Ён доўга стаяў нерухома, чуйна прыслухоўваўся. Яго позірк снаваў па далягляду. Пустэча, нерухомасць.
Нечакана доўгі цень далёкага горнага піка, што ляжаў ля яго ног, калыхнуўся ўбок і, як некім зрэзаны, знік, адкрыўшы перад ім чорнае глыбокае бяздонне. Іван Іванавіч спалохана адступіў назад. У далечыні, на месцы горнага піка, узняўся высокі слуп пылу. Здавалася, вось-вось цясніны гор запоўняцца працяглым грамавым гулам абвалу. Але тут аб ім напомніла толькі невялікае дрыжанне глебы. Што здарылася з пікам? У яго ўрэзаўся метэор ці там неасцярожна ступіў Алег?
Пераскокваючы праз шчыліны і абрывы, лёгка і спрытна адштурхоўваючыся ад каменных глыбаў і невялікіх пляцовак, Дзянісаў накіраваўся ў глыбіню гор. 3-пад ног вырываліся каменні, адкосы скал пры невялікім дотыку рассыпаліся ў дробны пыл, але Іван Іванавіч кожны раз паспяваў своечасова ўключыць маторчык, і гэта яго выратоўвала ад гібелі.
Позірк толькі на адно імгненне схапіў абрысы ўмяціны на адным з горных схілаў, а сэрца радасна затрапятала: гэта-ж след чалавека! Дзянісаў, поўны радасным прадчуваннем блізкай сустрэчы, усхвалявана закрычаў у мікрафон, патрабуючы, каб Алег неадкладна адгукнуўся. Пастаяў крыху, паслухаў. У навушніках ні гуку, ні шолаху.
— Дзе-ж ты, Алег?
Дзянісаў па вузкаму адкосу скалы перабраўся да грады невысокіх гор.
А вось і доўгі ланцуг парных ямінак. Так, гэта былі чалавечыя сляды! Іван Іванавіч нахіліўся, прыгледзеўся. Што за ліха? След быў вялізны і нічым не нагадваў сваімі абрысамі форму чаравікаў Алега. Для большай пераканальнасці Іван Іванавіч побач выціснуў след сваёй нагі.
Два розных, мала падобных сляды! Новая здагадка — тут быў чалавек, які насіў чаравікі замежнай фірмы! У гэтым не было ніякага сумнення: поўкруглая форма абцаса, шырокія наскі з шыпамі.
Хто-ж пакінуў іх? Ды вядома — Поль Арноль! Чакай, разам з Віктарам ён абследаваў раён кратэра Эўдокеа. Як-жа мог трапіць сюды?
«Значыць, ашукаў нас, — мільганула жахлівая думка. — Ён сустрэў Алега i...»
У Івана Іванавіча перахапіла дыханне.
Ён яго забіў... Пра гэта і гадаць няма чаго. Які жах!...
Іван Іванавіч прасачыў напрамак слядоў, потым пачаў абследаваць бяздонныя шчыліны і вузкія цясніны. Нідзе ніякага знаку.
Нарэшце Дзянісаў спыніўся, цяжка ўздыхнуў. Ён дрэнна бачыў: на вочы набеглі слёзы.
Пастаяўшы крыху, ён павярнуўся назад і, запусціўшы маторчык, стаў па вузкіх скалістых калідорах выбірацца на раўніну.
***
Віктар Машук вяірнуўся ў лагер раней, чым Дзянісаў і Роб. Пакінуўшы Поля ля ракеты, ён увайшоў у каюту.
Алега не знайшлі... Алег загінуў... Цяжар смутку і жальбы прыгнятаў душу. Толькі цяпер упершыню Віктар адчуў,,як моцна ён паважаў Алега. Праўда, у апошні час у іх адносінах адчувалася нейкая нацягнутасць. Але-ж гэта было непаразуменне. «Хіба можна спрачацца з-за кахання? Які я ўсё-такі дзівак! Наташа вернецца, i цяпер я буду яе моцна-моцна кахаць»...
Віктар паглядаў па баках. Вось тут учора за гэтым столікам сядзеў Алег, жаіртаваў, смяяўся. «Дзе-ж ты цяпер, дружа? Скажы, як i чым табе дапамагчы?»
Распрануўшыся, Віктар закурыў і паглыбіўся ў думкі.
Праз ілюмінатары лілося яркае сонечнае святло, у паветры зусім па-зямному скакалі, кружыліся пылінкі, аднатонна адлічваў хвіліны атамны гадзіннік, устаўлены ў пярэднюю сценку каюты.
«Ужо мінула 21 гадзіна. Алег! Алег! А ты помніш, колькі разам перадумалі дум, якія будавалі планы! Нам пашчасціла — нам даверылі першымі ступіць на Месяц. Нялёгка было, але выдужалі, не зламіліся. Як-жа будзем без цябе?..»
Віктар скрануўся з месца і толькі зараз убачыў, што сядзеў перад вялізным выпуклым люстрам тэлеэкрана. Ён уключыў кнопку. Успыхнуў экран, і Віктар ад неспадзяванасці ўздрыгнуў. Проста на яго, не мігаючы, з тугой глядзела Наташа і з адчаем клікала:
— Алег! Алег! Ты чуеш? Я шукаю цябе! Адгукніся!
Віктар быў уражаны да глыбіні душы. Наташа пакутуе! Наташа—у горы! Дык значыць яна сапраўды пакахала Алега! А ён? Што яму рабіць?
Віктар падхапіўся з месца і, упіўшыся позіркам у пакутлівы застыглы твар Наташы, нерухома стаяў некалькі хвілін, не ведаючы, што рабіць.
Яна заўважыла Віктара, і да яго слыху раптам даляцеў ласкавы naнылы голас:
— Добры дзень, Віктар! Чаму ты ў каюце? Чаму не шукаеш Алега?
Віктар уздыхнуў, i злосць раптам знікла.
Яму як-бы нехта шапнуў: «Ты забыўся, сябры пазнаюцца ў бядзе».
I ён адчуў сябе вінаватым не толькі перад Алегам, але і перад Наташай.
Заміргаўшы вачыма, Віктар сказаў:
— Наташа, не сумуй, не губляй надзеі! Мы знойдзем Алега! Мы вернемся разам на Зямлю.
Ён бачыў: дзяўчына, пачуўшы яго словы, устрапянулася, ажыла, і ў яе ласкавым позірку можна было прачытаць глыбокую сардэчную падзяку.
Яны стаялі нерухома, доўга глядзелі адзін на аднаго. Засмучоны твар Наташы быў, здаецца, яшчэ прыгажэйшы. Яна прышла сюды ў каюту, праз змрочную ледзяную прастору сусвету, прасіла і патрабавала знайсці, вярнуць на Зямлю Алега.
Віктар быў загіпнатызаваны яе позіркам. I калі яна сказала: «Чаго-ж ты стаіш? Ідзі! Ідзі!» — ён хуценька павярнуўся і стаў апранацца. Калі адчыніў дзверы камеры-шлюза, не ўтрываў і яшчэ раз паглядзеў на экран.