Перамiр'е ордэна з Польшчай скончылася, а мiрнага вырашэння спрэчак не адбылося. Вайна працягвалася далей. Крыжакi захапiлi ўсю Добжынскую зямлю. Пасрэднiкi - вугорскi i чэшскi каралi выдалi прысуд: Куяўскую i Добжынскую землi вярнуць Польшчы, Памор'е пакiнуць ордэну. Крыжакi не аддавалi захопленыя землi, патрабуючы ад караля Казiмiра пiсьмовай згоды з прысудам, а той яе не даваў. Нарэшце ў 1343 г. Казiмiр падпiсаў з ордэнам мiр у Калiшы, па ўмовах якога адрокся ад усiх правоў на Памор'е, Хэлмiнскую i Мiхалаўскую землi. Крыжакi перадалi Польшчы Куявы i Добжынь.
Пасля замiрэння з Польшчай вайна супраць Лiтвы павялася з небывалым размахам. З 1340 да 1410 г. было зроблена 97 паходаў на Лiтву. Галоўным чынам нападалi на Жамойць, а таксама на Горадню, Вiльню, Трокi, Берасце, Лiду, Наваградак. У адказ за гэты ж час лiцвiны ажыццявiлi каля 55 паходаў. Вялiкiя крыжацкiя выправы (па некалькi тысяч чалавек) адбывалiся ў 1382, 1383, 1384, 1390, 1391, 1394, 1402, 1403 гадах. Разам з тым штогод рабiлася 4-8 невялiкiх рабаўнiчых выпраў, якiя арганiзоўвалi комтуры Рагнеты, Балгi, Астроды.
У 1360 г. у крыжацкi палон трапiў Кейстут, ён быў акружаны i аддаў зброю лiвонскаму ландмайстру. Аднак князя хутка абмянялi на мноства палонных хрысцiянаў. Але ў хуткiм часе Кейстут зноў трапiў у палон. У бiтве яго скiнулi з каня, схапiлi i прывезлi да Мальбарка. Варта днём i ноччу стаяла ля дзвярэй цямнiцы, куды доступу не меў нiхто, акрамя крыжака з прыдворнай службы хохмайстра. Ён насiў князю ежу. Гэты крыжак быў родам лiцвiн, яго маладым узялi ў палон, ахрысцiлi на Адольфа, а па-простаму звалi Альфам. Доўгай i вернай службай ордэну Альф заслужыў давер хохмайстра. Кейстут знайшоў у адной сцяне вязнiцы выемку, якая мела глыбiню на 2/3 мура. Князь схiлiў Альфа на свой бок, атрымаў ад яго iнструменты i ламаў муроўку ў адтулiне, пакуль не прабiў выйсце. Ноччу Кейстут спусцiўся ў роў, вылез на другi бок па драбiнах, апрануў крыжацкi плашч i без перашкод выехаў з Мальбарка. Дабраўшыся разам з Альфам да лесу, кiнулi коней, некалькi дзён хавалiся па балотах, затым лясамi па начах дайшлi да Мазовii, дзе ўцекачоў прыняла княгiня Данута - родная дачка Кейстута.
У канцы 1379 г. ля ракi Нарвы з'ехалiся хохмайстар, Кейстут, Ягайла (бацька Ягайлы вялiкi князь Альгерд памёр у 1377 г.). Там яны прыйшлi да згоды i ў Троках заключылi мiр на 10 гадоў памiж пагранiчнымi раёнамi Прусii i Лiтвы. Па яго ўмовах з абодвух бакоў не павiнна было быць нiякiх нападаў. Жыхары пагранiчных раёнаў маглi ў складзе войскаў сваiх краiн удзельнiчаць у паходах на глыбiнныя раёны iншай варожай дзяржавы.
Ягайла, захацеўшы аднаасобна панаваць у Вялiкiм Княстве, увайшоў у тайную змову з крыжакамi супраць Кейстута. У 1380 г. была заключана патаемная дамова: вялiкi князь (Ягайла) гарантуе Тэўтонскамуордэну поўныя мiр i бяспеку. Калi ордэн пойдзе пустошыць край Кейстута цi яго сыноў, а вялiкi князь выведзе сваё войска ў поле, то мiр пры гэтым нiякiм чынам не будзе лiчыцца сарваным; толькi не павiнны ўступаць у бiтву з ордэнскiм войскам. Калi воi ордэна па няведанню ўвойдуць у землi вялiкага князя, зробяць шкоду, або захопяць палонных, то палон будзе выдадзены без выкупу, але каб дамоўленасць не адкрылася, рабiць выгляд, што выкуп атрыманы.
Ужо ў 1381 г. крыжакi пачалi ваенныя дзеяннi супраць Кейстута - пустошылi Жамойць. Кейстут арганiзаваў паход у адказ, якi меўся быць нечаканым, але крыжакi ўсюды былi гатовыя да яго прыходу, што здзiвiла старога князя. Усё стала яму зразумелым, калi атрымаў iнфармацыю аб дамове Ягайлы з крыжакамi. Кейстут сказаў аб здрадзе свайму сыну Вiтаўту, якi быў у вялiкай дружбе з Ягайлам i, можна сказаць, жыў пры iм. Вiтаўт не хацеў даваць веры, запэўнiваў бацьку, што вялiкi князь яму давярае i нiчога не робiць без яго ведама.
Праз нейкi час Кейстут нечакана авалодаў Вiльняй i ўзяў пад варту Ягайлу. Была знойдзена перапiска з крыжакамi i тэкст пагаднення. З Гораднi ў Вiльню прымчаўся Вiтаўт. Бацька яму сказаў: "Ты не хацеў мне верыць, глянь на гэтыя лiсты i даведайся аб змовах супраць нас. Дзякуй небу, што захавала нас ад згубы". Ягайлу пакiнулi ўдзел i ён пасялiўся ў Крэве.