1404 г. - Рацяжскi лiтоўска-польска-крыжацкi трактат. Польшча атрымала права выкупу Добжынскай зямлi, Жамойць адыходзiць крыжакам;
1407 г. - абранне хохмайстрам Ульрыха фон Юнгiнгена - прыхiльнiка актыўнай палiтыкi на ўсходзе.
Падзеi апошняга года перад вайной паказваюць немагчымасць мiрнага ўрэгулявання канфлiктаў. Абодва бакi гэта разумелi i актыўна рыхтавалiся да вайны. 6 студзеня 1408 г. у Коўна для вырашэння спрэчных пытанняў з'ехалiся Вiтаўт, Ягайла, Ульрых фон Юнгiнген. Прысутнiчаў i лiвонскi ландмайстар. Пасрэднiкам памiж Польшчай i ордэнам абралi Вiтаўта. Ягайла пажадаў ад хохмайстра вяртання Дрэздэнка. Той адклаў рашэнне справы да 24 чэрвеня, пазней аддаў яе на суд Вiтаўту, а ўрэшце выкупiў уладанне фон Оста. Ковенскi з'езд скончыўся беспаспяхова.
У чэрвенi 1408 г. крыжацкi войт Новай Маркi спалiў некалькi пагранiчных польскiх вёсак. Летам гэтага ж года сам хохмайстар аб'ехаў памежныя з Лiтвою i Польшчай замкi Астроду, Торунь, Штразбург, Голуб i iншыя. Ён прывёў у парадак iх арсеналы, арганiзаваў дастаўку з Мальбарка гармат, пракантраляваў забеспячэнне рыштункам i харчовымi прыпасамi. Прасачыў, як iдзе ўмацаванне замкаў Тыльзiт i Рагнета. Крыжацкi войт Жамойцi атрымаў загад парваць сувязi Жамойцi з Лiтвой i забаранiў лiцвiнам купляць на Жамойцi мёд, збожжа, жывёлу.
Малодшы брат Ягайлы Свiдрыгайла, якога крыжакi падтрымлiвалi супраць Вiтаўта, падаўся за падмогай у Масковiю. Узнiк канфлiкт. Вiтаўт правёў вайсковую дэманстрацыю на мяжы з Маскоўскiм княствам i 14 верасня 1408 г. заключыў з iм мiр.
7 верасня 1408 г. Дрэздэнка перайшоў ва ўладанне ордэна. Гэтай жа восенню жамойцкi войт i суседнiя комтуры паведамлялi ў Мальбарк, што Жамойць уздоўж i ўпоперак праходзяць лiцвiны, русiны i татары, часта апранутыя купцамi, i падбухторваюць насельнiцтва да паўстання. У снежнi 1408 г. адбылася тайная нарада Вiтаўта з Ягайлам у Наваградку. Магчыма, менавiта на гэтай сустрэчы аформiлася iдэя расправы з ордэнам.
Вiтаўт не хацеў пачынаць вайну заўчасна i здзiўляў крыжакоў сваёй памяркоўнасцю i iгнараваннем выклiкаў. Вясной 1409 г. адзiн з паслоў ордэна, раздражнены няпэўнымi адказамi Вiтаўта на пытанне, каго вялiкi князь будзе падтрымлiваць у пагранiчных спрэчках - Польшчу з Мазовiяй цi ордэн, дазволiў сабе абразу асобы Вiтаўта. У размове з людзьмi вялiкакняскага двара цi нават у прысутнасцi самога князя крыжак выказаўся ў тым сэнсе, што вялiкi князь ужо тры разы здрадзiў ордэну, а цяпер намерваецца зрабiць тое ж у чацвёрты раз. Гэтая нястрыманасць каштавала брандэнбургскаму комтуру Маркварду фон Зальцбаху галавы, але пазней, пасля Грунвальдскай бiтвы. Зараз жа Вiтаўт паслаў да хохмайстра запыт, цi ўпаўнаважваў той свайго пасла да такiх выказванняў. Хохмайстар быў вымушаны прасiць прабачэння.
У лiстах да кiраўнiка ордэна Вiтаўт завяраў таго ў сваiх намерах трымаць мiр i ў нейкай ступенi здолеў аслабiць пiльнасць крыжакоў. Тыя да апошняга моманту не гублялi надзеi ўбiць клiн памiж Вiтаўтам i Ягайлам. Без сумнення, вялiкi князь iмкнуўся выгадаць час для лепшай падрыхтоўкi да вайны. Хоць крыжакi не давяралi канчаткова нi яму, нi Ягайлу, тым не менш першымi вайну не пачыналi. Можа быць, не былi поўнасцю падрыхтаваныя або, як мяркуюць некаторыя даследчыкi, хацелi паказацца перад усiм светам у паставе абаронцаў.
31 траўня 1409 г. на Жамойцi выбухнула паўстанне. Жамойты нечакана напалi на Хрыстмемель i спалiлi замак. У сярэдзiне чэрвеня на Жамойць прыбыў староста ад Вiтаўта Румбольд Валiмунтавiч. Вiтаўт жа рабiў выгляд, што ён нi пры чым. У iх з Ягайлам была дамова пачаць вайну, "як паспее збожжа", гэта значыць у канцы лiпеня.
Ягайла выслаў пасольства, якое 10 чэрвеня ў Эльблангу, дзе знаходзiўся хохмайстар, прынесла яму скаргi наконт пагранiчных канфлiктаў. Ульрых фон Юнгiнген згадзiўся задаволiць большую частку прэтэнзiй. Потым хохмайстар у сваю чаргу выслаў да караля торуньскага комтура са скаргай на Вiтаўта, маўляў, паўстанне на Жамойцi паднялося з яго дапамогай. Затым прыходзiла яшчэ некалькi пасольстваў ад ордэна, меўшых на мэце выведаць, цi будзе Ягайла дапамагаць лiцвiнам i жамойтам. Ягайла сцвярджаў, што не можа даць адказ, пакуль не выкажацца каронная рада, якая павiнна адбыцца 17 лiпеня.
Сабраўшыся ў Ленчыцы, рада вырашыла не пакiдаць Лiтву. Тут жа Ягайла адправiў паслоў у ордэн, якiя 1 жнiўня сталi перад Ульрыхам фон Юнгiнгенам. Польскi кароль згаджаўся мiрна вырашыць усе спрэчкi праз трацейскi суд пры ўмове, што крыжакi да самага прысуду не будуць нападаць на Жамойць. Хохмайстар дабiваўся ад паслоў адказу на пытанне: цi будзе Польшча перашкаджаць ордэну пакараць паўстанцаў? Узамен абяцаў не чапаць нi Ягайлу, нi Вiтаўта, калi той пакiне жамойтаў. Кiраўнiк пасольства гнезненскi архiбiскуп Мiкалай Куроўскi ў запале заявiў, што калi ордэн уступiць у вайну з Лiтвой, то Ягайла ўдарыць на Прусы. Дакументы сведчаць, што хохмайстар падзякаваў архiбiскупу за яснае выражэнне пазiцыi караля i паведамiў аб намеры скiраваную супраць Лiтвы вайну абярнуць на Польшчу.