— Ты звар'яцеў... — нібы папікнула, але зусім міралюбна, пачакала крыху, а пасля дастала з-пад блюзачкі ягоную руку i лёгка ўдарыла яе. — Яна не будзе болей даваць сабе такую волю?
— Яна не можа не цягнуцца да цябе, — калі зноў пацалаваліся, прамовіў ён, адчуваючы, як закалацілася сэрца ды сухая цяплынь хлынула да твару ад гэтай хвалюючай гульні. — Хадзем...
Не выпускаючы з абдымку, павёў яе, паслухмяную, у залю.
— Шаленец, — прамовіла Алеся ўжо там, бачачы, якую волю ён дае рукам. — Пачакай. Не спяшайся. Чуеш, не спяшайся. Ну, чаму ты зусім не слухаеш?
Міхась усё чуў, разумеў, што, сапраўды, варта быць больш спакойным, але ад узбуджэння ўсё болей i болей траціў развагу, ажно затрымцеў ад таго, што яна вось ужо ляжыць, дазваляе яму ўсё — прагінае спіну, прыпадымае клубы i ўскідвае ўверх рукі i, урэшце, застаецца толькі ў станіку. Яе целу зусім непатрэбныя змрок альбо якая-небудзь накідка, цяпер, пры дзённым святле, Алеся выглядала зусім не мініяцюрнай, а мела ўсё, што трэба для прывабнай жанчыны: ёмкія пруткія загарэлыя сцёгны i акруглыя клубы з палоскай ад купальнага касцюма, не поўны, але i не худы, з аксамітнай гладдзю ды з прыгожым пупком жывот, а пад станікам цясніліся, як адчувалася, моцныя грудзі, што вельмі ўпрыгожвалі яе цела, рукі былі спрытныя, як i шыя, якую яшчэ амаль не кранулі маршчыны. Алеся заплюшчыла вочы, ужо дазваляючы яму i любавацца ёю, i моцна сціскаць ды імкнуцца плоццю да яе яшчэ не зусім падатной плоці, трымцець i пазнавацца імкліва ды ўтрапёна. Як i трэба было чакаць, раптоўная гарачыня запаліла ды азарыла, але i неўзабаве асляпіла найвышэйшай сваёй успышкаю...
— Выбачай, — праз хвілю прашаптаў з вялікім, можа, вядомым толькі адным мужчынам сорамам, уткнуўся ў яе пульсуючую шыю. — Сам не ведаю, чаму ўсё якраз так... Мабыць, успыхнуў порахам...
— Мабыць, — ціхенька прамовіла Алеся i спагадна пагладзіла далоняй па яго шыі. — Я ж табе казала: не спяшайся. Але ж ты не паслухаў...
— Ты — добрая, — сказаў з падзякай, што яна ўсё разумее i даруе яму такi прыкры промах.
— Якая ж я добрая? — запытала гулліва. — Аддалася чужому мужчыне. Адразу ж. Як толькі ён зажадаў.
— Не адразу. Але цяпер я табе ўжо не чужы.
— Цяпер — не чужы.
— Твой. А ты ўжо мая.
— Твая, спакуснік ты гэтакі.
Пазней, калі ён вярнуўся з ваннай, Алеся ўжо стаяла каля люстэрка ў адзенні i, здаецца, зусім спакойна расчэсвала доўгія рудаватыя, з залацістым бляскам валасы. Праўда, была не толькі пунсовая, а чырванелася вялікімі плямінамі. Калі яна таксама памкнулася ў ванную, дык ён пяшчотна прытуліў яе, i яны аддана, як блізкія ўжо людзі, пацалаваліся.
Затым зайшлі на кухню, дзе ix чакалі загадзя адкаркаваная пляшка венгерскага віна, фужэры, цукеркі.
— Тое, што здарылася, шмат зменіць у нашым заземленым жыцці, Алеся, — калі селі, сказаў ён. — Відаць, нам не варта разводзіцца са сваімі, але... Я ўжо не магу без цябе. А ты?
Яна апусціла галаву i моўчкі слухала ягоную не зусім удалую казань і, перажываючы здраду мужу, пакручвала рукой крышталёвы фужэр. Мусіць, аддалася на волю лёсу ды ягонай, Міхасёвай, апецы.
— Не дакарай сябе, што ты мне такая жаданая, — папрасіў, цягнучыся да яе вуснаў.
— Позна ўжо пра гэта гаварыць, — прамовіла, даючы халаднаватыя пасля віна вусны. — Каб ты быў не такі, дык... Сама ж прыйшла сюды.
— Я кахаю цябе, вабнасць мая. I хачу кахаць зусім па-новаму, так, як яшчэ не кахаў. Павер, у мяне яшчэ нямала пачуццяў, i ix я хачу аддаць табе.
Зноў аддана пацалаваліся, яшчэ трохі выпілі i вярнуліся ў залю. Ён уключыў тэлевізар, сеў каля Алесі, i яны, сплёўшы пальцы, глядзелі на экран — там па першай, маскоўскай, праграме ішоў футбольны матч на чэмпіянаце свету. Адна з каманд была польская, i ў ёй гуляў футбаліст з прозвішчам Алесінага мужа; пачуўшы гэта, яны абое аж уздрыгнулі — канечне ж, ад затоенай віны перад сваімі сямейнікамі, але ўголас не сказалі ні слова, толькі мацней сплялі пальцы i гэтым самым адно аднаму гаворачы без слоў, што яны кахаюць, што іхняя сённяшняя сустрэча не апошняя. Час ад часу цалаваліся — моўчкі, падоўгу. Яе вусны былі спакойныя, столькі ў ягонай уладзе, колькі хацеў ён, але пажадныя. Неўзабаве новы іхні пацалунак зноў закружыў яму галаву, узбудзіў — праз імгненне Алеся была ўжо нават без станіка, асляпіла белізною сваіх сапраўды ёмкіх i тугіх грудзей, апынулася ў ягоным, цяпер ужо спакойным i пяшчотным, абдымку. Яна вельмі чуйна адчула ягоную пяшчотную страсць, ягонае захапленне ёю i жаданне прынесці ёй уцеху i радасць. Цяпер яе плоць ужо не чакала, a ўспыхнула, прагла ягонай разгарачанай плоці; вочы яе былі не заплюшчаныя, нават шырока разамкнутыя, i ў ix заззяў шчаслівы бляск.
Яшчэ нейкі міг Міхась шаптаў ёй пяшчотныя словы, яна таксама адказвала шэптам, а пасля яны заціхлі, аддаючыся пазнанню, здзіўленню i нават нейкай велізарнай урачыстасці, што была спасціжэннем таго, выпеставанага ў марах...
Нечакана Алеся замёрла i паслабіла поціск рук на ягонай шыі: рэзка зазваніў тэлефон. Званок быў міжгародні. Трэба ж, якраз у такую хвіліну.
— Мяне няма дома, — прашаптаў Міхась. — Так?