Тады Конрад вырашыў звярнуцца да сталай ужо арганiзацыi, якая мела значную сiлу. Ён выправiў паслоў да хохмайстра Тэўтонскага ордэна Германа фон Зальца з просьбай прыбыць на дапамогу са сваiмi рыцарамi. Абяцаў аддаць ордэну Хэлмiнскую i Добжынскую землi i ўсё, што той здабудзе ў паганаў. Рымскi iмператар Фрыдрых II у сакавiку 1226 г. выдаў акт, якiм навечна зацвярджаў наданне ордэну Хэлмiнскай зямлi i iншага, што здабудзецца ў няверных. У гэтым акце iмператар без лiшняй сцiпласцi выступае як уладар не заваяваных яшчэ Прусаў.
Што ж уяўляла сабой у тыя часы Прусiя? Гэтая краiна ляжала ля Балтыйскага мора, з усходу межавала з Жамойцю i Лiтвой, на поўднi - з Польшчай. Яна складалася з 12 вобласцяў, населеных балцкiмi плямёнамi. Усе гэтыя вобласцi ў пiсьмовых крынiцах называюцца "прускiмi землямi". На самой справе яны не былi заселеныя адным этнасам. У VI-XI стст. прусы насялялi паўвостраў Самбiю i паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа сучаснага Калiнiнградскага залiва. Да пачатку ХII ст. пад прускi ўплыў трапляюць тэрыторыi, якiя пазней атрымалi назвы "земляў": Памезанiя, Пагезанiя, Натангiя, Бартыя, Надровiя. Суседнiя плямёны (скальвы, ламаты, яцвягi) поўнасцю цi часткова прымаюць грамадскую арганiзацыю прусаў. Тэўтонскi ордэн пачынаў крыжовы паход непасрэдна супраць прусаў i для апраўдання тэрытарыяльных прэтэнзiй яму было выгодна называць усе гэтыя землi прускiмi. Ордэнскiя заваёвы спынiлi працэс утварэння дзяржавы на заходняй ускраiне балцкага арэала.
Прусiя - плоскi край, толькi на ўсходзе i поўднi ёсць пагоркi, прарэзаныя азёрамi. Месяцы травень, чэрвень, лiпень, жнiвень звычайна цёплыя, восень iмглiстая i пераменлiвая, зiма дастаткова суровая. Глеба ўраджайная - расце жыта, пшанiца, авёс, ячмень, проса, гарох, лён, каноплi, хмель. Многа было лясоў, дзе акрамя звычайнай дзiчыны ў тыя часы вадзiлiся туры, буйвалы i ласi. Прусы вялi гандаль футрам i бурштынам.
Герман фон Зальца паслаў да мазавецкага князя двух рыцараў з 18 людзьмi на агледзiны i высвятленне абставiн на месцы. Калi тыя прыехалi на мазавецкi двор, самога князя не было дома, гасцей прыняла яго жонка i прасiла пачакаць звароту мужа. Якраз у той час на Мазовiю напалi прусы. Тэўтонскiм рыцарам з'явiлася магчымасць прадэманстраваць свае баявыя вартасцi. Яны прынялi самы актыўны ўдзел у арганiзацыi абароны, магчыма, нават былi яе кiраўнiкамi. Бiтва з прусамi цягнулася цэлы дзень, урэшце мазуры кiнулiся наўцёкi i тут крыжакi паказалi сябе, прыкрываючы адступленне, пакуль не ўпалi пад мноствам стрэл. Перамога дасталася прусам дарагой цаной i яны ў тую ж ноч адышлi. Параненых рыцараў выхадзiлi i тыя прыступiлi да перагавораў з князем. Усе ўклады былi скончаныя ў 1230 г. Гэтым годам можна лiчыць пачатак будаўнiцтва ў Прусii ордэнскай дзяржавы.
Па просьбе крыжакоў князь збудаваў iм на гары левага берага Вiслы замак, названы Фогельзангам. У гэтым замку засела крыжацкая залога i баранiлася ад прусаў. Можна сказаць, гэты "птушыны спеў" (так перакладаецца з нямецкай мовы назва замка) стаў пачаткам пераможнай песнi крыжакоў над прускiмi абсягамi. Фогельзанг выканаў ролю ордэнскага плацдарма ў Прусах. Хохмайстар прыслаў падмацаванне з некалькiх рыцараў i сотнi конных. Рыцары былi надзеленыя пасадамi кiраўнiкоў новай правiнцыi (якой фактычна яшчэ не было). Галоўным сярод iх быў Герман Балк з тытулам намеснiка Прусii. З iм прыбылi прызначаныя ў новую правiнцыю маршал, комтур, дамавы комтур (камендант замка), шпiтальнiк. Напаўненне намiнальных пасадаў рэальным зместам залежала ад самiх рыцараў. Яны з запалам рынулiся "ў справу", гэта значыць у бойку, бо акрамя вайны iншых сродкаў не ведалi. Герман Балк адразу пачаў будаваць новы замак над Вiслай i назваў яго Няшава.
Конрад Мазавецкi прывiлеем у чэрвенi 1230 г. аддаў ордэну на вечныя часы Хэлмiнскую зямлю з рэкамi Дрвенцай i Мокрай i ўсё, што будзе здабыта ў Прусii. Адзiным абавязкам крыжакоў было змаганне супраць прусаў, пакуль тыя не прымуць хрысцiянства. Iмператар i папа зацвердзiлi гэтае наданне. Рымскi папа аб'явiў крыжовы паход супраць прусаў, яго ўдзельнiкам адпускалiся грахi нароўнi з крыжакамi, якiя хадзiлi ваяваць за Святую зямлю.
Забяспечыўшы сабе "прававую" падставу для заваёвы зямлi, жыхароў якой забылiся спытаць аб iх жаданнях, рыцары пачалi дзейнiчаць.
У 1231 г. Герман Балк з невялiкiм войскам на лодках перабраўся цераз Вiслу i дайшоў да аднаго з прускiх свяцiлiшчаў. Там стаяў дуб, якому пакланялiся мясцовыя жыхары. Крыжакi ўмацавалi гэтае месца - акружылi яго валамi i равамi, павесiлi на дубе сваю харугву i адбiвалiся ад насядаўшых прусаў, якiя iмкнулiся адагнаць чужынцаў ад святынi. Праз нейкi час на гэтым месцы быў закладзены замак i горад Торунь.