Кiн пакiнуў пласцiнку на стале i вярнуўся ў сенцы, дзе стаяў куфар з адзеннем.Ён выцягнуў адтуль боты, шэрую кашулю з тонкай вышыўкай каля каўняра, потым спытаўся ў Жуля:
- Ну што? Калi пададуць энергiю?
- Пасля семнаццацi.
18
- Ведаеце, - сказаў Кiн вечарам, калi падрыхтоўка да пераходу скончылася, - давайце глянем на горад яшчэ раз, час жа ёсць. Калi даведаемся, дзе ён хавае сваю лабараторыю, зможам спрасцiць версiю.
Шар завiс над скопiшчам саламяных стрэх.
- Дзе ж хаваецца наш алхiмiк? - сказаў Кiн.
- Трэба пачынаць з церама, - вымавiў Жуль.
- З церама? А чаму б не з церама?
Кiн павёў шар над вулiцай у цэнтр горада, да сабора. На вулiцы было бойка i ажыўлена. У лаўках - столькi малых, што дваiм не размiнуцца, гандлявалi адзеннем, жалезным i глiняным таварам, людзi глядзелi, але не куплялi. Натоўп народу сабраўся толькi каля нiзенькiх дзвярэй, з якiх рыжы мужчына выносiў бохан хлеба. Пэўна, голаду ў горадзе не было - асада пачалася нядаўна. Некалькi ратнiкаў валаклi да гарадской сцяны вялiкi медны кацёл, за iмi iшоў дзед у высокiм шлеме, згорбiўшыся пад вязанкай дроў. Коннiк на вараным жарабцы махнуў нагайкаю, прабiваючыся цераз натоўп, з-пад жывата ў каня вёртка выскачыў карлiк - князеў блазан, выскалiўся, прыцiснуўся да плота, пастрашыў кулаком ездака i тут жа працiснуўся ў лаўку, набiтую гаршкамi i мiскамi.
Кiн хуценька прабегся шарам па верхнiх пакоях, а ў iх - як венiкам усiх вымелi - толькi нейкiя нахлебнiкi, сонныя служкi, дзеўка з балеяй, старая з кульбаю... запусценне, цiшыня...
- Эвакуiравалiся яны, цi што? - спытаўся Жуль, адхiлiўшыся на iмгненне ад пульта, якi стрымана падморгваў, бурчаў, нiбыта Жуль вёў касмiчны карабель.
- Вы да зорак лятаеце? - спыталася Ганна.
- Дзiўна, - не звярнуў увагi на пытанне Кiн. У невялiкiм кутнiм пакоi, якi меў такi выгляд, быццам сюды ў спешцы панакiдалi розных рэчаў - куфроў, цюкоў, кашоў, нарэшце пашанцавала знайсцi знаёмых. На невысокiм драўляным крэсле з высокаю простаю спiнкаю сядзела пажылая панi, накрыўшы ногi мядзведжай шкурай. Гатычная прыгажуня ў закрытай, апушанай вавёрчыным футрам малiнавай сукенцы з сярэбранымi вытканымi кветкамi стаяла каля невялiкага акенца, гледзячы на царкву.
Пажылая дама гаварыла штосьцi, i Жуль правёў пальцамi над пультам, рэгулюючы гучнасць. Кiн спытаўся: - Якая мова?
- Старажытнапольская, - адказаў Жуль.
- Гора, гора, за грахi нашы кара, - гаварыла, сплюшчыўшы павекi, пажылая панi. - Гора, гора...
- Супакойцеся, цётка, - адклiкнулася з акна дзяўчынка.
Нафарбаваны твар пажылой жанчыны быў нерухомы.
- Казаў жа твой бацька пачакаць да восенi. Як жа так, як жа так, мяне, старую, у думках пакалечыла. Абдзялiў мяне божа сваёй мудрасцю... А дзе ж наша дружына ды верныя слугi... Млосна, млосна...
- Магло быць горш... - Дзяўчына дакранулася доўгiмi пальцамi да размаляванай праснiцы, што стаяла побач, i задумлiва пацягнула касмык воўны. - Магло быць горш...
- Ты пра што думаеш? - спыталася старая, не расплюшчваючы вачэй. Усхваляваў ён цябе, рыжы д'ябал. Грэх у цябе ў галаве.
- Ён князь, ён храбры вiцязь, - сказала дзяўчына. - Дый няма граху ў маiх думках.
- Грэшыш, грэшыш... Дасць бог, дабяруся да Смаленска, упрашу брата, каб пакараў ён разбойнiкаў. Колькi гадоў я дома не была...
- Цi хутка служба скончыцца? - спыталася дзяўчына. - У русiнаў такiя доўгiя службы.
- Наш абрад вiзантыйскi, урачысты, - сказала старая. - Я вось памяняла веру, а часам пакутую. А ты выйдзеш за княжыча, пяройдзеш у яго веру, мае грахi замалiць...
- Ах, пустая размова, цётка. Вы, русiны, легкаверныя. Ну хто вас ратаваць будзе, калi ўсе думаюць, што мы ў палоне ў летаў. Захопяць нас мечаносцы, горад спаляць...
- Не дай божа, не дай божа! Жахлiвы будзе гнеў караля Лешкi.
- Нам жа будзе ўсё роўна.
- Хто гэтая Магда? - спыталася Ганна. - Усе пра яе гавораць.
- Хутчэй за ўсё сваячка, можа, дачка польскага караля Лешкi Белага. I ехала ў Смаленск... Давайце паглядзiм, цi не ў царкве князь?
Перад расчыненымi дзвярыма сабора сядзелi калекi i жабракi.
Шар пранiк цераз сцяну сабора, i Ганне здалося, што яна адчувае пах свечак i ладану. Iшла служба. Змрочнае святло дрыжала за сшною свяшчэннiка ў вышытай залатой рызе.Яго павялiчаны цень пакалыхваўся, засцiлаючы фрэскi суровых чорнабародых старцаў, што глядзелi са сцен на людзей, якiя напоўнiлi невялiкi сабор.
Раман стаяў поруч з князем, наперадзе, яны былi амаль аднолькавага росту. Губы ў чарадзея ледзь варушылiся.
- Вароты слабыя, - цiха гаварыў ён князю. - Могуць не вытрымаць. Ведаеш?
Князь зморшчыўся:
- На вулiцах бiцца будзем, у лес уцячом.
- Не выйдзе. У iх на кожнага твайго дружыннiка пяць чалавек. Кальчужных. Ты ж ведаеш.
- Таму што тады лепш бы i не пачынаць. Прадумай яшчэ што. Агнём iх спалi.
- Не магу. Запас скончыўся.
- Ты купi.
- Няма дзе. Мне сера патрэбна. А па яе ехаць трэба далёка.
- Тады чаруй. Ты чарадзей.
- Чарамi не дапаможаш. Не чарадзей я.
- Калi не чарадзей, то чаму цябе ў Смаленску палiлi?
- Зайздросцiлi. Папы зайздросцiлi. I манахi. Думалi, што я золата раблю...