Читаем Закрываўленае сонца полностью

Загорны пацягнуў з пляшкi, заторкнуў яе, улажыў у кiшэню суконнай сьвiткi й шлёпнуў Янука моцна па плячы.

— Нi бядуй, кажу. Цяплей во на такiм надвор'i стаяць будзiць. Выгналi-ж во, шэльмы. Завуч i пiянерважаты ўжо вушы абляпалi ўсiм, што абавязкова зьявiцца маюць, толька пажар, патоп цi сьмерць могуць быць апраўданьнем, калi хто ня прыдзiць, — усьмiхнуўся Загорны. — Дык вiдзiш як ёсьць, а гэтта яшчэ пакрапiць можыць, дык i будзiць тады табе акцябарская на ўсе застаўкi.

Янук ужо добра адчуў мутны прылiў у галаве й цяпло па цэлым целе. Вельмi дадатна ўплывала на яго й пагодлiвая Лявонава натура. Гэты нiколi носа ня вешаў. Янук ведаў, што хлапец жыў у дабрабыце, асаднiкавых кароў ня пасьвiў. Параўнаньня зь Януковым жыцьцём быць не магло.

Далучылiся да грамады. Ля брамы гулкi сiпаты голас кiдаў вучням нейкiя загады. На перадзе калёны вецер гуляў з чырвоныымi сьцягамi, ззаду йшлi розныя транспарэнты й Сталiнавы партрэты.

— Кажу, наплюй на ўсё й прыхадзi ў школу, — бубнеў побач Лявонаў голас. — Мусiць ужо скора пойдзiм.

— Добра табе казаць, наплюй на ўсё. Нi так яно проста, — жалiўсё Янук.

— Ну а што? Ня пойдзiш цяперака, дык цэлы год прападзець. А дома неяк i бiзь цябе збойдуцца. Кажу, прыходзь!

— Добра, падумаю, — сказаў Янук нянадта пераконлiвым голасам.

Школьная калёна тройкамi паволi рушыла на дарогу. Ля чыгункi зачынiлiся вароты й чакалi пакуль перапаўзе даўгi вайсковы цягнiк. Цэлы марш да рынку трываў з паўгадзiны. Янук iшоў побач Лявона i ўжо адчуваў як суцэльна ўлiўся ў вучнёўскую грамаду. Лявон меў слушнасьць, шкада трацiць цэлы год навукi.

Гацкiя жыхары павыходзiлi на вулiцы, пазiралi на вучняў. Ад рынку даляталi гукi духавой аркестры. Гэта гралi мясцовыя пажарнiкi. Янук прыгадваў тых польскiх пажарнiкаў, што калiсь у залатых, зьзяючых на сонцы шлёмах гралi на "дзень канстытуцыi" — трэцяга мая, або ў хмарны дзень «непадлегласьцi» — адзiнаццатага лiстапада. Цяпер-жа людзi, што дзьмухалi ў трубкi блiзу трыбуны, ля якой стоўкся лес сьцягоў, транспарэнтаў i Сталiнавых партрэтаў, апранулiся ў чорнае й ня мелi зьзяючых шлёмаў.

Палова рынку запоўнiлася людзьмi. Мiж выбранага тузiна на трыбуне, вайсковых i цывiльных, Янук спасьцярог Маршалкава, Сабакевiча й Саладуху.

Аркестра прыцiхла й да мiкрафону падыйшоў чарнявы вайсковы палiтрук. Гэтага Янук знаў даўно, сустракаў на перадвыбарных зборках. Палiтрук пачаў гаварыць паволi й мерна. Тэма, якую давялося чуць ранней, гэтым разам асаблiва нацiскала на "вялiкi акцябар". Людзi прамову слухалi спакойна, аглядалiся на пагражаючыя хмары.

"…велiкая октябрьская соцiалiстiческая революцiя положiла основанiя новой жiзнi, создала могушчественную страну рабочiх i крестьян i она сегодня под руководстваом самого умнейшего в мiре учiтеля i отца всех народов, товарiшча Iосiфа Вiссарiоновiча Сталiна iдет…"

Пры згадцы крамлёўскага валадара тыя, што стаялi на абвешанай чырвоным палатном трыбуне, быццам на каманду заплёскалi ў далонi. Iх падхапiлi блiжэйшыя ад трыбуны й плёсканьне завяла на плошчы.

"…i несёт освобожденiе всем трудяшчiмся мiра. Так как вы долгiе лета ожiдалi освобожденiя от белопольского панского iга, так точно ожiдают сейчас освобожденiя i порабошчённые всего мiра. Оно, это освобожденiе непременно прiдёт, iбо…"

— Алi-ж, братка, брэшыць ён як шарманка накручаная, — таўхануў Лявон пад бок Янука.

— Мусiць усiх iх добра на той самы лад накруцiлi, — адказаў Янук.

Пасьля палiтрука выступаў Маршалкаў i Саладуха. Рослы, дужы Саладуха адно разагнаўся басаватым гулкiм голасам, як нарэшце разгневалася неба. Нiзка паўзучыя хмары лiнулi густым сьцюдзёным дажджом. Як на каманду, людзi з рынку пачалi расплывацца на ўсе бакi. Некторы час басiў яшчэ, а неўзабаве змоўк i Саладухаў голас.

26

Каляднiца ўзялася за гаспадарку паволi. Руплiва пазьмятала лiсьце й iншы расьлiнны хлам ля платоў, хатаў i гумнаў, падчысьцiла лысыя гарбы на палёх i нiвах. Добра абнiзiўшы тэмпэратуру, трывалка зашклiла ўсе вадзяныя прасторы. Нясьмела пачаў забаўляцца сьнег.

На лiтоўскiм лузе, дзе малеча ўзялася ладзiць калаўрот на галалёдзiцы, сьнег сыпаў дробным, колкiм у твар макам, а вецер плёў зь яго крутыя гужы, каторымi сьцёбаў па сiне-празрыстым лёдзе. Халадзеча даймала праз даматканыя сьвiткi неданоскi, кажушкi, лезла празь дзiркi ў ботах, шчыпала-пякла ў твары. Халадзеча ня толькi ня спынiла, але навет не запаволiла дзiцячага мурашнiку ля калаўроту. Першы лёд — першая вялiкая радасьць. Гулкiм звонам лiлiся дзiцячыя галасы ля аглоблi калаўроту. Каторым ня было як за аглоблю ўзяцца, тыя за вопратку чапалiся. Хвост напружваўся, гнуўся, танцаваў, рваўся, канькамi лёд крэмзаў. Каторыя-ж ня мелi канькоў, тыя сунулiся падэшвамi ботаў-неданоскаў. Вэрхал над лугам стаяў несамавiты.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Ханна
Ханна

Книга современного французского писателя Поля-Лу Сулитцера повествует о судьбе удивительной женщины. Героиня этого романа сумела вырваться из нищеты, окружавшей ее с детства, и стать признанной «королевой» знаменитой французской косметики, одной из повелительниц мирового рынка высокой моды,Но прежде чем взойти на вершину жизненного успеха, молодой честолюбивой женщине пришлось преодолеть тяжелые испытания. Множество лишений и невзгод ждало Ханну на пути в далекую Австралию, куда она отправилась за своей мечтой. Жажда жизни, неуемная страсть к новым приключениям, стремление развить свой успех влекут ее в столицу мирового бизнеса — Нью-Йорк. В стремительную орбиту ее жизни вовлечено множество блистательных мужчин, но Ханна с детских лет верна своей первой, единственной и безнадежной любви…

Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер

Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы / Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза