Брачыслаў помніў — у той самы дзень, калі судзілі валхвоў, і падзея гэтая таямніча звязвалася з жыццём унучкі Ірвідуба. Ён падбадзёрыў старога:
— Дай толькі Пярун удачы, і памаліся заўтра ў царкве, каб не было за гэтыя дні дажджу!
Ірвідуб здзіўлена паглядзеў на князя; у ягоных вачах засвяцілася надзея і разам з тым нібыта боязь. Ён павольна выйшаў з-за стала, пакланіўся і знік у дзвярах. Князь, забраўшы лучыну, пайшоў да сябе. Отрак памкнуўся быў за ім, але князь павёў брывом, і той палахліва адступіў.
Прайшоўшы сенцы, Брачыслаў пачуў голас. Ён прыслухаўся: гаварыла карміліца Няжата. Яна, відаць, толькі што паклала спаць ягоных дачок і расказвала ім нешта. Усяслаў нячутна падышоў да дзвярэй. Голас Няжаты, ціхі, глыбокі, дрымотна расцякаўся па апачывальні:
— Дняпро — то брат нашай Дзвіне. І яшчэ адна сястра ёсць у яго — Волгай празываецца. Сіроты яны ўтраіх былі, хадзілі-хадзілі па зямлі і ўсё шукалі, дзе б можна было разліцца вялікімі рэкамі. Што вы думаеце? Знайшлі! Знайшлі і начаваць ляглі ў балотах. Але сястрыцы былі хітрэйшыя за брата: як Дняпро заснуў, яны паціху ўсталі, занялі лепшыя мясціны і пацяклі сабе. Устае раніцай брат, зірнуў навокал — як кінецца наўздагон! Злаваўся-злаваўся, курожыў берагі, а пасля супакоіўся, дайшоў сабе да мора. Праўда, шмат затое ў яго віроў ды вытокаў.
— А як жа сястрыцы? — падала сонны голас адна з князёўнаў.
— А сястрыцы разбегліся ў розныя бакі, ратуючыся ад пагоні, і больш ужо не сустракаюцца, — адказала Няжата і хацела ўскочыць, убачыўшы ў дзвярах Брачыслава, але ён кіўнуў галавой і, перадаўшы ёй лучыну, стаў над шырокай спальнай лаваю, дзе, утуліўшыся ў пярыны, засыналі ягоныя дочкі. Яны расплюшчылі вочы і, пазнаўшы бацьку, пацягнуліся да яго. Брачыслаў абедзвюма рукамі абхапіў дзяўчынак, удыхнуў іх цёплы, духмяны пах і ўсміхнуўся сваёй нечаканай пяшчоце.
— А мы давайце зробім, каб брат і сястра сустрэліся, — паўжартам прапанаваў ён дочкам.
— Давайце! Давайце! — запляскала ў ладкі малодшая.
— А як, татачка?
Але Брачыслаў ужо вярнуўся ў свой заўсёдашні стан занепакою, — потым падумаем! Ціха апусціў дачок, пацалаваўшы іх на развітанне, і, забраўшы лучыну, пайшоў.
Думкі яго вярнуліся да Нялюбы, і ён успомніў, як здзівіла яго ў мінулым годзе адна знаходка. У вярхоўі Палоты, за паўдня хадзьбы ад Полацака, убачыў аднойчы князь дзіўныя яміны, а падышоўшы, пазнаў у ямінах фарбы, якімі малююць іконы — жоўтую вохру, чырванаватую умбру. Гэта не здзівіла б, калі б у маленькім жаночым слядочку, што выразна ўпячатаўся ў гліну, не ўбачыў ён кавалак залатога шнура. Тады ён доўга думаў, што за жанчына была тут, удалечыні ад людзей, і чаму яна займалася такою нежаночай справай, але, калі прыйшла да іх Нялюба, ён аднойчы заўважыў у яе на руцэ нейкую жаўтаватую пляму, падобную да той, якімі пакрыты быў бераг Палоты. І вось сёння, слухаючы жонку, ён імгненна звязаў у адно ўсе гэтыя разрозненыя падзеі.
— Назаўтра конь каб быў, — буркнуў ён халопу, які падскочыў, каб распрануць князя, і, кінуўшыся на цвёрдую сваю лаву, імгненна заснуў.
Назаўтра ён загадаў сыну:
— Возьмеш аружаносца — і ўдвух дзяўчыну каб прывезлі!
— Чаму я, бацька? — запярэчыў семнаццацігадовы Усяслаў. — Не мая справа з вар’яткамі важдацца!
— Вучыся ўладарыць! Вучыся, гледзячы ў вочы людзей, адгадваць іх самыя патаемныя думкі! Сам вырашы, што з ёю рабіць, а я — пагляджу!
Малады княжыч паклікаў з сабою Алексу і грыдняў.
Алекса быў незадаволены.
— Пашто не княжацкімі справамі займаешся? — спадылба зіркаў ён і са злосцю торгаў каня, бо ў гэты дзень спадзяваўся ўволю пастраляць з лука. Усяслаў даваў яму пабурчаць, бо Алекса адзіны, каго ён лічыў за роўню, а часам і вышэй сябе, па-добраму зайздросцячы воінскаму яго ўмельству. Высокі, прысадзісты, сын каваля нібыта ўрос у сядло і здаваўся Усяславу падобным да магутнага кентаўра, якога ён бачыў у кнігах, праўда, кентаўра маладога і прыгожага. Доўгія русыя валасы пушыліся ў Алексы на плячах, цёмныя бровы былі густыя і надавалі яму выгляд хмурны і дзёрзкі.
— Не адна па табе будзе сохнуць, маладзец, ды нешта ты свае стрэлы любіш болей, — не раз дражніліся жанчыны, але Алекса толькі зняважліва хмыкаў і пераводзіў размову на іншае. І цяпер ён дзяліўся з князем:
— Як зловім дзеўку, за касу яе і на плошчу, і пугу побач. Хто хоча, хай перацягне…
— Баярскую дачку? — насміхаўся Усяслаў.
— Хай сабе і баярскую…
— На плошчу — і пугу побач?
— А што ж — заслужыла!
— Не, — пасур’ёзнеў Усяслаў. — Баярскі сорам хаваць ад простай чадзі трэба за сямю пячаткамі, так, каб ніхто і думаць не адважваўся, нібыта людзей сатварыў бог роўнымі. І біць іх, баярскіх дачок, не на плошчы, а ў цёмным порубе, і так, каб на твары слядоў не было, каб людзі бачылі іх недаступнымі і ў золаце — на тым і княжацкая ўлада трымаецца…
— Ну так, так! — падняў галаву Алекса. — Калі нехта заб’е маю маці, то заплаціць не віру, а так — слёзы. А калі гэтую… дзеўку, то вунь колькі золата з яго возьмуць — ажно дзесяць грыўнаў!
Твар Усяслава пасуровеў.