Касмічныя падарожнікі як след адсвяткавалі сваё вяртанне на зямлю. У Роба была двайная радасць: разам з ім за сталом сядзела яго жонка, зноў здаровая і бадзёрая, гатовая дзяліць з Робам усе будучыя радасці i нягоды жыцця.
Макс Вэл, вярнуўшыся на радзіму, вядома, не пайшоў шукаць высокай гары, каб адтуль сказаць сваім землякам вымучаныя ў пакутах думкі аб шчасці i радасцях зямнога жыцця. Ён ажаніўся на Рыверы i разам з ёй паехаў шукаць па Штатах звычайнага, простага шчасця.
А што сталася з Полем Арнолем? Дзе ён? Кажуць, што хоць Поль страціў Элсі, трапіў у няміласць да Уолтэра, але не пакінуў думкі разбагацець, выбраўшы для гэтага самы кароткі шлях. Яго бачылі ў чорных балахонах воіна Нябачнай Імперыі, сустракалі ў багатых дансінгах, дзе ён святкаваў свае поспехі.
I калі ўжо на бягучым рахунку ён меў даволі круглую суму, якая давала магчымасць шырока адчыніць дзверы ў высокі свет, дзе панавалі ўлада і закон, здарылася бяда.
Неяк у горадзе Атланта тайныя агенты Ку-клукс-клана заварылі такую кашу, што паставілі пад небяспеку будучае Нябачнай Імперыі. Поль Арноль спешным парадкам выехаў туды.
Ноччу, у час вялікай вулічнай сутычкі з неграмі, ён быў моцна паранены. Праз суткі Поль Арноль памёр.
Так замкнулася зачараванае кола яго пошукаў багацця і шчасця.