З размовы пра аўтакефалiю беларускай царквы я i пачаў гутарку з Валодзем Бортнiкам. У яго стрыечны брат служыў папом, таму тэма зацiкавiла, Бортнiк нават сказаў... Мог i сапраўды быць факт суверэнiзацыi царквы. Але размова пра рэлiгiю была шырмаю, мяне зусiм не цiкавiў Гiтлер з Абрамовiчам, мяне хвалявала, як адрэагуе пара з несапраўдным каханнем на пару з каханнем сапраўдным. Цi спраўдзiцца мая надзея на ўзвышэнне. Спраўдзiлася. Бялькевiч звяла, згарнулася, як зрэзаная лiлея без вады. А я з садысцкай радасцю зазначыў, што прынiзiў сяброў. І апраўдваў сябе тым, што чалавека нельга прынiзiць да таго часу, пакуль ён сам не пажадае прынiжэння. Я меў поўнае перакананне — Бортнiк i Бялькевiч жадалi прынiжэння. А iнакш нашто ён паўсюль расказваў пра вельмi iнтымныя рэчы. А яна прынiжала яго капрызамi i бясконцымi патрабаваннямi. А я прынiзiў iх абаiх, бо побач з дохлым ценем мiнулай любовi паставiў жывое каханне з першага погляду.
Я атрымаў задавальненне, а ўсе астатнiя не цiкавiлi мяне, нават Агi, з якой у нейкiх кавярнях, на нейкiх паркавых лаўках я парастрасаў, параскiдаў, праўсмiхаўся тры наступныя днi. І зусiм нечакана для сябе працверазеў i ўбачыў — сяджу на чыгуначным вакзале адзiн.
У пачакальнi нiхто не спаў, бо мiлiцыянты забаранялi. Як толькi нехта заплюшчваў вочы, яны абавязкова падыходзiлi i патрабавалi дакументы. Гэта ў мiлiцыянтаў было накшталт гульнi-забаўкi, каб служба шпарчэй iшла.
Цётцы Тосi я сказаў, што з’язджаю ўранку, каб не хвалявалася. І яна, мусiць, не перажывала, а цiха, спакойна спала ў ленiнградскай камунальнай кватэры. А я не мог заснуць з-за мiлiцыянтаў. Ночы падзяляюцца на два станы: адзiн — калi хочаш спаць, а табе не даюць, а другi — калi не можаш заснуць. Спаць хацелася страшэнна. Я ўзяў сумку i пайшоў уздоўж перона, уздоўж пакгаузаў, паўз нейкiя склады, пералезшы праз паркан, знайшоў пад iм кардонныя скрынi з-пад халадзiльнiкаў i заснуў на iх, паклаўшы пад галаву сумку. Мне нiчога не прыснiлася. Звычайна ў мяне каляровыя сны яркiя i вельмi прывязаныя да сапраўднасцi, але нi разу ў мой сон не завiтала венгерка Агi Ляхоцкi. Перад тым як трапiць на вакзал, мы развiталiся, яна зайшла ў iнтэрнат, i больш я нiколi не бачыў Агi, якую пакахаў з першага погляду. Яна плакала, а я не плакаў. Агi была вельмi лёгкая на слёзы. Яна была лёгкая на ўсё — словы, пачуццi, лiсты, слёзы.
* * *
Дарагi Адам!
Мне вельмi-вельмi хочацца, каб гэты лiст ты атрымаў адразу, як толькi прыедзеш у Мiнск.
Я думаю-думаю пра цябе, ты мой першы любiмы сябра. Можа, ты пакрыўдзiшся за «сябра», але для мяне гэта больш чым палюбоўнiк. Каб я напiсала табе, што закахалася ў цябе i мне больш за ўсё падабаецца займацца з табою сексам цi я нiколi ў жыццi не забуду нашае пачуццё — быў бы падман. А хлусiць не хачу i не буду. Ты мiлы-мiлы, быць побач з табою прыемна. А больш за ўсё мне падабаецца гаварыць з табою. Ты першы i адзiны хлопчык, з якiм мне прыемна размаўляць. У тваiм характары ёсць кранальная непасрэднасць. Наша каханне ты будзеш памятаць нават тады, калi я забудуся пра яго.
Яшчэ зусiм светла, хоць на гадзiннiку — глыбокая ноч. Я пiшу, седзячы каля акна. Светла, i не трэба запальваць лямпу.
Спадзяюся, твая цётка Тося не сварылася на цябе, здаецца, сягоння мы развiталiся крышку раней, чым заўсёды.
Шкада, усё так хутка скончылася. Каб ты разумеў па-венгерску, я пiсала б табе вершы.
Шкада, ты так i не намаляваў мой партрэт, i не тое, каб для мяне мела вялiкае значэнне наяўнасць самога партрэта, зусiм не, хацелася паглядзець, як ты працуеш. Я сама зусiм не ўмею маляваць, зусiм.
Заўтра, па дарозе на заняткi, я ўкiну лiст у паштовую скрыню i ўзрадуюся, бо ты хутка атрымаеш вестачку. А вось на вакзал я вырашыла не прыходзiць, не люблю плакаць i цалавацца на пероне.
Р. S. З Венгрыi дашлю сваю фотакартку, а ты, калi ласка, дашлi сваю цi намалюй маленькi аўтапартрэт.
Прабач, але не было добрай белай паперы, вось таму першы лiст атрымаўся жоўты i непрыгожы.
Буду цябе памятаць доўга-доўга.
Дзякуй за каханне.