І гэта зразумелі ўсе — што напісаць на помніку? Хто застаўся ляжаць там, у балоце, на Савіным востраве, а хто памёр нядаўна недзе ў Германіі?
Вось аб чым пытаўся дзед Васіль.
— Ну, вось вы і зразумелі… — дзед уважліва агледзеў усіх, кожнаму зазірнуў у вочы. — Незвычайную ты паперыну знайшоў, Віцька. Дзякуй табе за яе. Цяпер…цяпер я ведаю, дзе шукаць свайго сябра.
— Ну, вось, мы дакладна ведаем, што гэты Пітэр не, э-э, Андрэй Кульжа… — стаў разважаць Віталь. — Цяпер трэба…
— Нічога ў цябе не атрымаецца на гэты раз, — спыніў яго Сяргей. — Справа не ў тым, каго пісаць на помніку, а ў тым, каго не пісаць… Так, дзед Васіль?
— Так, сябры мае, так…
– І што ж атрымаецца? Там — нашы вяскоўцы, там — бацька нашага былога дырэктара школы Ганны Дзмітрыеўны… І значыць, некага з траіх нам трэба лічыць… здраднікам? — вымавіла апошнія словы са страхам Жэнька, умольна паглядзела на дзеда Васіля.
Дзед глядзеў ёй у вочы і сумна ківаў галавой.
— Так, унучка. Хоць які і ў чым ён здраднік…
— Але ўсё адно невядома, хто там не пахаваны, — уздыхнуў Віталь.
Дзед Васіль перавёў позірк на Віцьку, спытаў:
— Ты ішоў сюды, вырашыўшы зачытаць нам гэтае пісьмо перад усімі, так? Чаму?
— Я… я не мог адзін рашыць…
— Што рашыць?
Усе глядзелі на Віцьку, чакалі яго адказу, быццам толькі ён адзін ведаў, бо нешта ўтаіў ад іншых.
— Я… — Віцька запнуўся, потым прадоўжыў: — Не разумеў я, напачатку, але, здавалася, тут нешта страшнае было. І я не мог сам рашыць — паказваць гэта страшнае ўсім ці не. Цяпер я разумею — што канкрэтна з’яўляецца страшным. Вось…
Зноў наступіла цішыня.
— А нічога ты не знаходзіў у сваім Інтэрнэце! — раптам проста сказаў Віталь.
— Як гэта?
— А так, — падхапіўся з зямлі Віталь. — Мы не ведаем пра існаванне нейкай невядомай старонкі ў Інтэрнэце, нейкага горада і нейкага Пітэра.
— А што мы ведаем тады?
— Мы ведаем, што там пахаваны партызаны. І мы адшукаем магілу.
— Але прапала чацвёра, а знойдзем — тры!
— Чакайце, — прыпыніў усіх Сяргей. — Тры мы знойдзем, бо іх пахаваў чацверты. А сам чацверты не мог сябе пахаваць. Яго косці расцягнулі за столькі гадоў птушкі і звяры. І нічога дзіўнага.
– І на помніку трэба будзе пісаць усе чатыры прозвішчы! — заключыла Жэнька.
— То будзе падман… — паціснуў плячыма Віцька. — Дзед Васіль, чаго вы маўчыце? Мы ж зусім заблыталіся!
Дзед адказаў не адразу.
— А вы малайцы. А падман… Каго мы абманваем? Гэта Пітэр сам аб сабе сказаў, што ён аднойчы памёр на Савіным востраве партызанам. А потым… давайце пачакаем. Вось даплывём туды, там, можа, што і большае зразумеем.
— А пакуль — маўчым, — ці то спытаў, ці то прапанаваў Віцька.
— Вядома, маўчым! — загарэўся Віталь. — уяўляеце, што будзе, калі мы вернемся з тоні і раскажам, што адшукалі магілу партызан!
І раптам сам засаромеўся свайго прадчування славы. Зніякавела дадаў:
— Ну, мы ж не таму, каб праславіцца, туды плывём… Так атрымалася…
Дзед кашлянуў, усе запытліва ўтаропіліся на яго.
— Вось што, мальцы… Паслухайце мяне, старога. Няхай Віцька адшукаў там дакумент у сваім камп’ютэры. Адно мы можам сказаць: у тым дакуменце кажацца аб тым, што на Савіным востраве пахаваны партызаны. А колькі пахавана — гэта іншая справа. Што за дакумент? Ну, успаміны некага. Дарэчы, атрад наш збіраўся пасля блакады тыдні два. А нехта і ў іншым атрадзе аказаўся. І той, хто не з намі быў, мог нешта пра пахаванне ведаць. А лёс людскі — заблытаны… Так што… не будзем хлусіць і ад людзей такую навіну цалкам хаваць. Але і разносіць яе па вёсцы няма сэнсу. Не ўсякаму, хто пытае, адказваць трэба. А адказваючы, пра тое кажы, пра што пытаюць. А пра што не пытаюць — пра тое і прамаўчы. Тады не трэба будзе нікога падманваць. Ну, як, прымаеце такі план?
— Гэта тое, што і трэба!
— Правільна, Васіль Яўменавіч.
— Вось і добра…
— Значыць, ведаем мы сёння, што на Савіным востраве ёсць магіла партызан. І больш нічога, — і нечакана спытаў: — Віцька, колькі год таму было гэта напісана?
— Напісана, што матэрыял надрукаваўся дзевяць год таму.
— Дзевяць, значыць… — стары задумліва паўтарыў: — Дзевяць год…
Віцька з Жэнькай зазбіраліся дадому — трэба было яшчэ шмат спраў зрабіць па гаспадарцы.
А Віталь пабег дахаты па другой прычыне — маляваць схему Ведзьмінай тоні і складаць план дзеянняў.
К вечару ён прыйшоў да Сяргея ўжо з аркушам паперы ў руках.
Частка 15
— Пастаяннае месца стаянкі мы зробім на Заечым востраве, — Віталь расклаў на зямлі прыблізны накід плана Ведзьмінай тоні.
Ён гаварыў аб іх будучым паходзе на Ведзьміну тоню сапраўды як ваенны камандзір аб плане стратэгічнай аперацыі: кожнае слова, адчувалася, было прадумана і пралічана.