Толькi я гаварыў кiт i думаў зусiм не пра акiянiчную жывародную iстоту, а пра замазку, якой замацоўваюць шкло ў аконных рамах. У сутарэннях дзевяцiпавярховага дома, дзе я жыў, калi вучыўся ў школе i мастацкай вучэльнi, былi зусiм маленькiя, на адну шыбу, акенцы. Кiт перасох i вылушчыўся, шкло трымалася цвiчкамi, i яго лёгка можна было дастаць, каб стрэлiць з рагаткi драцяным прабоем у дзявочую лытку. Ахвяра хапалася за апечаную болем нагу i пазiрала ўгору — на гаўбцы, яна ж не здагадвалася, што прабой пускаўся з сутарэнняў, праз маленечкае акенца, пад якiм, душачыся смехам, хаваўся я.
Так можна было б пачаць аповесць пра першае каханне, пра першыя спробы падлетка звярнуць на сябе ўвагу супрацьлеглага полу, пра ўсёабдымныя адносiны мужчыны i жанчыны. Але я ўжо распавёў табе пра сваё першае каханне. А цяпер раскажу пра мужнасць, пра забойства. Менавiта ў прапахлых гнiлой бульбаю сутарэннях я забiваў ката. Але думка пра забойства, пра забiранне жыцця адной iстотаю ў другога жывога стварэння прыйшла ў iншым месцы — сонечным i залатым.
Кастрычнiцкiм ранкам я кiраваўся ў школу, каб у сваiм шостым класе разам з усiмi чакаць на доўгiх уроках кароткiх перапынкаў. Я абмiнуў сятчасты плот дзiцячага садка i ўбачыў на чырвоным маладым клёне, што рос каля белай сцяны трансфарматарнай будкi, ката. Чорны, блiскучы, з доўгiм пухкiм хвастом кот вiсеў на вяроўцы, перакiнутай праз кляновы сук i заматанай на камлi. Выпручанае, здзервянелае цела цiха пагойдвалася пад шалёсткiмi вогненнымi шатамi. З ашчэранага, белазубага рота тырчаў высалаплены пурпуровы язычок.
Я доўга не мог адвесцi вачэй ад чароўнага вiдовiшча блiзкай смерцi. Думкi зблыталiся, цела ахапiў паралюш, пытаннi грувасцiлiся ў маiм школьнiцкiм розуме. Чаму забiлi ката? Хто набраўся смеласцi, каб накiнуць пятлю на шыю жывой цёплай iстоце i перапынiць дыханне, каб адчуць асалоду кЗта, пабачыўшы перадсмяротныя курчы? Нашто адзiн забiвае другога? Няўжо, калi я не навучуся забiваць — заб’юць, задушаць, павесяць мяне? Мае вочы павылазяць з вачнiц, язык вывалiцца з рота, а душа назаўсёды застанецца ў цялесным мяшку, яна не зможа вылецець i ўзняцца ў нябёсы. І трэба вучыцца забiваць, а гэтаму не вучаць у школе, на жаль.
У кабiнеце бiялогii давялося выслухаць малапрыемныя папрокi за спазненне. Сытая, круглатварая настаўнiца падкацiлася да мяне на сваiх кароткiх крываватых нагах з таўсценнымi лыткамi. Не ведаю, хто, мусiць, муж, разразаў ёй халявы на ботах, каб хоць неяк налезлi на круглыя лыткi.
— Адам, няўжо нельга выйсцi з дому на дзесяць хвiлiн раней? Няўжо трэба сто разоў паўтараць, што спазняцца на ўрокi — гэта хамства i непавага да ўсiх нас?
Хiба я змог бы задушыць гэтую сытую цётку са складчатай шыяй?
— Сядай i ведай, што ў наступны раз... — Не змагу я задушыць... —... пойдзеш да дырэктара! —... яе, i нiхто не зможа, гэтую гаспадыню бiялагiчнага кабiнета, дзе ў шклянках скурчылiся заспiртаваныя гадзюкi i вужы, а на палiцах распасцерлi пыльныя крылы шклавокiя пудзiлы качак i соваў, дзе ў кутку шчэрыцца штучны шкiлет, а на сценах выставiлi вантробы бясскурыя людзi. Якi непрыемны гук нараджае пастукванне ўказкi па вялiзным жоўтым муляжы кветкi, што ўзвышаецца на стале маёй нялюбай настаўнiцы паталогii.
Круп-круп-круп-круп-тр-руп... «Разгаворчы-кi!» Яна дужая, жорсткая, зможа схапiць мяне за горла, прыцiснуць да свайго пукатага жывата i задавiць. Ёй варта толькi захацець. А я нiчога зрабiць не змагу. Трэба купiць нож! I калi яна паспрабуе... Але спачатку... Навучыцца, пераадолець сполах, стаць мужным, стаць мужчынам i ваяром...
Па шчырасцi, я нiколi не думаў, што табе захочацца слухаць пра чыста мужчынскiя справы, пра забойствы i вайну, пра Шэкспiрава «Быць цi не быць?», якое для мужчыны гучыць iнакш... Забiваць альбо не забiваць? А для жанчыны... Нараджаць цi не нараджаць? Пытанне!
Асаблiва жорстка мужчынскае пытанне паўстала для мяне ўвосень на трэцiм курсе вучэльнi, калi пачалi цягаць у вайсковы камiсарыят, калi замест адной настаўнiцы паталогii на мяне вызверылася савецкае грамадства са сваiм усеагульным вайсковым абавязкам. Як я ўзненавiдзеў усiх праспiртаваных палкоўнiкаў Івановых, Пятровых, Мухiных з iх аўтаматамi, кулямётамi, ордэнамi i пяцiрогiмi зоркамi, у якiх паблiсквала залатая свастыка, складзеная з сярпа i малатка. Што можа быць больш мярзотным за шматок паперы, на якiм напiсана: ты абавязаны з’явiцца ў вайсковы камiсарыят, а калi не з’явiшся, дык пойдзеш пад суд?! Павер мне, нiчога ў свеце не выклiкае такой гiдлiвасцi, як позва ў войска. І таму мужчыны iх выкiдаюць, рвуць, не прызнаюцца, што бачылi. І таму другiя мужчыны грукаюць па начах у дзверы i бяруць подпiс, што ўручылi гэты гнюсны шматок паперы з рук у рукi. А назаўтра ранiцай даводзiцца плесцiся да прапаршчыкаў, лейтэнантаў i капiтанаў, гадзiнамi стаяць у калiдорных чэргах, тлумачыць, што ёсць iншы закон, якi дазваляе студэнтам i навучэнцам атрымаць дыпломы...
— Прэч на хрэн, мастак сраны!