Па Полацаку папаўзлі чуткі, што Усяслаў — князь мацнейшы за епіскапа: іменна ён выгнаў быццам бы чорта з унучкі славутага Ірвідуба. Праўда, дзяўчына калі-некалі з'язджае ад княгіні, але кіруе заўсёды ў сялецкі манастыр. Там ёсць для яе келля, ключ ад якой у яе адной. Кажуць яшчэ, што, ратуючы душу сваю, адкупіла Нялюба ў візантыйскіх купцоў некалькі іконаў, роўных якім няма нават у кафедральнай царкве, і падарыла манастыру.
Падслухаў нехта з чалядзінцаў, як шчыравала перад сынам княгіня, дапытваючыся, якімі чарамі ён вылечыў дзяўчыну, і як рагатаў стары князь, дазнаўшыся ісціну. Куплены ў Іерусаліме кавалак дрэва — нібыта з самой труны гасподняй — ён наказаў аддаць Нялюбе, а ўсцешаная княгіня аж да раніцы любавалася іконай, прывезенай з манастыра. Сыну ж і яго аружаносцу падарыў Брачыслаў па хітоне, толькі ў Алексы быў плашч той не з аксаміту, а з валянай воўны, дый каўнер з лісіцы, а не з собаля.
І так і не зразумеў Алекса, чаму і навошта дазволілі дзеўцы-вар'ятцы маляваць іконы? І шкадаваў яе, і пагарджаў. Ды ў кожнага свой лёс — чакаў ён і Алексу, пільнаваў, не спускаючы вачэй…
Восенню быў паход, а ў тым паходзе загінуў яго старэйшы брат, Пуцята. Пасівела маці. Сагнуўся каваль Таміла.
Радаваўся бацька, калі прыходзіў дадому Алекса.
— Адзіны сын ты цяпер у мяне… — сказаў аднойчы, і вочы заслязіліся. Паўтарыў раздумліва:
— Адзіны… І той у воях. Хай бы зямлю абрабляў. Ці жалеза. Ці гліну. Чаму ж мне такое?
І ўпаў на калені перад Сварогам:
— За што?! Божа, за што ты караеш гэтую зямлю. Ёсць жа, відаць, месца, дзе няма вайны — дзе шукаць яго.
— Бацька, без вайны мужчыны парахнеюць і робяцца рыхлымі, як порхаўкі! — трохі зняважліва пачаў супакойваць яго Алекса. Але, калі перад ім на калені ўпала маці, пасур’ёзнеў:
— Што гэта вы?
Пачаў паднімаць маці, а тая, абдымаючы яго ногі, прасіла:
— Ты ж хоць беражы сябе… Прападзе наш род… Дзеўкі замуж пырснуць — і ўсё, лаві іх.
І дадала з нечаканай сілай:
— Жаніся ты, ці што?!
І зноў паблажліва выгаварыў Алекса:
— Паход будзе восенню, вось што!
І паспяшаўся да выхада. Бо толькі зрэдзь, калі-нікалі, удавалася Алексу ўпотай ад княжацкіх чалядзінаў пабываць на сваёй Вадзяной вуліцы, у бацькоў. Кожны раз, калі бачыў сваю хату, нібы ўрослую ў зямлю, бярозу, што цягнулася ўвысь ля невысокага ганка, бачыў ля бажніцы счарнелых ад дыму Рода і парадзіх — шчымела сэрца.
— Бацька, ты б падлогу наслаў ці плот новы ўсчаў, — не раз казаў ён, аддаючы старому сярэбраныя і медныя куны, што назапашваў на службе. Шчодры быў княжыч, нічога не шкадаваў для малодшых отракаў; і ўсё аддаваў Алекса ў сям’ю. Але за гэты час амаль нічога не змянілася ў хаце, адно замест жоўтых бычыных пузыроў блішчалі ў вузенькіх акенцах слюдзяныя пласцінкі ды стаяла ля палацяў вялікая распісная скрыня, дзе штогод прыбаўлялася дзявочых убораў, упрыгожванняў ды ручнікоў — што ладзілі сёстры ды куплялі бацькі. Стары Таміла цяпер меўся выдаць дачок не за простых смердаў — як-ніяк, сын отрак у княжацкай дружыне! А сёстры, Радасць і Ручаіна, апошнім часам выцягнуліся, як маладыя гонкія дрэўцы, і, нібы дрэўцы, наліліся сакавітай сілай. «Па чатырнаццаць вёснаў — хаця б не заседзеліся ў дзеўках!» — бедавала маці. «Не заседзяцца! — суцяшаў бацька. — Не знойдзем багатага, знойдзем хоць беднага, свайго. Як ёсць грошы, то і крывую, і сляпую возьмуць. А нашы ж гладкія, што цялушкі, а вачмі ажно стрыгуць. Толькі б на якім ігрышчы не ўмыкнулі куды далёка».
Маці ўздыхала. Яна заўсёды як баялася чаго, нават хадзіла бліжэй да сцяны і рэдка пярэчыла ў чым гаспадару і дзецям. Яна верыла, што дочкам пашчасціць у жыцці — нездарма ж калі гадалі на жыта Радасці, то кінуўся певень не да вады, а да зерня, значыць, будзе ў яе гаспадар добры, не п'яніца. А ў Ручаіны будзе муж багаты, бо, калі гадалі на яе, падышоў певень да залатога пярсцёнка — а як яна баялася, што падыдзе да меднага — к жабраку-мужу было б тое!