Ён вырас пасярод сьцежкi вялiкi, магутны й пагрозьлiвы. Ад нечаканасьцi, зь перапалоху хацела крыкнуць, кiнуцца ў густую сьцяну збажыны, але абамлелi, ацяжэлi ногi. Стаяла дрыжачая, няпэўная. Было ў гэтага дзяцюка нешта, што скоўвала яе волю, паралiжавала рухi. Буян, крамольнiк, вязень, начная птушка, крот, што ад уладаў вечна скрываўся, ён у памяцi ейнай юнацкай неадступным гаспадаром стаяў, як нiхто iншы верадзiць сэрца маладое патрапiў. I каб нi бацькi…
— Ага, птушачка, злавiў! — сустрэў ёмкi, звонкi голас. — Што-ж, думаеш уцiкаць цяперака ад мяне? Паспробуй!
Не жартавалi валадарныя, наважаныя вочы. Энэргiчнасьць вiдаць была i ў шырокiх, прыцiснутых поўных вуснах i навет у нябрытым падбародку. — Ты што-ж гэта за старога, крэкчучага ханжу пашла? За зямлi кусок, га? Табе што, мая любоў — гэта гной пад нагамi, каторы таптаць можна?
Прыгадвалася пасьля, што кiнулася ў бок iнстынктоўна, без папярэдняе развагi. Колькi ў нагах моцы, бегла нацянькi праз жыта. Сьцёбалi па твары каласы, займала дыханьне. I як спынiла бег, вялiкiм малатком бiла сэрца ў грудзёх. Усьведамiла, што не так самога цялеснага Сабакевiча, як свае слабасьцi баялалася. Адна маленькая неразвага дый ня будзе павароту назад. Сьведамасьць здрады чалавеку, што гадамi бацькам ей мог быць, iржой разьесьць будучыню. I задаволеная была, што ўстрымалася. Былi сустрэчы й пазьней, але заўсёды на бок ладзiла вiхнуць.
Аж прысядаў, залiваўся браханьнем Мурзiк перад дзьвярмi сяней. Раптам заенчыў, у бок адскочыў. Енк суправодзiў басiсты, злосны Косьцiкаў мат. Марыля забылася пра Валодзьку, заядла таўкла мак, а ў сэрцы нарастала трывога. Пачуўся кароткi й моцны стук у дзьверы. Затрымаўся ў млоснай руцэ над ступай таўкач i мацi разгубленым позiркам кiнула на сына.
Шырака адчынiлiся дзьверы й цьвёрдым, упэўненым крокам увайшоў у пакой Сабакевiч. Чырвоны, новенькi, вышываны ля каўняра кажушок, расшпiленая кашуля, з-пад шэрай кепкi пазiралi буйныя валосы. Косьцiкавы вочы пабеглi насамперш па пакоi, затрымалiся на Валодзьку й пасьля павандравалi на Марылю.
— Што-ж гэта нi адчыняеш? Нi пазнала можа?
Марыля загарэлася чырваньню ў твары й пазiрала ўнiз.
— Сама дома?
Голас намагаўся трымаць лагодным, хоць няцяжка было спасьцерагчы, што рабiў гэта з намаганьнем.
— А ты што, ня ведаеш? Мусiць падпiлнаваў, калi так сьмела ў хату лезеш.
— Што такое падпiлнаваў?
— Ды што майго дома нiма.
— Чорт яго, тое старое парахно, пiлнаваў. Думаеш баюся яго цi што?
— Ну дзе-ж табе баяцца…
— Во, во, правiльна кажаш, Марыля, баяцца мне нiма каго, асобiнна такога старога кулака, як твой.
Косьцiк зрабiў пару крокаў, затрымаўся перад Марылiным сынком. Малы баязьлiва пазiраў на вялiкага дзядзьку ў чырвоным кажуху.
— Як гэта кулака? — адвярнулася Марыля ад ступы.
— Гэ-гэ, — усьмiхннуўся Ромкаў гаспадар. — А ты-ж, дурненькая, мусiць i нi панiмаiш. Гэтак савецкая ўласьць называiць людзей, каторыя многа зямлi й багацьця маюць ды чужы труд iспользуюць. Эксплуататары. Памiмаiш? Гэта ўрагi народа. Iх на Сiбiр вывозяць патаму, што яны процi гасударства. Да, врагi народа, iцi iх маць! I твой тожа ўраг народа, кулак!
Вiд заклапочанай, прыгнечанай нечаканым цяжарам ягоных словаў жанчыны мiла казытаў Косьцiка недзе ў грудзях. Гэта тая самая, некалi пераборлiвая дзеўка, пышная ластавачка-гарэза, каторую яму, Косьцiку, нiяк не ўдалося ў рукi свае цапнуць. Цяперака-ж яна вось вось гэтта перад iм, у ягонай сiле. Выцягвай руку й бяры, гарнi да сябе. А як пахарашэла, як увыдатнiлiся яе ранейшыя прывабнасьцi. Мусiць праўду кажуць, што жаночая прыгажосьць пасьля першага дзiця расьцьвiтае. Гэтак i Марыля. Як дрыготка-прываблiва ходзяць пад тонкай паркалёвай поўныя, тугiя грудзi, як пахарашэў увесь ейны стан i навет, здаецца, папрыгажэлi ногi. I цяпер яна, гэта цаца, "расавая кабыла" поўнасьцю ўжо ягоная, бо нiкуды ад яго не ўцячэ.
Юрлiвым туманам зацягнула дзяцюковы вочы. З салодкай сьведамасьцi, што некалi недаступная дзяўчына цяпер поўнасьцю ягоная, думка раптоўна таўханула ў зусiм iншы бок. Вось пад нагамi вывадак. Цюцелька ў цюцельку парабок Вася. Значыцца стары кулак-ханжа навет i ў пасьцелi ня змог… Косьцiкава каляровае ўяўленьне рэзкiмi штрыхамi намалявала недаступную яму калiсьцi ластавачку-мару ў абдымках нямоглага й крэкчучага Сявенькi. Стары, недалужны клоп на красцы прыгожай. А Васiль парабок, на помач яму… Нешта кальнула Косьцiку пад грудзьмi. А жанчына вось аж дрыжыць ад жаданьня, ёй адно давай ды давай… I за што так жыцьцё згнаiла? За зямлю? Дзе тая зямля цяперака? I чаму-ж яна, — чыстая, прыгожая, жыцьця поўная, — яму першаму не трапiла? Яму — народнаму гэрою, за лепшае шчасьце змагару… Належала-б так. Сьцiснулiся вусны.
— Гэта за тое, што зямлю маюць, дык на Сiбiр iх? — пыталася Марыля. Дык што-ж, зямлi мець няможна? Учорака-ж сам, мусiць, людзям зямлю раздаваў.
"Сама мяне вядзець", — думаў Косьцiк. — "Трэба памалу, намёкамi, страху нагнаць, паволi ўсю гэну гордасьць стаптаць. Каб на каленях памiлаваньня прасiла… во як!"
— Гэта чый? Васiлёў? — спытаў рэзкiм тонам.
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы / Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза