Стащил кто-то! Последние копеечки стащил, меджду протчим, и русские, и немецкие. Завтра хоть ты зубы на полку положи.
Действие третье
Явление I
Гануля — Гарошка
ГАРОШКА. Аб чым жа, тое-гэта, хацеў я сказаць?
ГАНУЛЯ. А нешта нейкае аб высяленні была ў цябе, сваток, гутарка спачатку.
ГАРОШКА. Ага, успомніў. Дык вось, як нашы гэткім чынам апошні суд з князем прайгралі, пачалося тое высяленне. Але як, свацейка, пачалося? Нашы ўсё роўна не хацелі пакідаць сваіх сяліб. Ну што ж? Нагналі гібель казакоў, сам нават спраўнік з Менску прыехаў. Тады ўсе мужчыны і ўсе кабеты, найболей старэйшыя, паклаліся ўпоперак вуліцы: «Хай высяляюць! — сказалі сабе гэтак — Хай праз нашы галовы ўвойдуць ў нашы родныя хаты!» Ну, разумецца, казакі не спалохаліся гэтага. Рынулі ўсёй гурмай на конях праз ляжачы народ, а за імі прыстаў на сваёй вараной тройке. На капусту людзей зрэзалі і на кашу з зямлёй змяшалі. Бацька і маці мае таксама там засталіся.
ГАНУЛЯ. Мы наракаем, што цяпер цяжка жывецца, а як падумаеш, дык і ўперад не вялікі мёд быў.
ГАРОШКА. I чамярыца яго ведае, як гэта неяк хітра на свеце устроена! Паны былі польскія, законы — рускія; польскія лаюць[31]рускіх, рускія лаюць польскіх, а як прыйдзе што да чаго, каб нашага простата чалавека пакрыўдзіць, дык і польскія і рускія ў адну дудку граюць.
ГАНУЛЯ. Ды яно ж гэтак, мой сваток. Каму па каму, а нам, казаў той, дык два камы.
ГАРОШКА. Наш настаўнік, Янка, дык той без ніякага нічога як тапаром сячэ: «Пакуль, кажа, не зробімся самі гаспадарамі, датуль ніякага ладу ні складу ў нас не будзе». Гэты настаўнік добры і дужа разумны чалавек, але трохі галава яго нечым заведзена, бо мала, што сам носіцца, як кот з салам, з усялякімі мудрымі думкамі, дык яшчэ, як на тое ліха, і маёй Алёнцы ў галаве ўсё дагары нагамі перакуліў. I цяпер тая ўжо, як папуга, паўтарае за ім: «Будзем самі сабе гаспадарамі!»
ГАНУЛЯ. Звычайная рэч[32], мой сваток. Маладое піва заўсёды шуміць.
ГАРОШКА. Так яно, так. Але найчасцей ад гэтага шуму нам, бацькам, галава баліць. Я табе шчэ не казаў, мая свацейка, што ў мяне апрача Аленкі быў і сын — Юрка. Удалы дзяцюк[33] быў, ах які ўдалы! I таксама шумеў, занадта ўжо шумеў. I што? Самахоць[34]за німашто асіраціў мяне. Служыў тады ён у Маскве на нейкай фабрыцы. А там — помніш — у дзевяцьсот пятым годзе пайшлі забастоўкі ды іншыя непарадкі. Як людзі казалі, і мой Юрка не адстаў. Вылез на вуліцу і давай з іншымі на чым свет шумець і крычаць «Зямлі і волі!» Разумеецца, за такі крык жандармы і зжылі яго з гэтага свету. Кажу свайму настаўніку, што во да чаго шум і крык такі даводзіць, а ён смяецца: «Бо, кажа, твой Юрка за чужую зямлю і волю шумеў і крычаў, а не за сваю, дык нічога з гэтага і не выйшла».