнев и Антон Макаренко… Что объединяет этих людей — столь разных по роду деятельности, живущих в разные годы и в разных городах? Один факт — они так или иначе связаны с Харьковом.Выстраивать героев этой книги по принципу «кто знаменитее» — просто абсурдно. Главное — они любили и любят свой город и прославили его своими делами. Надеемся, что эти сто биографий помогут читателю почувствовать ритм жизни этого города, узнать больше о его истории, просто понять его. Тем более что в книгу вошли и очерки о харьковчанах, имена которых сейчас на слуху у всех горожан, — об Арсене Авакове, Владимире Шумилкине, Александре Фельдмане. Эти люди создают сегодняшнюю историю Харькова.Как знать, возможно, прочитав эту книгу, кто-то испытает чувство гордости за своих знаменитых земляков и посмотрит на Харьков другими глазами.

Владислав Леонидович Карнацевич

Неотсортированное / Энциклопедии / Словари и Энциклопедии