— А як тут пабудзеш? — развёў рукі дзед Васіль. — То во нядаўна асушылі, дык да першага вострава дайсці можна стала. А раней — багна усюды… Ды толькі цяпер во даведаліся хлопцы, што ёсць пахаваныя на адным востраве. Раней думалі — у багне прапалі…
— Справа… — працягнуў задумліва старшыня. — Азадачыць вас ехаў, а вы мне толькі задач наставілі…
— Ды што вам клапаціцца, Рыгоравіч? Вось бацька Віталі нам сёе-тое падкіне, наколькі можна да вострава, там перанясём, ды ўсе справы…
— Не, Яўменавіч, не ўсе гэта справы, — адмоўна і цвёрда пакруціў галавой старшыня. — Гэта ўвогуле не справа, калі магілу партызан раз у 60 год наведваюць, калі яны ў балоце пахаваны… Вы не думалі, каб перазахаваць? — нечакана спытаў ён.
— Перазахаваць?.. — задумаўся на хвіліну дзед Васіль і ўзяўся ўсё ж круціць сабе цыгарку. — Яно б было правільней, — загаварыў ён, набіваючы тытунь у паперу. — Усе ж нашы землякі, вяскоўцы…
— Ну, тады два дні вы пачакаеце, мётлаў мне навяжаце, а за гэты час мы абмазгуем справу больш сур’ёзна. Да пабачэння, бывайце, хлопцы.
Загуў матор, у садзе зноў стала ціха. Дзед Васіль аб нечым думаў, зацягваючыся тытунём. Нарэшце ён дакурыў, глянуў на прыціхлых Сяргея і Віталя.
— Што, мальцы, здаецца, пачалі мы з нічога, а справа аказалася вунь якой… Ну, будзем жыць — пабачым. А цяпер давайце пакуль мётламі зоймемся. Значыць, за вёскай, там дзе сметнік, маладыя бярозкі параслі… то дам я вам два вялікія нажы. Насечаце мне голля. Я пакуль ручкі для мётлаў пашукаю. Акуратна голле сячыце, бярозак не глуміце, ніжняе толькі… З ранку заўтра прыходзьце…
— От, стары, няма табе спакою, — з лёгкім асуджэннем прагаварыла баба Адарка. — Сядзеў бы ды яблыкі рэзаў…
— Парэжам і яблыкі, — адмахнуўся дзед Васіль. — Зробім усё, абы было здароўе…
Назаўтра раніцай Сяргей з Віталем ішлі вуліцай па бярозавае голле нейкі час моўчкі.
— Слухай, на самай справе, так усё павярнулася! — у захапленні сказаў Віталь.
— Што, ты ўжо аб тайне астравоў не думаеш? — усміхнуўся Сяргей. — Гарачы ты надта.
— Ды нічога я не гарачы. Астравы нікуды ад нас не дзенуцца… Уяўляеш, калі на самай справе трэба будзе перазахоўваць партызан…
— Не ўяўляю, я такога ніколі не бачыў.
– І я не бачыў… Магілу раскопваць будуць…
— Хто будзе? — прыпыніўся раптам Сяргей.
Віталь паціснуў плячыма.
— Не ведаю… Нам жа не дадуць…
— Чаму не дадуць?
— Не ведаю… Я па тэлевізары неяк бачыў, то там дарослыя былі, нейкі спецыяльны атрад…
Рэзалі вецце з бярозак, здаецца — на дваццаць мётлаў хапіла б, ледзь прынеслі. А дзед Васіль глянуў — сказаў, на пяць штук. Тады Віталь узяў свой мапед. Пакуль Сяргей наразаў вецце, ён адвозіў вязанкі на надворак дзеда Васіля. Наскладвалі добрую гару.
Нэла прабыла з бабай цэлы дзень: ірвалі казе пустазелле, збіралі яблыкі, кармілі куранят. Вячэраць усіх запрасіла баба Адарка: гарачыя бліны з яешняй.
Сяргей клаўся спаць у сваім будане, адчуваючы, што яго жыццё напаўняецца нечым важным, змястоўным. Увесь заўтрашні дзень быў распісаны: што рабіць і калі. Хвіліны вольнай не заставалася.
А з хаты зноў даносіліся абрыўкі п’янай лаянкі. Маці ён не бачыў ужо тры дні. Яна не падыходзіла да будана…
Частка 16
.
Маці прыбегла запыханая, узрушаная, калі ўжо ўсе сядзелі за сталом і даядалі боршч.
— Божа, ну няма ім больш клопату, — незадаволена бурчэла маці, мыючы рукі. — Тут і так з гэтым 60-годдзем спраў столькі, што не прадыхнуць. Не, давай выдумляць, праславіцца яны хочуць…
— Ты пра што, мам? — спытала Жэнька, калі маці села за стол.
— Уяўляеш, — маці павярнулася да бацькі, быццам не пачула Жэньку: — У сельсавеце літаральна кожны дзень распісаны: што рабіць, куды ісці. Абход ветэранаў рабі, помнікі і магілы прыбяры, пафарбуй, паднаві, агароджы папраў… А ні грошай, ні людзей! На вучнях-старшакласніках выязджаем. І вось сёння нас збіраюць і перад намі выступае Зарэмба, старшыня калгаса. Я вам, кажа, усё даваў, што ні прасілі: фарбу, цэмент. А вы мяне чаго, кажа, абманваеце? У нас ва ўсіх вочы круглымі сталі. Хто яго абманвае? Мы што, свае дамы фарбуем? А ён раптам пытае: хто з нашых землякоў пахаваны ў балоце, на астравах Ведзьмінай тоні? А ў нас няма такіх даных. І тут Зарэмба пачынае нас сароміць. Маўляў, стары дзед ды малыя збіраюцца наведаць тыя астравы, паставіць там помнік, а мы, дэпутаты Савета, не ведаем нават, хто там пахаваны. Уяўляеш?
— А адкуль старшыня ведае аб планах дзеда і хлопцаў? — ніколькі не ўзрушана спытаў бацька.
— Не ведаю, адкуль! — нервова адказала маці. — Бачу, цябе гэта не кранае. Дык дадам: у Зарэмбы з’явілася ідэя перазахавання тых партызан! І зрабіць гэта менавіта ў дзень 60-годдзя вызвалення Беларусі.
— Праўда? — захваляваўся цяпер бацька. — Вось малайчына!
— Малайчына!? Ты разумееш, што ўся наша падрыхтоўка ляціць к чорту? Сцэнарый, распрацаваны і ўзгоднены ў райвыканкаме, — к чорту! Колькі нерваў і часу на гэта пайшло — к чорту!
Маці ўжо крычала.
— Ты еш, — сказаў спакойна бацька. — Нічога страшнага няма. Іншае пытанне: як рэальна зрабіць перазахаванне…